Вы тут

Найлепшыя даяркі ў «Віраўлянскім» зарабляюць больш за $500


Багатых людзей і буйныя фірмы нашай краіны не раз заклікалі ўкладваць грошы ў беларускую глыбінку. Тым больш што пры гэтым гарантуюцца падтрымка, прэферэнцыі на розных узроўнях улады, у тым ліку і мясцовым. Словам, інвестарам у нас — «зялёнае святло».

Таму і не дзіўна, што з кожным годам маем усё больш прыкладаў, калі інвестыцыі, у тым ліку і з-за мяжы, накіроўваюцца ў сельскую гаспадарку. У прыватнасці, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці расійская сельскагаспадарчая кампанія «Канцэрн «Дзецкасельскі» заснавала сваё прадпрыемства.

Канцэрн створаны ў Ленінградскай вобласці ў 2007 годзе. Ён працягвае традыцыі аднайменнага саўгаса, які пачаў функцыянаваць больш за 80 гадоў таму.


Ле­а­нід Гар­дзец­кі, ды­рэк­тар фі­лі­яла «Ві­раў­лян­скі» за­меж­на­га прад­пры­ем­ства «Дзец­ка­сель­скі-Га­ра­док».

Сёння кампанія аб'ядноўвае больш за два дзясяткі прадпрыемстваў на тэрыторыі Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай і Варонежскай абласцей, а таксама Беларусі. У яе структуры — агракомплексы, перапрацоўчыя заводы, гандлёвыя дамы (у тым ліку расійска-беларускі), фірменная гандлёвая сетка. Галаўны офіс — у Санкт-Пецярбургу.

А ў вёсцы Віраўля Гарадоцкага раёна пабудаваны з нуля комплекс на 1200 галоў буйной рагатай жывёлы пачаў функцыянаваць у 2010 годзе. У суткі тут надойваюць каля 45 тон малака. І гэта не мяжа, паколькі ўзведзены сёлета яшчэ адзін комплекс пакуль працуе не на поўную магутнасць. Як растлумачылі спецыялісты, ідзе працэс запаўнення жывёламі...

Першапачаткова ўпор быў зроблены на перадавыя тэхналогіі жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваецца папулярны ў многіх краінах метад — бяспрывязнае ўтрыманне кароў. Жывёлы цэлы год знаходзяцца ў залах для ўтрымання, сілкуюцца збалансаванымі па рацыёне кармамі. Дарэчы, у гаспадаркі свае палі, дзе вырошчваюць кармы. А для даення кароўкі перасоўваюцца ў адпаведную залу.

Па словах Леаніда Гардзецкага, дырэктара філіяла «Віраўлянскі» замежнага прадпрыемства «Дзецкасельскі-Гарадок», за кошт дакладнага разумення заатэхнічных нормаў і тэхналогій, правільнай арганізацыі працэсу тут атрымліваюць рэкордныя вынікі. І не толькі па колькасці, але і па якасці малака.

Дарэчы, надой з адной каровы — больш за 23 літры ў суткі. Гэта вышэй, чым у сярэднім па Віцебскай вобласці. Малако самага высокага класа «экстра».

Як вядома, расіяне некалькі разоў бракавалі малако з Беларусі, але ў «чорным спісе» ніколі не было згаданай гаспадаркі.

Што ж да ўмоў працы ў Беларусі, яны прывабныя: такія ж, як і для беларускіх прадпрыемстваў.

Цікава, што яшчэ на стадыі праектавання комплексу разглядалася магчымасць выкарыстання робатаў для даення. Але перавага ўсё ж аддадзена людзям, а не машынам.

— І не памыліліся! Пашырэнне вытворчасці — гэта стварэнне новых працоўных месцаў, працаўладкаванне са стабільным высокім заробкам, магчымасць падтрымання годнага ўзроўню жыцця! — канстатуе кіраўнік.

Працавітых і добрасумленных работнікаў у «Віраўлянскім» сапраўды цэняць. Найлепшыя даяркі даўно ўжо зарабляюць больш за 500 долараў у эквіваленце.

Супрацоўнікі, акрамя высокай зарплаты, атрымліваюць «бонусы». Арганізавана бясплатнае харчаванне ў сталовай прадпрыемства. Людзей прэміруюць напярэдадні асабістых і дзяржаўных свят. Асобна налічваюць прэміі, калі філіял выходзіць у лідары сярод прадпрыемстваў канцэрна. Для ўшанавання перадавікоў запрашаюць штогод у паўночную сталіцу Расіі на свята ўраджаю.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Па пяцьсот» плюс бонусы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.