Вы тут

Шматдзетная сям'я пра тое, чаму не прамяняе вёску на горад


Аграгарадок Ясень наогул багаты на маладыя сем'і. Прычым, што асабліва прыемна, шматдзетныя. І калі з іншых вёсак моладзь бяжыць у горад, то тут як раз наадварот. Магіляўчанка Ларыса Дубінчык у сярэдзіне 90-х прыехала ў Ясень, каб адпрацаваць пасля ўніверсітэта два гады, але засталася на ўсё жыццё. І ні кропелькі не шкадуе.


Хадзіў да рэпетытара, а знайшоў жонку

Гэта цяпер яна дакладна ведае, што лёс спецыяльна накіраваў яе сюды, каб сустрэць сваю палавінку. А тады маладзенькая выпускніца магілёўскага МДУ імя А. Куляшова марыла толькі аб адным: каб быць бліжэй да дома і клапаціцца пра сваіх не вельмі моцных на здароўе бацькоў. У Магілёў да іх ездзіла кожны выхадны дзень. І раптоўна стала звяртаць увагу на статнага прыгажуна ў міліцэйскай форме, які часта трапляў ёй на вочы на гэтым жа паўстанку. Спачатку яны проста пераглядаліся, потым пачалі ўсміхацца адно аднаму. Магчыма, іх адносіны засталіся б на гэтым узроўні, калі б не выпадак.

— Я жыла на здымнай кватэры разам з яшчэ адной настаўніцай — па рускай мове, і аднойчы на парозе з'явіўся ён, — усміхаецца Ларыса. — Як потым аказалася, Аляксандр вырашыў падцягнуць свае веды па рускай, каб паступіць у тэхнікум. Мая калега пагадзілася дапамагчы. Ён пад яе кіраўніцтвам пісаў дыктоўкі, а потым мы ўтраіх пілі гарбату. Непрыкметна дыктоўкі адышлі на другі план, і пачаліся нашы рамантычныя сустрэчы. Да чыгуначнай станцыі, дзе ён жыў, было каля 4 кіламетраў, але на спатканні, сцвярджае мой сённяшні муж, нават не хадзіў — бегаў. Пасядзім, пагаворым, пагуляем па вёсцы, і ён зноў бяжыць дахаты. Ніякае надвор'е — дождж, снег, вецер — не перашкаджала нашым сустрэчам. Кожны свой выхадны ён быў у мяне. Аляксандр вельмі сціплы, сарамлівы, нават прапанову стварыць сям'ю першай агучыла я. А яшчэ быў момант, калі мы за некалькі тыдняў да вяселля сур'ёзна пасварыліся. Разгубленасць, адчай, крыўда — эмоцыі перапаўнялі мяне. Але калі ён праз некалькі гадзін прыйшоў прасіць прабачэння, я ўсё яму даравала. І ні разу не пашкадавала аб гэтым за 17 гадоў сумеснага жыцця.

Бабулін пярсцёнак

Жыццёвай мудрасці Ларысу навучыла бабуля. Яе рана выдалі замуж — у 16 гадоў, за мужчыну, якога яна не ведала. І яны пражылі разам усё сваё жыццё. Не было нават думкі развесціся або паскардзіцца. На памяць ад яе ўнучцы застаўся шыкоўны пярсцёнак. «Ручная работа, — круціць у руках залатую  рэч Ларыса. — Мне яго матуля перадала, а я аддам старэйшай дачцэ — Ганне. Бо перадаецца ён выключна па жаночай лініі. Гісторыя яго з'яўлення ў сям'і, на жаль, невядомая. Дзядуля, напэўна, вельмі кахаў сваю жонку, калі купіў такую дарагую рэч. Яна каштавала аж 33 рублі — вялікія грошы па тых часах.
А жылі яны вельмі сціпла. І бабуля вырашыла, што пярсцёнак стане абярэгам для будучых пакаленняў. Цяпер вось ужо і маёй маці няма, а памяць засталася».

— Сям'я — гэта самае важнае ў жыцці любога чалавека, — лічыць Ларыса. — Мяне вучылі, што муж — гэта той чалавек, з якім ты павінна быць і ў горы, і ў радасці. Мае бацькі — прыклад самаахвярнай любві. Калі маці хварэла, тата гадамі яе даглядаў, нават не думаў пра развод. І гэтую рысу яны нам з братам перадалі. Нават калі вельмі цяжка, трэба трымацца адно аднаго.

Мае бабуля з дзядулем жылі па-рознаму, але выхавалі пяцярых дзяцей. Траіх з іх страцілі ў гады вайны. Шмат гора пабачылі, але заўсёды заставаліся разам. Бабуля была вельмі веруючая жанчына, ведала шмат замоў. Дзіця дрэнна спіць — трэба пачытаць малітву ад спалоху, ад сурокаў. Сама бабуля малілася за здароўе кожнага члена сям'і, пералічвала ўсіх па імёнах. Я, калі начавала ў яе, чула гэтыя гарачыя малітвы. А ў маёй маці была цёплая рука, калі яна нас з братам лячыла. Мы рэальна адчувалі гэту гаючую энергію.

