Вы тут

Хочацца пяшчотнай цішыні? Сустракайце “вясковы” нумар “Маладосці”!


Хочацца пяшчотнай цішыні? Сустракайце “вясковы” нумар “Маладосці”!

Вялікія гарады заўсёды адзначаны вялікай мітуснёй. Незалежна ад таго, які месяц на календары, яны жывуць па ўласнаму графіку, непадуладнаму ні прыродзе, ні чалавеку. І нават у канцы лістапада, калі сонца ўсё раней змяняецца месяцам, гэты рытм непарушны: горад запальвае тысячы ліхтароў і працягвае бег па колу бясконцых спраў. У такія вечары, напоўненыя стомай і восеньскай хандрой, хочацца пяшчотнай цішыні, цёплай печы, бабуліных пірагоў... Адным словам, хочацца ў вёску. Што ж, “М”ы заўсёды рады выканаць жаданні нашых чытачоў – сустракайце “вясковы” нумар!

Можна не сумнявацца, што самы светлы, кароткі і зручны шлях да вёскі праходзіць праз дзіцячыя ўспаміны. Не верыце? Спытайцеся ў палешука Віктара Вабішчэвіча: Мы хадзілі ў школу пастаянна; пропускаў, якія сёння сабе вучні дазваляюць, не рабілі. Чаму я гэта асабліва адзначаю? У нас бурныя, паўнаводныя рэкі. Палескія рэкі такія, як у Коласа Прыпяць апісваецца. Наша рака, якой ні на адной карце няма і якую мы называем адным з рукавоў Гарыні, калі вясною разлівалася і ўсё затапляла, стварала нам праблему: як трапіць у школу. Ад маёй хаты трэба было кіламетр ехаць лодкай па разлітай вадзе, а потым яшчэ больш за кіламетр ісці пехатою. Цяперашні вучань разважае так: «Ясна ж усім, што нас затапіла, ясна, што ад школы адрэзала, дык куды мне ісці?» А мы ж ішлі.”

Рамантыка -- гэта цудоўна, але ці можна, напрыклад, разглядаць сялянскае жыццё з пункту гледжання навукі? Доктар філалалагічных навук, фалькларыст і этналінгвіст Таццяна Валодзіна лічыць, што не толькі можна, але і патрэбна: “Як бы сучасніку ні падавалася, што вёска — гэта вузка і нецікава, але калі ўзяць прадстаўніка ранейшай вясковай супольнасці і паглыбіцца ў яго свет, то стане зразумелым: практычна кожны вясковец насіў у сваёй свядомасці, а папросту кажучы, у сваёй галаве цэлую сістэму ведаў, пачынаючы ад будзённа-гаспадарчых — калі трэба сеяць, калі касіць, калі капаць, калі карова ацеліцца (календароў жа не было) — і завяршаючы незлічонай колькасцю правіл, забарон, рэкамендацый, проста ведаў пра абсалютна кожны складнічак жыцця: пра зоркі, з’явы надвор’я, расліны, жывёл і ўсё-усё, што ўвогуле можа быць. Прычым гэта веды не адмысловыя, не веды асобных людзей, імі валодала практычна ўсё насельніцтва вёскі. Болей за тое, глыбіня гэтых ведаў дазваляла рабіць прадказанні: калі здарылася А, то абавязкова здарыцца В, а калі здарылася В, то здарыцца С і гэтак далей. Вось характэрная рыса такой свядомасці — разуменне і практычнае выкарыстанне сувязі ўсяго з усім”.

І сапраўды, кожная вёска гэта асобны мікракосмас са сваімі традыцыямі. У гэтым лішні раз пераканался Настасся Яльніцкая, якая падчас сваёй фальклорнай практыкі ў вёсцы Бабовічы Гомельскай вобласці назбірала шмат цікавага матэрыялу:

«Мароз, мароз! Хадзі гушчу есць!

Летам не бывай, цвятоў не збівай,

А то будзе табе ўюга, жалезная пуга!

А вы, куркі, чуйце ды яйцы гатуйце!

Мае сыпце, як мак, а чужыя будзьце так».

Зразумела, што нумар, прысвечаны беларускай вёсцы, не можа абысціся без згадвання нашых класікаў. Уладзімір Цвірка запрашае ў  захапляльнае падарожжа па месцах Якуба Коласа:

“Я праехаў усю Беларусь. Ёсць на яе карце такія мясцінкі, на якія хочацца зірнуць яшчэ, і мо нават крыху іначай, чым першы раз. Быццам нічога асаблівага ў іх няма: прырода, лес, дрэвы, хаты... Хоць пра месцы, якія памятаюць Якуба Коласа, так сказаць не атрымліваецца. Яны асаблівыя нават тым, што трапіўшы ў любое з іх, чуеш унутры паэтычнае слова”.

Акрамя “вясковых” матэрыялаў у лістападаўскай “Маладосці” знайшлося месца і для “гарадскіх” паэзіі, прозы, крытыкі і калумністыкі.

Кірыл Мяцеліца

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дзяцінства, сяброў і вясёлую ноч.

Спорт

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Як жывуць спартсмены, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях?

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Вёсцы атлетаў.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.