Вы тут

Казкі ці рэальнасць: пра што хочуць пачытаць у кнігах нашы дзеці?


З таго часу, калі я толькі пачынаў свой шлях у літаратуры, надрукаваўшы ў «Бярозцы» першыя апавяданні для падлеткаў, дзіцячая літаратура Беларусі зрабіла вельмі вялікі крок. У пачатку 2000-х кнігі, якія выходзілі для дзяцей на беларускай мове за год, можна было, кажу без перабольшвання, пералічыць па пальцах. Дый яшчэ з улікам таго, што перавыдаваліся нашыя класікі.


«Караблік». Малюнак Марыі Нагарновіч, вучаніцы 2 «А» класа Івацэвіцкай СШ № 3

Прарыў (сапраўды — прарыў) быў зроблены: для дзяцей і школьнікаў пачалі пісаць і выдавацца кнігі — вершаваныя і празаічныя. Пакрысе запоўнілася (хоць і не надта яшчэ добра) і ніша літаратуры для падлеткаў — маем некалькі аўтараў, маем прозу рэалістычную, маем гістарычную, маем фэнтэзі.

А вось што мяне змусіла ўзяцца за гэты тэкст, дык тэматыка кніг для вучняў пачатковых класаў. (Тут і далей, калі буду прыводзіць прыклады кніг і называць аўтараў, прашу калег-пісьменнікаў ніяк не ўспрымаць гэта за крытычныя заўвагі і не крыўдаваць тых, каго я не назаву.) Дык вось, давайце зірнём на пералік кніг, якія намінаваліся сёлета на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры:

◆ казка Генадзя Аўласенкі «Малпачка — дачка нябеснага дракона»;

◆ фэнтэзі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка»;

◆ зборнік апавяданняў Тамары Бунта «Дзяўчынка з вішнёвага завулка»;

◆ казкі Міхася Пазнякова «Возера дзіва»;

◆ фэнтэзійныя гісторыі Анатоля Караленкі «Дзецям пра нафту»;

◆ вершы Яўгена Калашнікава «Ксюша и её друзья»;

◆ зборнік вершаў і апавяданняў Фёдара Гурыновіча «Галінка дабрыні»;

◆ зборнік выбраных вершаў Івана Муравейкі «Званочкі ў блакіце»;

◆ казка Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска»;

◆ вершы і легенды Міколы Чарняўскага «Матуля Шо, дачушка Шоша».

Звернем увагу вось на што: адзіная празаічная кніга, у якой паказана рэалістычнае жыццё дзяцей, — кніга Тамары Бунта. Пры гэтым, дзеля справядлівасці, трэба заўважыць, што там дзейнічаюць не сучаснікі, у аснову кнігі пакладзены ўспаміны дзяцінства самой аўтаркі (барані бог, гэта не ўпік паважанай Тамары Бунта!).

Выпадкова? Калі паглядзець на тое, што выдавалася за апошнія гады для дзяцей, мы яскрава пабачым вось такі выразны «ўхіл» у казачнасць і фэнтэзійнасць. Пералік фантастычных герояў зойме, пры жаданні, старонку. Тут і малпачкі, і Ветрык з вентылятара, і вірус Шкодзя, і загадкавы Шубуршун, і іншапланецяне… Ні ў якім разе не хачу сказаць, што казка ці фантастычная гісторыя — дрэнна. Не, гэта вельмі добра! І гэта няпроста для пісьменніка. З аднаго боку, як быццам і лягчэй «напісваць» прыгоды, карыстаючыся «наборам чараўніка», але ж з іншага — трэба прыдумаць і стварыць асаблівага героя, прыдаць яму такія рысы характару, якія выклічуць сімпатыю і давер у юнага чытача. Пасля столькіх вядомых і «раскручаных» герояў, кшталту Віні-Пуха і Карлсана, надта ж цяжка прыдумаць і ўвасобіць у добрым тэксце такога героя, які б і запомніўся, і палюбіўся, і быў адрозны ад усіх ранейшых нечым адметным. Сюжэт прыгодаў — таксама далёка не лёгкая справа.

Але чаму пры ўсёй гэтай складанасці, якую ж, вядома, усведамляюць аўтары, яны па-ранейшаму бяруцца за казачна-фэнтэзійныя тэмы? Чаму так мала кніг рэалістычных? Тых, у якіх дзеці б чыталі пра саміх сябе? Чаму так мала самых сапраўдных, рэальных гісторый, цікавых і кранальных, павучальных? Папраўдзе, адказу не ведаю.

Колькі год таму, выпадкова сустрэўшыся ў адной паездцы з Уладзімірам Ліпскім, нашым мэтрам дзіцячай літаратуры, я набраўся нахабства і… пакрытыкаваў ягоны часопіс «Вясёлка»: усё добра, але, як на мой погляд, не хапае менавіта кароткіх рэальных гісторый пра дзяцей. І пры гэтым, што было б яшчэ цікавей для чытачоў, каб расказваліся яны менавіта самім героем. Добра вядомы прыклад — «Дзяніскіны расказы». (Дарэчы, у Расіі існуе конкурс «Новая кніга», дзе вышукваюцца тэксты менавіта такога плана.) На мае развагі шаноўны рэдактар дзіцячага часопіса тады выказаўся коратка: «Дык напішы!».