«Мама — артыстка, у таты — залатыя рукі»

У Ларысы і Аляксандра трое дзетак — пятнаццацігадовая Ганна, дванаццацігадовы Юрый і трохгадовая Волечка. Дзяўчынка адразу ж прынесла нам скрыню з цацкамі: «Паглядзіце, што мне тата падарыў!» Ганна паказала свае малюнкі. У яе пакойчыку яны ўсюды — на сценах, у сшытках, альбомах. Часта сяброўкі просяць намаляваць якую-небудзь знакамітасць. І яна ім не адмаўляе. А яшчэ вышывае і іграе на гітары. Юру больш падабаецца нешта выпальваць на фанеры, нават у гурток запісаўся. Паралельна таксама займаецца музыкай, іграе на баяне і акардэоне. Волечка пакуль не вызначылася з хобі, але любіць танцаваць і іграць на цацачным сінтэзатары. Творчыя схільнасці ў дзецях ад маці. Яна закончыла школу з мастацка-архітэктурным ухілам, а яшчэ з 6 да 20 гадоў сур'ёзна займалася танцамі. Ёсць нават дыпломы і граматы. На адным з фота, дзе яна ў балетнай пачцы, так і напісана — Ларыска-артыстка. У Ясені ўсе гэтыя веды спатрэбіліся. Адзін час шматдзетная маці нават вяла гурток танцаў у вясковай школе. Яна іх ведае шмат, у тым ліку беларускіх. Можа запаліць «Лявоніху» або станцаваць «Бульбу».

— Усе святы адзначаем толькі дома, стараемся нікуды не хадзіць, да сябе ў госці запрашаем, — кажа Ларыса. — Дзецям расказваем пра сваіх бабуль і дзядуль, пра нас. Некалькі гадоў таму, калі ў нас толькі нарадзілася Волечка, знялі відэаролік на конкурс «Найлепшая сям'я».

Пра вялікую сям'ю Ларыса марыла яшчэ ў юнацтве. І з мужам адразу ж вызначыліся, што дзяцей у іх будзе столькі, колькі бог дасць. Таму, калі ў 36 гадоў зацяжарыла Волечкай, нават не сумнявалася — нараджаць!

Раней у сям'і была двухпакаёвая кватэра — асабліва не разгорнешся. Але памянялі яе на дом і цяпер не нарадуюцца. Ёсць дзе і пагуляць, і сілы прыкласці. У Аляксандра наогул залатыя рукі. Вунь пад вокнамі пабудаваў шыкоўную пясочніцу, зараз збіраецца змайстраваць горку, зрабіць для сына турнік. Тэрыторыя вакол дома ўвогуле накшталт клуба па інтарэсах. Асноўную частку займае вялікі газон, дзе ёсць месца для дзіцячых гульняў і заняткаў спортам. Ёсць і градкі. Але не зусім звычайныя, у выглядзе вялікіх скрынь, дзе растуць перац, агуркі, памідоры, кроп і шмат чаго іншага карыснага.

— Пакуль іх 9, плануем яшчэ некалькі зрабіць, — удакладняе Ларыса. — Зручна накрываць, падвязваць, апрацоўваць ураджай, ды і бруд у дом на нагах не носіш. Стратэгічны запас з кансерваваных дароў прыроды ўжо чакае свайго часу. На палічках у кладоўцы можна знайсці нават варэнне з барбарысу. І цэлая батарэя слоікаў з агуркамі-памідорамі і бярозавым сокам.

— У вёсцы жыць адно задавальненне, — кажуць Ларыса з Аляксандрам. — Шмат моладзі, у кожнай сям'і па 3—5 дзяцей. Мерапрыемствы наведваем. Сельскі клуб недалёка. Тут усё побач.

Ганна запэўнівае, што ў яе тут агітбрыгада яшчэ тая. Сваіх аднагодкаў хапае, плюс прыязджаюць з горада на выхадныя. Разам гуляюць у валейбол або шпацыруюць па вёсцы вясёлай кампаніяй.

— Летам я хаджу з сябрамі на рэчку, — падхоплівае размову Юра. — Або можна каля дома з мячом пагуляць.

— У нас моладзь не сумуе, у клубе спяваем, танцуем, — кажа Ларыса. — Тут весела. У горад не хочацца зусім. Там мітусня, машыны. — Дамоў прыязджаеш і радуешся — раздолле!

— Пераязджаць у горад нават не думаем, — запэўнівае Аляксандр. — Навошта? Каб жыць у інтэрнаце і на ўсё скардзіцца? Мы тут аселі канкрэтна і не збіраемся нікуды з'язджаць.

Дарэчы, наш візіт супаў з днём нараджэння гаспадара сямейства. І Аляксандру было асабліва прыемна, што ў такі важны для яго момант сям'ю наведала звяздоўская «Сямейная газета».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Адзін — і на ўсё жыццё

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.