25 Верасень, аўторак

Вы тут

Букет гладыёлусаў


На дачы зацвілі гладыёлусы. Дачай мы цяпер называем вясковы дом, які купілі некалькі гадоў таму і прыязджаем сюды на выхадныя ды падчас адпачынку. Дык вось адным з самых прыемных момантаў гэтага лета стала для мяне клумба квітнеючых рознакаляровых гладыёлусаў, урачыстых яркіх кветак, якія зацвілі сёлета крыху раней звычайнага, у пачатку ліпеня. Цікава, што першыя даўно адцвілі, а на некаторых толькі намеціліся бутоны, якія абяцаюць выкінуць высокае суквецце. Таму прыгажосць расцягваецца ў часе.


Па цыбуліне розных сартоў гладыёлусаў мне падарыла Людміла Кудрэйка з Пружанскага раёна, пра якую давялося пісаць у газеце. Людміла займаецца вырошчваннем кветак даўно, вельмі любіць іх. У яе яны асабліва прыгожыя, як на старонках глянцавых часопісаў. Вось і я палюбіла іх, і за тры гады яны разрасліся, размножыліся, цяпер займаюць цэлую граду ў двары, ды радуюць сваім цвіценнем.

Каб ведала, што ў маршрутцы давядзецца стаяць, пэўна не брала б з сабой букет. У спадзяванні, што ў суботу зранку людзей будзе ў горад ехаць няшмат, зрэзала адзін гладыёлус насычана-барвовага колеру і два пяшчотна-ружовыя, амаль белыя. Набрала крыху вады ў пасудзіну, утвораную з адрэзанай пластыкавай бутэлькі, змясціла букет у пакет, з якога вытыркалі толькі кветкі, ды так і правісела ўсю дарогу з тым пакетам у руках над юнаком, што сядзеў і ківаўся ў такт музыцы, якая далятала з яго навушнікаў. Побач стаяла яшчэ адна жанчына, і яна вельмі  перажывала за мае гладыёлусы, каб яны ж не зламаліся. Аказалася, спадарожніца жыве ў суседняй вёсцы, расказвала, што спрабавала вырошчваць гэтыя патрабавальныя кветкі на сваім двары, а яны не хацелі расці і неўзабаве звяліся. Можа таму, што насенне куплялі ў Польшчы, а туды, магчыма, прывезлі яшчэ аднекуль, яно не было адаптаванае да нашых умоў, вось і не прыжыліся расліны.

— Для мяне гладыёлусы заўсёды асацыіруюцца з маімі аднавяскоўцамі Мікалаем і Валянцінай, — працягвала выпадковая спадарожніца. — Іх ужо, на жаль, няма. Паўміралі хутка адно за адным. А пакуль жылі, многія ў вёсцы з зайздрасцю назіралі за іх адносінамі, хто розум меў, той вучыўся. Яны — расіяне, класічная сям'я ваеннаслужачага. Ён былы лётчык. Калі выйшаў на пенсію, месцам жыхарства выбраў вёску ў Камянецкім раёне хутчэй за ўсё таму, што тут яшчэ раней асеў баявы таварыш. Той прыехаў у родныя мясціны, а Валянціна з Мікалаем за ім. Купілі дом, адрамантавалі, добраўпарадкавалі яго. Што яшчэ трэба чалавеку з добрай ваеннай пенсіяй? Свежае паветра, агарод з экалагічна чыстымі прадуктамі, у лесе — грыбы, ягады. І жылі яны, здавалася б, як усе. Але разам з тым, не так. Бо ў іншых суседзяў час ад часу здараліся п'янкі, сваркі. То дзядзька Іван сп'яну жонку вакол хаты паганяе, а негаваркога Антона, калі ён праштрафіцца выпіўкай, і жонка магла штурхануць. Усё неяк будзённа, звыкла. У іх жа ўсё па-іншаму. Яны і звярталіся адзін да аднаго: «Валечка, Колечка», альбо «мілая, мілы». Гэта не схаваеш, у вёсцы ж усё навідавоку, Цяпер з пазіцыі дарослага чалавека разумею, што іх адносіны не былі паказныя, яны былі шчырыя, усё ішло менавіта знутры, ад душы.

— Памятаю — працягвала суразмоўніца, — як мы малымі, схаваўшыся за плотам, назіралі за імі. Яны варылі варэнне на дварэ. Цётка Валя карміла дзядзьку Колю тым варэннем з лыжкі, яны аб нечым гаварылі, шчасліва смяяліся, і выглядалі такімі прыгожымі, незвычайнымі — нібы кіно глядзелі, а не на жывых людзей.

Дык вось любімымі кветкамі Валянціны былі гладыёлусы. І на яе дзень нараджэння ў канцы мая муж падносіў букет прыгажэнных чырвоных альбо ружовых кветак. Для гэтага, мы ведалі, ён ездзіў у Брэст. Дзе даставаў іх, не магу ўявіць, бо ў той час кветкавыя магазіны былі беднаватыя, акрамя гваздзік і ружаў там нічога не прадавалі.

Значыць, недзе дамаўляўся, яму аднекуль прывозілі, можа нават з-за мяжы. Але ў дзень нараджэння цётка Валя атрымлівала свой букет заўсёды...

Вось гэтая прыгожая гісторыя кахання незнаёмых людзей скрасіла мне некамфортную 50-хвілінную паездку ў перапоўненым мікрааўтобусе са скразнякамі ад ўсіх адкрытых люкаў і фортачак. А натхніў на яе выпадковага чалавека мой букет гладыёлусаў. Тых, што з гонарам вытрымалі і пераезд у цеснаце з рызыкай быць зламанымі, і 35-градусную спёку, і каторы дзень стаяць у самай высокай вазе у цэнтры стала. І зноў радуюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.