Называецца, напрасіўся. Але сапраўды, пачаў пісаць, балазе, дачка толькі-толькі выйшла з дзіцячага ўзросту, добра помнілася вельмі ж многае. За год некалькі такіх апавяданняў, дзе героем была сучасная дзяўчынка (яна «расла» ад 6 да недзе 10 гадоў цягам аповедаў), «Вясёлка» надрукавала. Асобныя апавяданні пазней узяла ў сваю чытанку для дзяцей выдавецтва «Народная асвета».

Але ж пішу гэта не для таго, каб пахваліцца ды вылучыцца, а для таго, каб расказаць вось што: публікацыя гэтых апавяданняў у «Вясёлцы» мела для мяне нечаканы працяг. І здарыўся ён праз пяць гадоў — сёлета.

А было так. Запрасіла мяне бібліятэка адной са школ райцэнтра на сустрэчу з дзецьмі — па маёй кнізе-казцы «Сонечная паляна», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» колькі год таму. Скажу шчыра, сустрэча была для мяне вельмі прыемная, бо падрыхтаваліся і дзеці, і настаўнікі, і бібліятэкары. І рыхтаваліся, не толькі чытаючы казку, але і ствараючы паводле яе малюнкі. Цэлую выстаўку наладзілі! Малюнкі мне пасля і падарылі, што было прыемна ўдвая.

Пра гэтую выстаўку і стала расказваць бібліятэкар напрыканцы, называючы аўтараў, нахвальваючы. І вось сярод зайцоў, вожыкаў, ліскаў, ваўчкоў, мядзведзяў, крумкачоў і пугачоў — герояў казкі — раптам зусім нечаканы сюжэт! Дзяўчынка сядзіць на беразе ракі, а на хвалях — карабель з чырвонымі ветразямі. Бібліятэкарка спыняецца, хоча з усмешкай патлумачыць, што, мабыць, дзяўчынку так натхнілі «Чырвоныя ветразі» Грына, што яна вырашыла намаляваць іх і падарыць малюнак мне, але… Я заўважаю на белым корпусе карабліка яркую паску. І пазнаю карабель, пазнаю дзяўчынку. Было такое апавяданне ў тым цыкле, які друкавала «Вясёлка»: гераіня разам з бацькам робіць караблік, які пускае ў раку ля свайго горада. Бо бацька ёй расказаў, што іхняя рака ўпадае ў іншую, тая — яшчэ ў адну, а апошняя — у сапраўднае мора. І вось гераіня схацела, каб яе караблік даплыў да мора. Ён, канечне ж, з дапамогай многіх і многіх людзей даплыў. Да самага сіняга мора. І вярнуўся назад, пасылкай — абветраны і прасолены. Пытаюся ў дзяўчынкі, аўтаркі малюнка, калі чытала апавяданне. Яна зараз вучыцца ў другім класе, а чытала год таму.

І запомніла. Значыць, нешта кранула да такой ступені дзіцячую душу, што не паслухалася настаўніцу, зрабіла малюнак трошкі не па тэме…

Яшчэ адзін малюнак на той выстаўцы быў такі ж, не з казачнымі героямі. Таксама намаляваная дзяўчынка (тут я ўжо пазнаў сваю гераіню адразу), якая прыёмам дзюдо валіць на падлогу аднакласніка-хулігана, баронячы свайго сябра. І такое апавяданне было ў мяне. Гэтая дзяўчынка чытала яго ў «Вясёлцы» гады два таму — брала ў бібліятэцы часопіс.

Вядома, я быў вельмі ўзрушаны пабачаным. Значыць, дзецям сапраўды патрэбныя кнігі пра іх саміх, сённяшніх. Так, трэба казкі і фэнтэзі, трэба вершы і легенды, але дзеці прагнуць чытаць і рэальныя гісторыі пра жыццё саміх сябе, пра сапраўдны, не прыдуманы свет вакол. Яны хочуць знайсці аднадумцаў і сяброў, пазнаць сябе ў розных сітуацыях, нечаму навучыцца. І прымаюць некаторыя гісторыі так блізка да свайго сэрцайка, што яны застаюцца з імі на гады.

 Безумоўна, мне трэба было б не дзяліцца сваімі эмоцыямі з шаноўнымі чытачамі і калегамі. А варта было б, каб тэкст быў такі сур’ёзна-грунтоўны, зрабіць аналіз выдадзеных усіх-усякіх кніг для дзяцей за тры-пяць гадоў, сыпаць лічбамі і імёнамі, лічбамі тыражоў і коштаў… Мы, дарослыя, такія. Нам важкае хіба толькі тое, што грунтуецца на лічбах ды падпёртае цытатамі.

 Але я дзялюся эмоцыямі. Як тыя дзве дзяўчынкі з райцэнтраўскай школы — іх гэта кранула, яны пра гэта сказалі, як змаглі. І мяне гэта кранула і кранае. Таму і кажу сёння без цытат і спасылак: нашым дзецям патрэбны не толькі касмічныя гісторыі і прыгоды невядомых істот у чароўных лясах. Ім трэба і апавяданне пра хлопчыкапершакласніка, які аднойчы не зрабіў хатняе заданне, а яго сябар... А што зробіць ягоны сябар — слова за намі, пісьменнікамі. Лічу так. Калі хто згодны са мной — давайце дапішам гісторыю…

Валеры ГАПЕЕЎ

Загаловак у газеце: А дзяўчынка малявала караблік...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.