Вы тут

Колер дастаўкі — сіні


Такое хвалюючае для жыхароў глыбінкі пытанне, як закрыццё аддзяленняў паштовай сувязі з-за аптымізацыі, яшчэ некалькі гадоў таму ўскалыхнула і прымусіла перажываць вяскоўцаў многіх сельскіх населеных пунктаў па ўсёй краіне. Вядома, у вёсках, дзе з грамадскіх аб'ектаў часта толькі крама, пошта — фарпост сацыяльнага жыцця. У новых умовах,  без стацыянарных аддзяленняў сувязі, актыўная работа пошты на вёсцы працягваецца. І гэта жывы працэс, якія развіваецца і ўдасканальваецца. Карэспандэнт «Звязды» разам з паштальёнам мотадастаўкі адправілася ў рэйс па Калінкавіцкім раёне Гомельшчыны.


Паштальёна выклікалі?

Паштальён па суправаджэнні і абмене пошты Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Наталля Бурлакова на маршруце два гады. Яна — мабільны паштальён, разам з кіроўцам Васілём Туроўчыкам штодзень аб'язджае замацаваны ўчастак матарызаванай паштовай дастаўкі. Нягледзячы на новы фармат работы, у яе як спецыяліста, што працуе ў вёсцы, па-ранейшаму вельмі важная сацыяльная місія, гаворыць Наталля.

— Тут трэба быць яшчэ і псіхолагам, бо людзі чакаюць не толькі газет і тавараў, але і ўвагі. Хочуць пагаварыць. Таму вельмі ўважліва слухаю, якія паслугі пошты патрэбныя чалавеку, бяру заказы, але заўсёды памятаю пра час на маршруце.

Наталля перакананая, што перавага мабільнага паштальёна ў тым, што ён прыязджае ў замацаваныя за ім вёскі кожны дзень.

— Міхнавічы, Клінск, Рудня-Гарбавіцкая, Рудня-Антонаўская, Якімавічы, Садкі — населеныя пункты на маім маршруце, — расказвае Наталля.

Усяго ў яе як у паштальёна па суправаджэнні і абмене пошты зона адказнасці — каля двухсот адрасатаў.

Ад цукру да цэменту

Экіпаж на машыне з пазнавальнай паштовай афарбоўкай якраз уязджае на тэрыторыю буйной, але аддаленай вёскі Міхнавічы, што амаль за 20 кіламетраў ад Калінкавіч. У вёсцы экіпаж мотадастаўкі развозіць па спецыяльных скрынях карэспандэнцыю для адрасатаў, а паралельна дастаўляе дадому раней заказаныя вяскоўцамі тавары.

— Вяскоўцы сёння могуць заказаць поштай усё што заўгодна: ад бялізны да веласіпеда ці камбікорму, ад цукру да цэменту, — тлумачыць Наталля Бурлакова і паказвае сваё галоўнае рабочае «ўзбраенне» — «Мабільны паштальён». Гэта апаратна-праграмны комплекс з выхадам у інтэрнэт і рэспубліканскую сістэму аплаты, які дазваляе праводзіць усе безнаяўныя і наяўныя плацяжы анлайн падчас абслугоўвання дома.

— У нас здарылася любоў з першага погляду, — дзеліцца пастаянная кліентка надомнага абслугоўвання паштальёна ў Міхнавічах Паліна Іонава. — Вельмі ветліва ўсё, акуратна, прыстойна. І гэта не толькі мне даспадобы, але і ўсёй вёсцы. — Паліна Сцяпанаўна бянтэжыцца ад увагі прэсы, але жаданне зрабіць камплімент паштальёну перамагае. — Я ў асноўным заказваю прадукты па пошце, плачу «камуналку», кладу грошы на інтэрнэт і тэлефон. Атрымліваю таксама пенсію, бо сучаснай карткай карыстацца я ўжо не змагу.

Паліна Сцяпанаўна ў родных Міхнавічах 15 гадоў адпрацавала настаўніцай у школе, потым бібліятэкарам пры Доме культуры. Таму пенсіянерка вельмі добра разумее перажыванні людзей, калі важныя сацыяльныя аб'екты на вёсцы закрываюцца. Яна лічыць, што трэба настройвацца на лепшае. Мара жанчыны цяпер — каб яе любімы мабільны паштальён мог з карткі выдаць наяўныя грошы.

