Вы тут

Японскія выбары


У нядзелю прайшлі выбары ў парламент Японіі. Іх вылучаў шэраг важных асаблівасцяў.


Першая з іх у тым, што гэта былі датэрміновыя выбары. 25 верасня прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ абвясціў аб роспуску парламента і правядзенні новых выбараў у кастрычніку. Галоўнай прычынай называюць жаданне прэм'ер-міністра выкарыстаць спрыяльную магчымасць — рост рэйтынгу пасля працяглага перыяду яго падзення на фоне карупцыйных скандалаў у кіруючай партыі. Рост рэйтынгу стаў магчымы на фоне геапалітычнага крызісу: сітуацыя з КНДР знаходзіцца на адным з пікаў за шмат гадоў, і цяпер гаворка ўжо ідзе пра дзяржаву, якая валодае ядзернай зброяй, і ў гэтым ніхто больш не сумняваецца. У адрозненне ад мінулых гадоў, калі часта заяўлялася, што ядзерныя выпрабаванні ў КНДР з'яўляюцца проста блефам.

Пры гэтым упершыню за шмат гадоў ракеты КНДР падчас выпрабаванняў праляцелі над тэрыторыяй Японіі, што выклікала паніку ў краіне. Не варта забываць і пра тое, што ўпершыню за шмат гадоў амерыканскі прэзідэнт уступіў у асабістую сварку з паўночнакарэйскім лідарам, і ўзаемныя абразы ў іх не спыняюцца. Усё больш ваенных сіл ЗША падцягваецца да змешчанай побач з Японіяй КНДР, і японскія выбаршчыкі выдатна разумеюць, што ў выпадку чаго Японія будзе адной з самых прынадных мішэняў для КНДР. Па-першае, значэнне маюць гістарычныя прэтэнзіі вышэй названай краіны, якія сфарміраваліся пасля цяжкіх дзесяцігоддзяў пад японскай акупацыяй у ХХ стагоддзі. Па-другое, на тэрыторыі Японіі вялікая колькасць амерыканскіх ваенных, галоўнага саперніка КНДР. Сіндза Абэ на фоне крызісу прадэманстраваў лідарскія якасці, так неабходныя разгубленаму насельніцтву ў няпросты час, што і прывяло да росту яго рэйтынгаў. Карупцыя ў Японіі была заўсёды, і мала хто верыць, што з ёй зможа справіцца любая партыя, якая прыйшла да ўлады, але быць на парозе вайны і прымаць правільныя рашэнні значна важней.

Другой асаблівасцю стаў самы вялікі працэнт датэрміновага галасавання ў гісторыі парламенцкіх выбараў у краіне. Сам інстытут датэрміновага галасавання з'явіўся параўнальна нядаўна, у 2003 годзе, але набывае ўсё большую папулярнасць у выбаршчыкаў. Гэтым разам больш за 20 працэнтаў выбаршчыкаў выкарыставалі зручную магчымасць не стаяць у чэргах у дзень выбараў, што адпавядае агульнаму трэнду ў многіх краінах свету, якія таксама выкарыстоўваюць пры правядзенні выбараў такую опцыю для электарату.

Трэцяй асаблівасцю стала галасаванне, якое ўпершыню ў гісторыі краіны прайшло для выбаршчыкаў не з 20 гадоў, а з 18. Рэформа была заклікана павысіць пачуццё грамадзянскай адказнасці ў японскай моладзі на фоне насельніцтва, што імкліва старэе ў краіне, якая знаходзіцца ў групе лідараў па падзенні нараджальнасці.

Сіндза Абэ прадэманстраваў, што выдатна разбіраецца ў настроях электарату. Яго кіруючая кааліцыя (Ліберальна-дэмакратычнай партыі і партыі Камэйта) атрымала пераканаўчую перамогу ва ўсіх канкурэнтаў. Па папярэдніх даных, ёй атрымана 313 з 465 дэпутацкіх мандатаў, што азначае фарміраванне парламенцкай большасці, ды яшчэ і з дадатковымі магчымасцямі. Кантроль дзвюх трацін месцаў у парламенце азначае магчымасць унясення змяненняў у Канстытуцыю. І ў Сіндза Абэ ёсць такія планы. Ужо даўно ён настойвае на тым, каб адмовіцца ад палажэнняў Канстытуцыі, паводле якой у Японіі афіцыйна арміі няма. На самай справе армія ў Японіі даўно ёсць, проста завецца яна Сіламі самаабароны. Дзявяты артыкул Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім Японія адмаўляецца ад вайны як сродку вырашэння канфліктаў і адмаўляецца ад валодання ўласнай арміяй, ужо не здаецца дарэчным на фоне адносін з КНДР, якія рэзка абвастрыліся.

Аднаўленне аўтарытэту кіруючай кааліцыі азначае і тое, што існуюць вялікія шанцы на далейшае паляпшэнне адносін Японіі і Расіі. У апошнія гады шмат было зроблена, каб выправіць сітуацыю, у якой у дзвюх краін няма нават мірнага дагавора пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

Для Беларусі істотных змен не прадбачыцца, пакуль новы, прасунуты характар адносін Японіі і Расіі не стане рэальнасцю. Ёсць шэраг фактараў, якія робяць нашы адносіны больш стрыманымі, чым нам хацелася б. Перш за ўсё блізкія адносіны з Расіяй, у якой ёсць даўняя спрэчка з Японіяй па Курыльскіх астравах. Па-другое, цесныя адносіны з Кітаем, які з'яўляецца натуральным канкурэнтам Японіі ў Азіі. Па-трэцяе, далёкія ад бліскучых нашы адносіны з ЗША, якія з'яўляюцца найважнейшым саюзнікам Японіі.

Тым не менш у сферы эканомікі выбудаваныя нармальныя рабочыя адносіны. Па выніках 2016 года аб'ём беларуска-японскага тавараабароту склаў 124,3 млн долараў ЗША, у тым ліку экспарт беларускіх тавараў — 11,9 млн долараў. Прыемна адзначыць, што стала нашмат больш відаў тавараў, якія адпраўляюцца з Беларусі ў Японію.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.