Вы тут

Механічныя ваганні


Механічныя ваганні

На гадзінніку была без чвэрці гадзіна, калі Дзіяна нарэшце села за канспекты. Нягледзячы на тое, што адчувала яна сябе цалкам бадзёрай, засяродзіцца на тэзісах не атрымлівалася.

«Поўная механічная энергія ў становішчы раўнавагі і ў крайніх кропках роўная альбо максімальнай патэнцыйнай энергіі, альбо максімальнай кінеэтычнай энергіі».

За сцяной суседзі — адносна маладыя в’етнамскія студэнты — ужо дастаткова доўга высвятлялі адносіны. Нудна і ўпарта, досыць эмацыйна для іх, нешта абмяркоўвалі на сваёй дзіўнай маўкаючай мове і перасоўвалі крэслы. Дзіяна прыслухалася: за паўгода яна паспела вывучыць пару фраз і зацвердзіцца ў думцы, што в’етнамцы лічаць яе нечым накшталт персанальнай палачкі-выручалачкі. Настроеныя досыць добразычліва да яе, яны прыязна сюсюкаюць з малым, але не перастаюць дапякаць яе просьбамі пра дапамогу з усімі іх бытавымі праблемамі, ад незразумелых разетак да якіхсьці дамоў з пасольствам і іншага.

Дзіяне ў цэлым было пляваць на в’етнамцаў — не чапляюцца, хоць і зыркаюць хітра, калі ёй даводзіцца ісці адсюль на змену, і хай іх. Часам пад настрой і вольны час яна нават і дапамагала ім, але часцей — не. Што абсалютна не перашкаджала ім далей прыходзіць і выслухоўваць адмовы рознай ступені ветлівасці.

Колькі часу яна цікавала: ці заўважаць яны, што ў яе яшчэ гарыць святло, ці палезуць шкрабціся ў дзверы, не зважаючы на позні час, і, хітра-вінавата ўсміхаючыся, ці папросяць вырашыць чарговыя праблемы? За сцяной раптам змоўклі. Дзіяна здрыганулася, скідаючы соннае насланнё, і зноў паглыбілася ў канспект.

«Рэзкае ўзрастанне амплітуды ваганняў пры супадзенні частаты змены знешняй сілы, якая ўздзейнічае на сістэму, з частатой свабодных ваганняў называецца рэзанансам».

«Рэ-за-нанс», — паўтарае сама сабе Дзіяна і чмыхае. Была калісьці ў яе такая звычка: раскладваць новае слова па складах, пракотваючы іх па языку, каб лепш запомніць. Але ёй даўно не дзевяць, і слова «рэ-за-нанс» для яе не новае. Яна ведае, што гэта такое, ведае, як яно працуе і як выкарыстоўваецца, ведае, як знайсці частату свабодных ваганняў, і ўсё астатняе з гэтага канспекта яна таксама ведае.

Але не памятае.

Таму гартае старонкі назад, злуючыся на ўласную тупасць.

Дваццаць хвілін на другую. Дзіяна каторы раз прабягае позіркам па формулах і пачынае разумець сэнс выразу «гляджу ў кнігу — бачу фігу». Дзіяна з уздыхам пацягваецца, звыкла кідае погляд на малога і ідзе па ваду. Праходзіць паўз пакой в’етнамцаў — нешта яны заціхлі — і заходзіць у кухню, не ўключаючы святло. Як яна і думала, хто-небудзь з суседзяў-паўночнікаў пакінуў трохі вады, стан якой яшчэ можна акрэсліць словам «кіпень», калі ёсць трохі фантазіі, вядома. Трохі падумаўшы, Дзіяна забірае чайнік з сабой у пакой, дзе, нарэшце, гатуе сабе каву.

Растваральная кава без цукру — бурда агідная, затое бадзёрыць нядрэнна.

«Умовы ўзнікнення свабодных ваганняў: 1. пры вывядзенні цела са становішча раўнавагі ў сістэме павінна ўзнікнуць сіла, якая будзе імкнуцца вярнуць яго ў становішча раўнавагі».

Малы кашляе і крэкча. Дзіяна падымае галаву, слухае, як ён варочаецца ў сваім ложачку, гатовая ўскочыць адразу ж, калі ён заплача. Але малы не прачынаецца. Дзіяна думае, ці не праверыць тэмпературу, але вырашае, што гэта можа пачакаць да раніцы.

