Вы тут

Мікалай Шкурко - лепшы кіроўца паштовага аўтамабіля


Мікалай ШКУРКО працуе кіроўцам у Гомельскім філіяле Белпошты трэці год. Сёлета ён прадстаўляў вобласць на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства кіроўцаў аўтамабіляў, арганізаваным адміністрацыяй прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыяй пошты. Дадому вярнуўся з дыпломам пераможцы. Стаў найлепшым у асабістым заліку ў класе «ГАЗ-2705». Хоць, кажа, спачатку вельмі хваляваўся.


— Мандраж быў, — прызнаецца Мікалай. — Спачатку здавалася, што вельмі моцныя ў мяне сапернікі. Праграма конкурсу прадугледжвала тры этапы. Спачатку трэба было даказаць, што не забыты правілы дарожнага руху. Потым — вызначыць няспраўнасці аўтамабіля і прадэманстраваць яго тэхнічнае абслугоўванне. Самым складаным этапам сталі спаборніцтвы па хуткасным манеўраванні.

Мікалай кажа, што не думаў, што менавіта ў яго атрымаецца абысці калег з іншых абласцей. Яму яшчэ няма і 30, і толькі тры гады ён прафесійна працуе за рулём. Абслугоўвае Гомельскі раён — адзін з самых густанаселеных у вобласці. На яго тэрыторыі плошчай дзве тысячы квадратных кіламетраў знаходзіцца 186 населеных пунктаў, дзе жыве амаль 70 тысяч чалавек. Вядома ж, далёка не ўсюды ёсць стацыянарныя аддзяленні. Таму вясковыя жыхары заўсёды чакаюць блакітныя паштовыя машыны.

Паштовых маршрутаў у раёне шэсць. Штодзень Мікалаю дастаецца адзін з іх. Кіроўца лічыць, што гэтая работа — якраз для яго. (Параўноўваць можа, бо да гэтага паспеў папрацаваць на заводзе.) Тут, гаворыць, ёсць стасункі з самымі рознымі людзьмі. Некаму пошту даставіць, некаму па папярэднім заказе — пэўную пакупку. Асабліва на вёсцы старыя людзі чакаюць яго ў дзень пенсіі.

Працаваць на пошту Мікалай пайшоў услед за бацькам Анатолем Мікалаевічам, таксама кіроўцам. Цяпер вось сталі яшчэ і калегамі. Дома Мікалая заўсёды чакаюць жонка і маленькая дачка. А зусім хутка на свет з'явіцца яшчэ адна дзяўчынка. Так што ёсць дзеля каго працаваць і ёсць каму ганарыцца яго поспехамі.

Ну, а што датычыцца вынікаў конкурсу прафесійнага майстэрства, арганізатары кажуць, што ўсе кіроўцы прадпрыемства «Белпошта» прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Канкурэнцыя падчас спаборніцтваў стала стымулам для далейшага ўдасканальвання.

Між тым па агульных выніках гэтага конкурсу каманда Гомельскага філіяла таксама заняла першую прыступку на п'едэстале.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дастаўка пошты — адказная справа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.