— Праз мабільнага паштальёна атрымліваю пенсію, купляю ўсе прадукты, якія патрэбны, — падзялілася ўражаннямі яшчэ адна адрасатка, да якой разам з экіпажам мабільнага паштальёна заязджаем у Міхнавічах, — Тамара Дзейкун.

— І будаўнічыя матэрыялы нам пошта дастаўляе, — дадае жыхарка Міхнавічаў Наталля Петрушэнка. — Адной маёй падапечнай прывезлі днямі сетку Рабіца, цэмент: агароджу хоча ставіць. Прывозяць і руберойд, ды і любы будаўнічы матэрыял. Яшчэ і ў двор занесці дапамогуць.

Наталля Уладзіміраўна амаль усё жыццё адпрацавала ў сельсавеце. Цяпер у роднай вёсцы яна — сацыяльны работнік, таму дакладна ведае, з якімі праблемамі сутыкаюцца тутэйшыя пенсіянеры. Іх у вёсцы 39 і ўсе без паштовых паслуг нікуды.

— Нашы людзі задаволеныя такім абслугоўваннем дома. Не чула, каб скардзіліся, што нешта не даставілі ці прывезлі не ў тэрмін, — кажа Наталля Петрушэнка.

Стацыянарнае аддзяленне сувязі ў Міхнавічах закрылася ў 2019 годзе, але засталося працаваць у цэнтры сельсавета — Якімавічах. Выкананне патрабаванняў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па дастаўцы пошты — пад пільным кантролем мясцовых органаў улады, акцэнтуе ўвагу старшыня Якімавіцкага сельвыканкама Калінкавіцкага раёна Рыта СТРЭЛЬЧАНКА.

— Безумоўна, спачатку ў людзей былі хваляванні, калі ў аддаленых вёсках зачынялі паштовыя аддзяленні. Але былі і іншыя аб'ектыўныя прычыны. Напрыклад, у Міхнавічах, хоць населены пункт значны — больш за 300 жыхароў, — доўгі час была праблема з супрацоўнікам аддзялення. Тут побач чыгуначная станцыя, многія працуюць у горадзе, а вёска ператвараецца ў населены пункт пенсіянераў і дачнікаў. За пэўны час работу перасоўнай і мабільнай пошты наладзілі. Таму апошнія гады ніякіх скаргаў ці заўваг ад людзей наконт паштовых паслуг не паступае. Калі ёсць пэўныя адзінкавыя моманты, аператыўна перадаю просьбы і заўвагі ад людзей кіраўніцтву Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі, — адзначае старшыня Якімавіцкага сельвыканкама.

Каса дадому

Увогуле 11 супрацоўнікаў Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі працуюць на вёсцы паштальёнамі па суправаджэнні і абмене пошты. Яны абслугоўваюць не толькі ўсе населеныя пункты Калінкавіцкага раёна, але і частку вёсак Петрыкаўскага. Штодзень з Калінкавіцкага вузла адпраўляецца ў сельскае паштовае дзяжурства 12 машын.

— У Калінкавіцкім і суседніх Петрыкаўскім, Жыткавіцкім раёнах сельскія населеныя пункты, дзе няма стацыянарных паштовых аддзяленняў сувязі, усе паштовыя паслугі насельніцтву аказваюць паштальёны па суправаджэнні пошты. У Калінкавіцкім раёне на мотадастаўку пераведзена амаль 140 населеных пунктаў, — растлумачыла начальнік аддзела паштовай апрацоўкі, сартавання і дастаўкі Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Святлана КРОГАЛЬ.

У Жыткавіцкім вузле паштовай сувязі, які таксама адносіцца да Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Гомельскага філіяла РУП «Белпошта», — свая вясковая лагістыка: шэсць маршрутаў абслугоўваюць сельскія населеныя пункты Жыткавіцкага раёна і частку Петрыкаўскага.

— Паштальён па суправаджэнні пошты абслугоўвае не толькі населеныя пункты, пераведзеныя на аўтамабільную дастаўку, але і забяспечвае комплекс паслуг — прыём плацяжоў, дастаўку газет, паштовых адпраўленняў, — а таксама адказвае за абмен паштовай прадукцыяй з тымі сельскімі аддзяленнямі сувязі, якія знаходзяцца на маршруце, — падкрэсліла спецыяліст. — У любым выпадку наша задача — трымаць на кантролі якасць ахопу сацыяльна значнымі паслугамі вяскоўцаў і выкананне патрабаванняў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па дастаўцы пошты.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Калінкавіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.