15 Жнівень, серада

Вы тут

Свету нічога не пагражае


Здаецца, ужо толькі лянівы не выказаўся наконт харасменту — сексуальных дамаганняў, тэмы, якая другі месяц трымае ў напружанні вялікую частку грамадства, блогераў і калумністаў. Вядома, у дыскусіі хапае перагібаў як з аднаго, так і з другога боку. Хтосьці смяецца з Джыны Лалабрыджыды, якая праз 70 гадоў успомніла непрыстойныя жэсты альбо словы, адрасаваныя ў свой бок. А ў некаторых еўрапейскіх парламентах ужо абмяркоўваюць правілы паводзін дэпутатаў у адносінах да процілеглага полу, каб, крый божа, не сутыкнуліся ў праходзе альбо не зачапілі адно аднаго пры галасаванні. Я і кажу, камічнага хапае.


Але мяне найбольш здзівіла ў гэтым сэнсе рэакцыя многіх і многіх мужчын-блогераў. Яны сталі пужаць аўдыторыю ледзь не канцом свету. Маўляў, вы, дзяўчаты, дагуляецеся, што хутка вашы прыгожыя формы нікому не патрэбныя будуць, калі не хочаце, каб вас чапалі. Іншыя ідуць далей і пагражаюць рознымі лялькамі і секс-робатамі, якія працуюць па камандзе і па праграме, але прадаўжэння роду чалавечага не забяспечваюць. Ну ўсё, можна браць калькулятар і лічыць, колькі засталося чалавецтву да вымірання. І ва ўсім, як заўсёды, вінаватыя жанчыны, якія парушылі спрадвечны светапарадак, што ішоў ледзь не з часоў першабытнага чалавека: калі цябе ўшчыпнулі за адну палавінку, то ты мусіш калі не падставіць другую, то хоць бы грацыёзна вывернуцца. А калі не вывернулася, а павярнулася і прыгразіла абцасам у адказ? Лепш, вядома, каб так не было, але рызыку трэба ўлічваць.

Варта прызнаць, не на роўным месцы ўся гэта палеміка ўзнікла. Хоць, вядома, яна часовая і вельмі хутка хваля схлыне, эмоцыі сціхнуць, панізіцца іх градус. Але і з яе, хвалі, можна займець карысць. Па-першае, шкада тых, хто дарэмна трапіў пад абстрэл. Такія, несумненна, ёсць. Асобныя індывідуумы жаночага полу змогуць скарыстаць магчымасць, каб расквітацца за любую крыўду. Напісала заяву, што цярпела дамаганні альбо гвалт, і працэс пайшоў. Значыць, трэба ўдасканальваць заканадаўства і працэдуру праверак інфармацыі. А з другога боку — з'явілася магчымасць хоць бы напужаць асабліва настырных і бессаромных. Бо колькі слёз праліта, стрэсаў перажыта, дэпрэсій ды іншай бяды многімі і многімі супрацоўніцамі, залежнымі ад рэжысёраў, дырэктараў, старшынь калгасаў. Дарэчы, у апошніх яшчэ ў савецкія часы быў, расказваюць, такі тост: «Вып'ем за мужыкоў, якія пагарэлі на гэтай справе». Пад гэтай справай мелася на ўвазе збочванне налева ад генеральнай лініі партыі ў частцы яе сямейнай палітыкі. Хоць бывала рэдка, але гарэлі. І не чуваць зусім было, каб хто пагарэў менавіта на тым, што цяпер назвалі харасментам. Думаеце — не было? Цярпелі, пакутавалі, плакалі. Ды што там згадваць даўнішняе. Сёлета адна мая маладая каляжанка зайшла ў прысутнае месца, а пенсійнага ўзросту службовец давай гладзіць ззаду. Яна разгубілася, пачырванела, стала ціснуцца між сталоў далей, ёй жа інфармацыя патрэбная была... А цяпер, думаю, у святле апошніх падзей патрэсла б дзеўка свежай газетай ды спытала: «Дзядзька, а не хочаш застрэліцца, як брытанскі міністр? Я на тэлефон усё запісала». Вельмі нават падзейнічала б, бо баяцца яны за цёплыя крэслы, за добрыя зарплаты. Так што рычаг запалохвання асабліва настойлівых з'явіўся.

Таму не трэба ляпіць страшылак пра будучы нецікавы, амаль пластыкавы свет без заляцанняў, шматзначных пераглядванняў, шэптаў на вушка, з якіх адносіны і пачынаюцца. Усё ж можна зрабіць па-людску, каб не крыўдзіць адно аднаго, не прычыняць пакуты. А слова навошта, якое было спачатку? Не абавязкова ж рукамі, нахабна і адразу.

А вось хто ні ў чым не вінаваты, той, відавочна, і не баіцца. У гэтым сэнсе можна сказаць, што расійскі міністр абароны Шайгу ўдарыў аўтапрабегам па бездарожжы. Пакуль інтэрнэт-супольнасць мусоліла да стогну вышэйпазначаную тэму, Сяргей Кужугетавіч узяў на працу новага прэс-сакратара. 26-гадовая журналістка мадэльнай знешнасці не дагадзіла аўтарам каментарыяў тым, што не мае ваеннай адукацыі і не служыла ў войску. А чаму яна павінна там служыць? У многіх краінах абароннае ведамства наогул узначальваюць жанчыны з грамадзянскай адукацыяй. Дзяўчыну, можна сказаць, узялі на работу па сваёй спецыяльнасці. Аўтараў выпадаў, мабыць, задаволіла б, каб міністр узяў на гэтую пасаду бадзёрага ардынарца альбо старую і кульгавую кабету. Але ён пакідае ўражанне чалавека, упэўненага ў сваіх дзеяннях і рашэннях. Гадоў дзесяць таму давялося прысутнічаць на адной нарадзе саюзнай дзяржавы, якую праводзіў Сяргей Шайгу ў Брэсце. Журналістаў, якія спазніліся не па сваёй віне (так была пабудавана праграма) не проста пусцілі ў залу, а ветліва правялі туды, і прэс-канферэнцыю міністр, тады МНС, не скончыў, пакуль не было зададзена апошняе пытанне. Было відавочна, што чалавек, які сам грунтоўна робіць сваю работу, з павагай ставіцца да працы іншых. Цяпер гэта вялікая рэдкасць...

Таму няма ніякага жадання пасмейвацца над кадравым рашэннем міністра Шайгу. Ад таго, што міністэрскую каманду крыху разбавілі прыгажосцю, баяздольнасць арміі дакладна не пацерпіць. А прыгажосць заўсёды была патрэбная свету. Так што ўсё застаецца па-ранейшаму, свету нічога не пагражае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.