Вы тут

У Беларусі створаны праект канцэпцыі ўдасканалення і развіцця ЖКГ


У Беларусі створаны праект канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года і прынята рашэнне аб мэтазгоднасці стварэння інстытута па пытаннях камунальнай гаспадаркі пры Акадэміі навук. Пра гэта на адкрыцці рэспубліканскага семінара па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ расказаў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль КАЛІНІН.


На ўсю краіну

— Пераўтварэнні ў ЖКГ павінны адбывацца ўзважана. Усе грамадзяне з'яўляюцца спажыўцамі жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) і прынцыпова ацэньваюць любыя змены ў гэтай сферы. Таму галоўная задача ў рабоце з насельніцтвам — забяспечыць належную якасць паслуг, празрыстасць і абгрунтаванасць фарміравання іх кошту. Для дадатковага вывучэння прапаноў насельніцтва ў Мінжылкамгасе з 18 па 21 кастрычніка працуе прамая тэлефонная лінія. Усе прапановы будуць прыняты ўрадам на кантроль, — падкрэсліў намеснік прэм'ера.

Ён звярнуў увагу, што семінар мае на мэце вызначыць асноўныя кірункі ўдасканалення і развіцця ЖКГ на перспектыву. У прыватнасці, з прыняццем канцэпцыі будзе адкарэктавана існуючая дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады і падрыхтавана новая дзяржпраграма на наступную пяцігодку.

— Мы хочам паказаць самае лепшае, што ёсць у ЖКГ, што працуе і даказала сваю эфектыўнасць і можа быць зроблена ва ўсіх рэгіёнах. Рэалізаваны сучасныя сродкі камунікацыі з насельніцтвам, наладжана работа з цвёрдымі камунальнымі адходамі, арганізавана сістэма аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі, — агучыў задачы семінара і дасягненні ў галіне ЖКГ міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандр
ЦЕРАХАЎ
. — Мы маем рэзервы да зніжэння затрат. Пры планавай мадэрнізацыі і наяўнасці інвестыцый можна дасягнуць яшчэ большых вынікаў: зменшыць расход электраэнергіі, знізіць сабекошт цеплавой энергіі, перавесці сучасныя кацельныя на мясцовыя віды паліва. Гэта элементы, якія неабходна ўкараняць у сістэму па ўсёй краіне.

Перавагі службы 115

Падчас семінара прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў з іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства пабываў у Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама і азнаёміўся з работай адзінай дыспетчарскай службы 115 і функцыянаваннем партала «Мой горад» 115.бел.

— У службы 115 наладжана аўтаматызаваная сувязь з Мінскводаканалам — заяўкі туды трапляюць наўпрост, з Мінскэнерга падпісана пагадненне, але пакуль сістэма не аўтаматызавана да рэжыму рэальнага часу, — расказаў Алег СЯДЗЕЛЬНІК, дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама. — Яны нас інфармуюць пра сваю работу, каб мы маглі аператыўна паведамляць пра гэта грамадзянам. Асабліва важна, каб службы інфармавалі нас аб планавых адключэннях ці аварыйных работах.

— Служба 115 — адзіная кропка камунікацый з насельніцтвам, якую можна рэалізаваць у любым кутку Беларусі з прывязкай да мясцовасці, — падкрэсліў міністр ЖКГ. — Унікальнасць яе ў тым, што ніводная заяўка не застаецца без увагі. Калі некаторыя таварыствы ўласнікаў (ТУ) адмаўляюцца ад аварыйнага абслугоўвання, праз гэта церпяць самі ўласнікі. Немагчыма знайсці старшыню таварыства, калі аварыя здараецца ноччу, таму мінімальны набор паслуг па аварыйным рэагаванні абавязкова павінен аказвацца, нягледзячы на жаданне старшыні ТУ.

Партал «Мой горад» 115.бел працуе ў сталіцы і Віцебску, наладжаны кантакты па стварэнні сістэмы ў Брэсце і Гродне. За 2018-ы запланавана абавязкова падключыць да партала ўсе гарады з насельніцтвам ад 100 тысяч чалавек, а астатнія будуць далучацца па меры гатоўнасці, паведаміў Анатоль Калінін.

Машына-амфібія і вакуумны экскаватар

Спецыялізаваную тэхніку і яе магчымасці анансаваў удзельнікам семінара дырэктар Мінскводаканала Алег АЎРУЦІН.

Машына-амфібія можа касіць траву, чысціць вадаёмы ад водарасцяў, працаваць на мелкаводдзі, рабіць невялікія лакальныя раскопкі, прарэджваць чарот і іншае.

— Два дызель-генератары магутнасцю 200 кВт мы набылі пасля некалькіх аварыйных адключэнняў электраэнергіі. Адным генератарам можна сілкаваць усе павышальныя помпавыя станцыі ў горадзе і лакальныя, каналізацыйныя, ачышчальныя. Праз 30 хвілін такі генератар можна падключыць да любой помпавай станцыі, — расказаў ён.

Лакальную павышальную помпавую станцыю спецыялісты прадпрыемства распрацавалі і сабралі самі. Ёю мяркуецца карыстацца, калі здарыцца аварыя на знешняй водаправоднай сетцы або прападзе электрычнасць. Такая тэхніка жыццёва неабходная, калі гэта здараецца на такіх крытычных аб'ектах, як бальніцы з рэанімацыяй.

— Устаноўка прыязджае да бальніцы, да яе дастаўляюць ёмістасць з вадой, усё падключаецца, і любы аб'ект мы можам паставіць пад ціск за некалькі хвілін. 1-я і 6-я бальніцы і бальніца хуткай медыцынскай дапамогі ўжо абсталяваны злучэннямі да гэтай устаноўкі, — паведаміў дырэктар. — Плануем, што на наступны год усе бальніцы будуць адаптаваны пад гэтую ўстаноўку.

Вакуумны экскаватар незаменны для аператыўных раскопак у месцах з вялікай колькасцю камунікацый. Простымі словамі, гэта вялікі прамысловы пыласос, які можа капаць на глыбіню
да 40 метраў, не пашкоджваючы пракладзеныя сеткі. Да таго ж экскаватар можа працаваць з вільготным грунтам. Цяпер гэтая машына працуе амаль у кругласутачным рэжыме.

Аб удасканаленні работы з камунальнымі адходамі ўдзельнікам семінара расказалі на смеццеперапрацоўчым сартавальным заводзе непадалёк ад палігона «Трасцянецкі», а функцыянаванне цеплавой гаспадаркі яны пабачылі на кацельнай у Бараўлянах.

Сёння семінар працягне сваю работу — з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Да навуковага ўзроўню

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.