Вы тут

Генадзь Трубіла: АІС «Разлік-ЖКП» патрабуе ўдасканалення


Створаная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма разліку за жыллёва-камунальныя паслугі (АІС «Разлік-ЖКП») у цэлым дапушчальная, аднак патрабуе ўдасканалення, лічыць Генадзь ТРУБІЛА, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Меркавалася, прынамсі, што сумы камісій за разлік і налічэнне камунальных паслуг будуць аднолькавыя для ўсіх пастаўшчыкоў паслуг. Аднак на справе лічбы неабгрунтавана завышаюцца. 3,55% — камісія ў Мінску, 5-7% — у сталічнай вобласці, і 10%, напрыклад, — у Магілёве. Каб пазбавіцца ад такіх перакосаў, Мінжылкамгас распрацаваў праект нарматыўна-прававога акта, якім запланавана абмежаваць рэнтабельнасць разлікова-даведачных цэнтраў і зрабіць адзіную суму па краіне.

— З іншага боку, кожны пастаўшчык камунальных паслуг і раней у калькуляцыю закладваў кошт уліку разліку ЖКП, але гэта «хавалася». А доля затрат на гэта магла і 20% перавышаць, — заўважыў Алег ПАСКРОБКА, старшыня Салігорскага райвыканкама.

Цэнтралізаваная сістэма разліку дазволіла наладзіць адзіны для ўсёй краіны тарыф за прыём плацяжоў за ЖКП. Банкі бяруць за гэта з пастаўшчыкоў паслуг (камунальнікаў) 1% ад сумы. Паслугі АРІП аплачваюць арганізацыі, што налічваюць сумы за ЖКП, зыходзячы з фіксаванай сумы 0,09 капейкі за канкрэтную паслугу на адзін асабовы рахунак. Спажыўцы пры гэтым ніякія камісіі не плацяць, растлумачыла Алена АНТОНІ, старшыня праўлення ААТ «Небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «АРІП».

АІС «Разлік-ЖКП» зрабіла налічэнні за «камуналку» празрыстымі. Дзякуючы ёй можна ўбачыць, колькі, калі, чаму і за што налічана спажыўцу. Сістэмай ахоплена больш за 96% насельніцтва, у яе ўваходзіць 4,3 мільёна асабовых рахункаў.

Генадзь Трубіла паведаміў, што праграма з часам можа дапоўніцца магчымасцю дыстанцыйнага зняцця паказчыкаў з прыбораў уліку вады і цяпла ў кватэрах. Праўда, для гэтага трэба наладзіць пакватэрную сістэму ўліку, чаго пакуль няма.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.