Вы тут

Апошняя кніга Ігара Жука: пасляслоўе


У актавай зале гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора прайшла прэзентацыя пасмяротнай кнігі Ігара Жука «Прыхінуцца да крыніцы», прысвечаная творчасці народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа (выдадзена ў аўтарскай рэдакцыі Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы). Пры афармленні вокладкі выкарыстаны малюнкі мастака Мікалая Крукава.


«Прыхінуцца да крыніцы» — глыбокае і ўдумлівае даследаванне тэмы і матыву беларускага шляху ў паэтычнай спадчыне Янкі Купалы і Якуба Коласа, асэнсаванне выключнай значнасці гэтай тэмы ў станаўленні нацыянальнай літаратуры. Аўтар планаваў выданне кнігі да свайго шасцідзесяцігоддзя, аднак рэалізаваць задуманае не паспеў.

 На вечар памяці Ігара Жука прыйшлі сваякі, сябры, пісьменнікі і паэты, усе тыя, хто яго добра ведаў і шанаваў. Успаміналі таленавітага вучонага-літаратуразнаўца яго калегі: Аляксей Пяткевіч, Мікалай Даніловіч, Ала Петрушкевіч, Павел Навойчык, былая аспірантка Надзея Чукічова, паэты Данута Бічэль, Юрка Голуб, маладое пакаленне, цяпер магістранты Дзмітрый Даўгаполік, Вікторыя Смолка, Аліна Паўлоўская, па скайпе з аўдыторыяй звязаліся вядомыя навукоўцы Іван Штэйнер з Гомеля і Вячаслаў Рагойша.

Прадмову да кнігі «Вянок айчыннага літаратуразнаўства» напісаў Іван Штэйнер, у яго ёсць такія словы: «Сваю апошнюю манаграфію доктара філалогіі Ігар Жук не ўбачыў: яна выйшла праз некалькі месяцаў пасля ягонага нечакана-трагічнага сыходу… Але выключная значнасць яе (манаграфіі) праявілася і яшчэ праявіцца ў большай ступені зусім у іншым. Бо пісаць пра беларускую літаратуру па-старому пасля выключнай, не пабаімся гэтага слова, працы Ігара Жука — немажліва. Максім Багдановіч у развітальным вершы акцэнтаваў, што ён “кнігу мае”. Не зборнік вершаў, не храналагічную ці тэматычную анталогію, а менавіта кнігу. Манаграфія Ігара Жука — найперш Кніга.

Згодна са святым Евангеллем, у Бога ўсе людзі жывыя. Вось чаму быццё ўяўляецца бясконцым пыльным шляхам, на якім стаяць беларусы розных эпох і пакаленняў. Шукаюць яны Бацькаўшчыну. І разам з імі Ігар Васільевіч Жук, пасмяротная кніга якога становіцца вянком, што кідаецца ў Атлантыду часу як сімвал ушанавання адвечных пошукаў».

Дачка навукоўца Вольга падзякавала за добрую памяць пра бацьку і ціха, пранікнёна сказала: «Чую бацькаў голас, як ён казаў, што ён казаў, гэта — мая крыніца, быць годнай дачкой — Ігаравай звацца…»

Ірына ШАТЫРОНАК

Загаловак у газеце: Крыніцы назаўсёды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.