Вы тут

Прыватная ініцыятыва


Дачны сезон закончыўся. Стаяць, настываюць сярод халоднага туману прыціхлыя хаты з завешанымі фіранкамі вокнамі, красуюць каля іх шыкоўныя букеты бабінага лета, на якія няма каму любавацца. Вёска апусцела, па ўсёй доўгай вуліцы вечарам рэдка дзе ўбачыш дым над комінам ды агеньчык у акне, дый той хутка згасае: старыя людзі рана кладуцца спаць. Праедзе толькі якая машына разы два на дзень — і зноў цішыня, такая пранізлівая, што чуваць, як кладзецца на зямлю рудаваты ліст, што плаўна спусціўся з суседскага клёна.


Такая вось восеньская сумнаватая карціна. Адзінае, што радуе, — вёска ўсё роўна жывая, дый не памрэ, пэўна, ніколі. Занядбаныя хаты, якія падлягаюць зносу, — гэта не пра нас. Нерухомасць, няхай сабе і 1925 года пабудовы з неабшаляванымі сценамі, за нейкія сорак кіламетраў ад Мінскай кальцавой, — сёння ў цане. Такую хату спадчыннікі прадаюць за шэсць тысяч долараў. Праўда, патэнцыйныя пакупнікі ездзяць-ездзяць, а не купляюць. Але гэта пакуль. На вясну, ды яшчэ калі ў гаспадароў хопіць розуму цану знізіць, ахвотныя абавязкова знойдуцца. Не кажу ўжо пра пустыя незабудаваныя ўчасткі — сёлета раскупілі амаль усё, нават будоўлю распачалі. Час мяняецца, а коласаўскае «зямля не зменіць і не здрадзіць» для беларусаў застаецца ці не галоўным па жыцці дэвізам, прычым маецца на ўвазе менавіта ўласны агарод, хай сабе і ўсяго на шасці сотках...

Нядаўна ў рэдакцыю пісьмо прыйшло ад шматгадовых нашых падпісчыкаў з Гродзеншчыны. Шаноўная Ніна Іванаўна ў апошніх яго радках зрабіла прыпіску: маўляў, не трэба яго друкаваць, я не скарджуся, проста паразмаўляла са сваёй газетай аб набалелым. Але, паколькі ў допісе ёсць ідэя, якую не магу не агучыць, дазволю сабе ўсё ж некаторыя радкі працытаваць (спадзяюся, іх аўтарка на мяне за тое не пакрыўдзіцца).

Вёска, у якой жыве Ніна Іванаўна, знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Раней тут было ўсё: «школа, клуб, бібліятэка, ФАП, аддзяленне сувязі, магазін, цэнтр калгаса». Цяпер з усяго пералічанага застаўся адзін магазін, дый жыхароў для былога цэнтра калгаса няшмат — нейкіх паўтары сотні чалавек. Пошту возіць машына, кнігі — бібліёбус (раз на паўгода), на ФАПе пяты год няма медработніка, клуб як дом культуры не дзейнічае, будынак былой калгаснай канторы стаіць пусты. «Не прыміце гэта ўсё як скаргу, — піша аўтарка ліста, — з усімі выцякаючымі рашэннямі. Гэта бяда не толькі нашай вёскі — час такі настаў». І далей — з-за чаго, уласна кажучы, я і асмелілася гэта пісьмо працытаваць: «Каб знайшоўся добры гаспадар, узяў у арэнду ці купіў усе пустуючыя пабудовы ў вёсцы, пераўтварыў бы яе ў зону адпачынку. Тут жа такое маляўнічае месца — і рэчка ёсць, і сажалка, дзе рыбу разводзілі, і крыніцы з чыстай крыштальнай вадой...»

Упэўнена: так пра свае родныя мясціны могуць сказаць жыхары любой «неперспектыўнай» вёскі. І менавіта ў іх, «неперспектыўных», сёння якраз перспектывы і ёсць. Тыя самыя, пра якія і піша Ніна Іванаўна. Галоўнае, каб для кожнага паселішча знайшоўся, як паважліва называе наша чытачка, «гаспадар». Чалавек, які хоча жыць і працаваць на зямлі і які не пабаіцца ўкласці ў яе развіццё свае сродкі.

Здаецца, і нямала ў нас такіх людзей. Чаму ж тады мы з ахвотай купляем сядзібу з агародчыкам для сябе, а далей думкі і памкненні, нават пры наяўнасці сродкаў і магчымасцяў, не сягаюць? Спрыяльных умоў і прэферэнцый для адкрыцця сваёй справы на вёсцы, асабліва пасля падпісання апошнім часам адпаведных прэзідэнцкіх указаў, больш чым у каго іншага. Чаго ж тады не хапае?

Напэўна, элементарнай смеласці. Пачынаць справу на закінутым будынку ці ўвогуле на пустым месцы складана і рызыкоўна. Цяжка ўявіць, што нешта атрымаецца, што балота ператворыцца ў луг, што завіруе жыццё там, дзе яно некалькі дзесяцігоддзяў згасае...

Нядаўна ў рэйтынгу найлепшых месцаў адпачынку ў СНД у першай дзясятцы аказаўся парк актыўнага адпачынку «Якуцкія горы». Гэта на маёй радзіме, ля вёскі Якуты. Гадоў дваццаць назад мы ўсе са скептычным недаверам назіралі, як хлопцы з мясцовымі каранямі вырашылі ўкласці свой капітал у, здавалася б, безнадзейную справу. Бо «горы» літаральна імі і былі — проста высокія пагоркі сярод лесу побач з «неперспектыўнай» вёскай. Спачатку там зрабілі лыжную трасу з пад'ёмнікам, пасля пабудавалі гасцявы дом, дзе можна было зладзіць вяселле і юбілей на прыродзе, невялікі гатэль. Не адразу — за два дзесяцігоддзі, пакрысе. Снегаходы, квадрацыклы, пейнтбол, лазербол, з дзясятак розных атракцыёнаў, экстрэмальныя камандныя гульні... Адпаведна — і наведвальнасць, і прыбытак, і рэклама, і высокі рэйтынг. І працоўныя месцы для жыхароў вёскі, якую яны самі наўрад ці назавуць сёння неперспектыўнай. За ўсім гэтым — гады пастаяннай упартай працы мэтанакіраваных людзей, якія і не спадзяваліся, што будзе лёгка.

Скажаце, хутчэй выключэнне, чым правіла? Яно і не стане ў нашай свядомасці правілам, і ніякія прэферэнцыі не дапамогуць, пакуль большасць з нас не навучыцца глядзець трошкі далей, чым праз плот утульнага маленькага агародчыка.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.