Вы тут

Жураўлі адлятаюць у вырай


Беларуская восень з жураўліным клінам у паднябессі – самая прыгожая! Пасля непрацяглага адпачынку на балоце Ельня журавы, якія прыляцелі са Скандынавіі,  Балтыйскіх краін і поўначы Расіі, зноў збіраюцца ў далёкую дарогу ў цёплыя краі. Разам з імі паляціць і беларуская папуляцыя журавоў. Недзе на поўдні Францыі, Іспаніі альбо ў афрыканскіх Егіпце і Судане будзе праходзіць птушыная зімоўка.


На бліжэйшых ад Ельні палях цяпер шчыруюць тысячы пар шэрых журавоў. Іхнія пранізлівыя галасы абуджаюць маўклівую восенькую прастору на кіламетры. З гоманам яны паднімаюцца ў неба і аддуль дасылаюць сваё адвечнае “курлы-курлы", наганяючы ў душах людзей святочна-журботны настрой.

Мне давялося паназіраць жураўліную “тусоўку” ў Мёрскім раёне. Яшчэ з вечара нагледзеў прыдатнае месца на засеяным полі з журавамі, спадзяючыся, што назаўтра яны зноў апусцяцца на гэтае ціхае месца. І мой разлік цалкам спраўдзіўся! Раніцай, яшчэ ў прыцемках, я быў ужо на полі і пачаў чакаць асцярожных птушак. Як толькі пачало віднець, з Ельні пацягнуліся адзін за адным жураўліныя кліны.

І вось ужо над самай галавою даносяцца іх рэзкія і хрыплыя  пазыўныя, а самі яны апускаюцца на поле. Некоторыя з іх прызямляюцца далей, за пагоркам, іншыя блізка, амаль побач. Птушкі падыходзілі на край поля, дзе я стаіўся. Мне пашанцавала зазірнуць у дзівосны свет птушак перад іхняй дарогай у няблізкі свет.

Колькі дзён яшчэ будуць гасцяваць жураўлі на Ельні, ніхто дакладна не ведае. Аднойчы птушкі пакінулі гэты край у дваццатых чыслах кастрычніка. Усё залежыць ад надвор’я - ад таго, калі настануць першыя замаразкі.   

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.