Вы тут

Сусветная прэм’ера — па-беларуску!


У сусвеце кінематографа працягваюць адзначаць адну з найважнейшых падзей у сусветнай гісторыі — 500-годдзе кнігадрукавання. З гэтай нагоды праект «Беларускія ўікенды» прадстаўляе сапраўды ўнікальную кінападзею: упершыню на вялікія экраны ў беларускай агучцы выйдзе прэм’ерны фільм.


Для маштабнай прэм’еры абралі нідэрландскую карціну «Шторм: палаючы ліст». Фільм зняты ў 2017 годзе, але распавядае пра гісторыю 500-гадовай даўніны: гледача запрашаюць у атмасферу позняга сярэднявечча, дзе на фоне кастроў інквізіцыі разгортваецца гісторыя ўратавання рукапісу вядомага рэфарматара Марціна Лютэра. 12-гадовы Шторм Вотан паспрабуе выратаваць каштоўны ліст ад знішчэння, а свайго бацьку-кнігавыдаўца — ад інквізіцыі. Сюжэт сур’ёзны, стужка абраная невыпадкова: гэта найперш прыгодніцкі фільм, які перакрыжоўваецца з важнай для беларусаў падзеяй — 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Менавіта гэты факт дадае яшчэ большай сімвалічнасці паказу «Шторма» ў беларускамоўнай агучцы.

Прэм’ера стужкі адбудзецца 27 кастрычніка, а паспець убачыць кіно можна да 8 лістапада ў шасці сталічных кінатэатрах: velcom cinema, абодвух Silver Screen, а таксама ў «Аўроры», «Беларусі» і «Маскве». У лістападзе «Шторм» выйдзе ў рэгіянальны пракат.

У такім выглядзе праект «Беларускія ўікенды» рэалізуецца ўпершыню за ўвесь час свайго існавання: паказы пройдуць у некалькіх кінатэатрах Мінска, а час пракату фільма не абмяжуецца выхаднымі — працягнецца амаль два тыдні! Кіраўнік праекта «Беларускія ўікенды» Андрэй Кім адзначыў, што «Гэта стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы той велізарнай цікавасці, якой карыстаюцца ўсе мерапрыемствы ў рамках “Беларускіх ўікендаў”, і, вядома, дзякуючы актыўнай падтрымцы з боку нашых партнёраў».

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.