Вы тут

Як «Мінская пошта» сартуе карэспандэнцыю для ўсёй краіны


Яшчэ пяць гадоў таму лісты на пошце сартавалі ўручную. Работнікі цэха на памяць ведалі ўсе індэксы, хутка расстаўлялі пісьмы па ячэйках і заўсёды былі ў курсе, якія вуліцы нядаўна перайменавалі. Каля 200 чалавек шчыравала ў дзве змены, каб віншаванні, дакументы і прызнанні ў каханні даходзілі да адрасатаў. Цяпер жа карэспандэнцыя сартуецца аўтаматычна. Каб паглядзець, як гэта адбываецца, мы накіраваліся на экскурсію на вытворчасць «Мінская пошта», куды дастаўляюцца лісты з усёй краіны.


Разумныя машыны і «моська»

Падымаемся ў цэх пісьмовай карэспандэнцыі. Сартавальнае абсталяванне з'явілася тут у 2012 годзе. Тры машыны за дзень апрацоўваюць больш за 200 тысяч лістоў. Для абслугоўвання кожнай з іх дастаткова двух чалавек (ці трох, калі вялікая нагрузка).

Канверты ў цэх «прыязджаюць» на грузавых ліфтах. Работнікі пошты складваюць лісты ў стосы і загружаюць у машыны. Сюды ж трапляюць і паштоўкі для посткросінгу. Далей — справа за тэхнікай. Яна распазнае адрасы, размяркоўвае канверты спачатку па раёнах, а потым — па аддзяленнях сувязі ажно да сумкі паштальёна (чатыры лічбы, якія ставяцца пасля індэксу, абазначаюць зону абслугоўвання канкрэтнага работніка). Машына можа таксама праставіць віншаванні да тэматычных свят — Новага года, 8 Сакавіка, Дня маці.

Далей карэспандэнцыю перакладваюць у асобныя кантэйнеры. Перавязаць стос лістоў за некалькі секундаў дапамагае «моська» — так ласкава называюць пачкавязальную машыну МОSСА. Націснуў на педальку — і гатова.

— Напрацавана добрая адрасная база — дзякуючы ёй у нас вялікі працэнт механічнай сарціроўкі, — расказвае начальнік вытворчасці «Мінская пошта» Наталля ПІЛЕЦКАЯ. — Усе новыя адрасы адразу заносім у даведнік, таму перайменаванне населеных пунктаў для сартавальнай машыны не складае праблемы. Нават калі чалавек пазначыць на канверце старую назву вуліцы, сістэма зробіць замену. Пытанні могуць узнікнуць, калі вуліца з пэўнай назвай, напрыклад Матусевіча, была перанесена. Але тут знайсці адрасата дапаможа паштовы індэкс.

Машына разумее амаль любы почырк і ўмее распазнаваць рускую, беларускую і англійскую мовы. Калі ўзнікаюць спрэчныя моманты, лісты адпраўляюць на відэакадзіраванне, дзе адрасы чытаюць ужо непасрэдна работнікі. І даволі хутка: за гадзіну кожны з іх апрацоўвае па 295 лістоў.

Не ўсе адпраўнікі падпісваюць канверты правільна. Напрыклад, пазначаюць «Мінск, суду Першамайскага раёна», а адрас не падаюць. Такая карэспандэнцыя з разраду «на вёску дзядулі», вядома, дойдзе, але для таго, каб яе апрацаваць, спатрэбіцца больш часу.

Бывае, у канверты кладуць асадкі, хэнд-мэйд-вырабы і іншыя рэчы, якія нельга адпраўляць у пісьмах.

Ліставанне з душой

За мінулы год праз цэх прайшло каля 58 мільёнаў лістоў. Асноўную частку складае дзелавая карэспандэнцыя. Рассылаецца шмат часопісаў, рэкламных каталогаў. Доля лістоў з іншых краін нязначная — у асноўным пішуць з блізкага замежжа.

У пераднавагоднюю пару, бадай, галоўным адрасатам становіцца Дзед Мароз. Яму адпраўляюць па 500 лістоў у дзень! Дзеці добра ведаюць, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя чараўніка. Але, запэўніваюць нас, нават калі ліст будзе аформлены з памылкай, яго ўсё роўна перашлюць Дзеду Марозу.

Кожная паштовая скрыня на вуліцы знаходзіцца на кантролі. Калі кур'ер забірае карэспандэнцыю, спрацоўвае чып, і на прадпрыемстве ведаюць, у колькі было зроблена выманне.

А за шляхам заказных лістоў можна прасачыць самому. Калі вы адпраўляеце такі ліст, выдаюць квітанцыю з нумарам (ён складаецца з 13 сімвалаў). Яго трэба ўвесці на сайце Белпошты ў раздзеле «Сачэнне за паштовымі адпраўленнямі», і сістэма пакажа, на якім этапе ваш ліст.

Дарэчы, пошта можа дапамагчы не толькі даставіць, але і скласці ліст. Праз інтэрнэт-сэрвіс выбіраеце паштоўку, прыдумваеце віншаванне, а прадпрыемства за вас афармляе ўсё ў папяровым выглядзе і адпраўляе адрасату.

Для бізнесу прапануецца паслуга гібрыднай пошты.

— Мы атрымліваем лісты ад арганізацый у электронным выглядзе, раздрукоўваем іх, раскладваем па канвертах і рассылаем, — тлумачыць прынцып паслугі начальнік вытворчасці. — У нас ёсць буйныя кліенты — банкі, падатковыя органы, сотавыя аператары. Многія арганізацыі спрабуюць рабіць такую рассылку самастойна, але для гэтага трэба наймаць людзей, купляць дадатковыя прынтары. А праз пошту ўсё роўна атрымліваецца больш хутка і якасна.

На думку начальніка вытворчасці, хоць аб'ём пісьмовай карэспандэнцыі і скарачаецца, ад лістоў у традыцыйным папяровым выглядзе яшчэ не хутка адмовяцца:

— Што датычыцца дзелавой перапіскі, то гэта вельмі зручна, калі ўсе неабходныя дакументы ёсць пад рукой на стале. А наконт звычайных лістоў — у іх, у адрозненне ад электронных, ёсць душа. Гэта добры спосаб праявіць увагу, паказаць, што ты памятаеш пра чалавека.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: 200 тысяч лістоў у суткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.