Вы тут

Падпісана стратэгія па інклюзіі людзей з інваліднасцю ў грамадства


Учора міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха (на фота) падпісалі Інфармацыйную стратэгію Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства.


— Сэнс падпісання дадзенай стратэгіі — абазначэнне прыярытэтаў, — сказаў Аляксандр Карлюкевіч. — Мы хацелі падкрэсліць, што ўсе сродкі масавай інфармацыі будуць уключаны ў гэтую праблематыку. Падпісанне такога дакумента дае нам права выбудаваць цэласную праграму дзеянняў і не проста заклікаць журналістаў «уманціравацца» ў гэты працэс. Яны і зараз шмат пішуць на тэмы інваліднасці. Але мы хочам сістэматызаваць гэтую работу, хочам, каб у яе ўключыліся дзясяткі і сотні выданняў, якія выходзяць у рэгіёнах нашай краіны... І мы будзем актыўна працаваць з міжнароднымі інстытутамі і вылучаць самыя розныя ідэі, якія датычацца забеспячэння работы па дадзенай тэматыцы.

Міністр інфармацыі выказаў таксама надзею, што гэтая праца паўплывае і на тое, што ў нашу краіну будзе прыязджаць больш турыстаў незалежна ад таго, абмежаваныя ў іх фізічныя магчымасці ці не. Рэалізацыя Інфармацыйнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства дазволіць паказаць Беларусь як камфортную краіну для ўсіх.

Пастаянны каардынатар ААН/ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха ў сваю чаргу адзначыў выключныя намаганні, якія робяцца нашай краінай для таго, каб забяспечыць роўны доступ для людзей з інваліднасцю да розных магчымасцяў, а таксама паслуг. Падпісанне Канвенцыі аб правах інвалідаў, па словах прадстаўніка ААН, з'яўляецца яшчэ адным крокам у гэтым накірунку. «Гэта выдатна. Выдатна, што ўжо ёсць Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў, — заявіў пастаянны каардынатар ААН/ПРААН у Беларусі. — Але нічога істотна не зменіцца да таго часу, пакуль мы не зменім сэрцы, мысленне, погляды людзей як з інваліднасцю, так і без інваліднасці, не дапаможам ім адчуць сябе роўнымі. Роля СМІ ў гэтым працэсе вельмі важная. Гэта акно ў свет, праз якое ўсе могуць усвядоміць магчымасць і важнасць паўнапраўнага ўключэння людзей з інваліднасцю ў грамадства».

Варта адзначыць, што Інфармацыйная стратэгія Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства — гэта дакумент, закліканы змяніць інфармацыйнае поле ў асвятленні гэтай тэматыкі. Цяпер тэма людзей з інваліднасцю набывае характар адкрытасці на ўсіх дзяржаўных узроўнях і грамадскіх пляцоўках. З'явіўся новы фокус інфармацыйнай працы, накіраваны на павышэнне інфармаванасці аб вострых праблемах людзей з інваліднасцю, пашырэнне іх камунікацыі з навакольным светам. Самі ж людзі з інваліднасцю спадзяюцца, што з падпісаннем дадзенай стратэгіі бар'ераў у іх жыцці стане менш.

Інфармацыйная стратэгія па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства распрацавана ў рамках выканання Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў. Яна распрацоўвалася пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі і Праграмы развіцця ААН з удзелам дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Краіна, камфортная для ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.