Вы тут

Галерэя «Універсітэт культуры» адсвяткавала 15-гадовы юбілей


Днямі адсвяткавала свой 15-гадовы юбілей галерэя «Універсітэт культуры», што знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі. Творчым вернісажам распачаўся цыкл мерапрыемстваў, што будуць прысвечаны юбілею галерэі. А на выстаўцы «З творчасцю ў жыцці» прадстаўлены работы выкладчыкаў, выпускнікоў, сённяшніх студэнтаў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Дарэчы, у наступным годзе чакаецца яшчэ адзін юбілей — 25-годдзе кафедры!


Дырэктар галерэі «Універсітэт культуры» Павел Сапоцька.

— Галерэя «Універсітэт культуры» сёння працуе як адна з цэнтральных пляцовак нашага горада, — адзначыў на адкрыцці выстаўкі прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч. — Гэта адзін з эпіцэнтраў міжнародных і культурных камунікацый, які бліскуча рэалізуе свае задачы. Безумоўна, у галерэі ёсць крэатыўны, цудоўны дырэктар Павел Сапоцька. Гэты чалавек — знаходка і для ўніверсітэта, і для гуманітарнай навукі (хутка абароніць дысертацыю). Да таго ж ён цудоўна арганізуе работу галерэі. Безумоўна, усе кафедры ўніверсітэта, асабліва творчыя, вартыя таго, каб выстаўляцца і дэманстраваць сябе. І ў галерэі сапраўды быў прадстаўлены цэлы феерверк дасягненняў — мастацкіх, творчых, музычных, выяўленчых, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кіно.

У экспазіцыі прадстаўлены адметныя, выкананыя ў незвычайных тэхніках творы жывапісу, графікі, керамікі, тэкстылю, батыку, саломапляцення, роспісу па шкле. Кожны зможа знайсці тут твор мастацтва, які прыйдзецца яму пад густ. Куратарамі выступілі Ала Непачаловіч і Тамара Васюк — тыя людзі, што займаліся арганізацыяй самай першай выстаўкі, што адбывалася 15 гадоў таму.

Куратары выстаўкі Ала Непачаловіч і Тамара Васюк.

— Кожная выстаўка мае сваё аблічча і свой характар, — заўважыла Тамара Васюк. — Калі перад намі паставілі задачу пачаць з гісторыі, то ў працэсе мы зразумелі, што ў нас сапраўды ёсць гісторыя, што яна сфарміраваная. Мы ўжо вызначылі напрамак і заклалі глебу — калі ёсць падмурак, аснова, значыць, уся будоўля будзе трывалая. Так у нас і атрымалася. За аснову мы ўзялі народную творчасць — а гэта велічыня, якая ніколі не падманвае, яна чыстая, як усё мастацтва. Мастацтва ўвогуле пачынаецца з чысціні і шчырасці. Калі ўчора мы завяршалі працу над экспазіцыяй, мы адчулі задавальненне і радасць. Хочацца, каб усе, хто наведае выстаўку, адчулі тое ж.

Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў выстаўкі — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рыгор Шаура, прафесар, уладальнік медаля Францыска Скарыны Уладзімір Гардзеенка, прафесар, член міжнароднай гільдыі жывапісцаў Уладзімір Рынкевіч і іншыя.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўніверсітэта культуры і мастацтваў Рыгор Шаура заўважыў:

— На кафедры працуюць дактары навук, прафесары, дацэнты, кандыдаты навук — інтэлектуальная эліта высокага класа. І ў той жа час мастакі. Што мы ствараем і як працуем — некаторыя работы выкладчыкаў можна ўбачыць на выстаўцы. Аднак з кожным годам творчых здабыткаў робіцца ўсё больш і больш. Яны з цяжкасцю памяшчаюцца ў выставачнай прасторы, таму мы іх дорым, раздаём — адным словам, эстэтызуем прастору.

Падаецца, сапраўднай творчасці, асабліва звязанай з народнай культурай, з нашымі вытокамі, шмат не бывае. Таму выстаўкі варта наведаць, — каб яшчэ раз убачыць сваё, беларускае.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Ігара КАЛАШНІКАВА

Загаловак у газеце: «Мастацтва пачынаецца з чысціні і шчырасці»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.