Малы так недарэчна зноў захварэў пасярод вясны. Давялося кідаць з цяжкасцю знойдзеную падпрацоўку, і купляць лекі, і сядзець з ім больш за тыдзень. Ужо на другі дзень в’етнамцы зрабіліся нахабнымі настолькі, што шкрэбліся да іх амаль кожную гадзіну, ветліва ўсміхаліся і жудасна перашкаджалі. Ажно да таго часу, пакуль Дзіяна не вылаяся на іх і не бразнула дзвярыма.

Ды чорт з імі, з в’етнамцамі, а вось падпрацоўку шкада, добрае месца трапілася. Цікава, ці дазволяць ёй вярнуцца.

У рэшце рэшт, на асноўнай працы ёй скакаць толькі да канца траўня. А там да экзаменаў яшчэ месяц.

Дзіяна бярэ ў рукі кубачак і некаторы час глядзіць у цёмную жыжку. Рокі абяцаў зазірнуць на тыдні, каб дапамагчы з малым, але так і не зрабіў гэтага. Дзіяна магла зразумець: заліковы тыдзень усё ж, курсавыя і іншыя радасці ўнівера. Але звычайна ён папярэджвае, ведае ж, як яна ненавідзіць неабавязковасць. І нявызначанасць: цяпер вось думай, забыўся ён ці не, а калі не, то калі яму стукне ў галаву прыехаць, напэўна, у самы нязручны момант... Дзіяна не можа не вяртацца да гэтага. Не тое, каб яна непакоілася... але ці мала што.

Дзіяна сапраўды ненавідзіць тое, што ператварае яе жыццё ў хаос. Нават у такім агідным становішчы, у якім яна жыве апошнія гадоў пяць, павінен быць парадак і логіка. Усё па дакладным графіку: пакуль яна спрабуе зарабіць, малы знаходзіцца пад наглядам. Да таго ж Рокі ведае яе расклад, Рокі павінен разумець, што калі ён не прыйдзе, ёй зноў давядзецца цягнуць малога з сабой, а гэта...

Дзіяна трасе галавой, робіць вялікі глыток кавы. Нічога Рокі нікому не павінен. Хоць, магчыма, яна даруе яму занадта многа. Вось ужо сапраўды галоўная прычына хаосу ў яе жыцці.

Не, не так. Галоўная прычына хаосу ў жыцці Дзіяны — гэта яе ўласная дурасць і неразважлівасць, яе ўласныя ганарыстыя памылкі, якія прывялі да таго, да чаго прывялі. Валіць усё на Рокі безадказна, яна ведае: хочаш нешта выправіць, не шукай вінаватых, а дзейнічай. Таму цяпер ёй варта спыніць разважанні пра абстрактныях рэчы і засяродзіцца на фізіцы.

«Згасальныя ваганні робіць сістэма пад уздзеяннем ўнутраных сіл і сіл супраціву. Вымушаныя ваганні — ваганні цел пад уздзеяннем знешніх перыядычна зменлівых сіл».

Дзіяне здаецца, усё было б прасцей, калі б яна была закаханая ў Рокі. Але яна да гэтага часу лічыла яго сваім сябрам, што ў іх сітуацыі было раўназначным смяротнаму прысуду.

Гісторыя, увогуле, дужа банальная. Два галоўныя батанікі паралелі не маглі не аб’яднацца. Бледная ціхая дзяўчынка, заглыбленая у свет матэматыкі, дзяўчынка, якая аднойчы ледзь не выбіла аднакласніку вока лінейкай. І нязграбны худзенькі хлопчык, гатовы ўвесь дзень балбатаць пра генетыку, хлопчык, падобны да героя Сталонэа крыху менш, чым ніяк, таму і мянушка прычапілася надзейна. Акрамя агульнага дзівацтва, у іх знайшліся агульныя інтарэсы, і ўсё быццам было добра.

У іх былі нейкія планы. Мары стаць вялікім інжынерам і не менш вялікім біёлагам, каб потым стварыць разам «сапраўднага жывога кібарга, амаль як тэрмінатар, крута, так?» Мары скончыліся ў выпускным класе, скончыліся п’яным сексам у дзень нараджэння аднакласніка, а затым і заканамерным з’яўленнем малога.

Зноў жа, Дзіяна лічыла, што не мае сэнсу звальваць усю віну на Рокі. Яна дакладна памятала: тады ў яе штосьці там здарылася, а п’янаму мозгу (і ўслед за ім і целу) пажадалася суцяшэння. А да каго ісці за суцяшэннем, калі не да лепшага сябра?

Строга кажучы, яна атрымала тое, што хацела, вось і ўсё.

Іншая справа, што ад аборту яе адгаварыў менавіта Рокі. Яна проста дазволіла яму пераканаць сябе, а далей... а што — далей? Рокі паспяхова выпусціўся і паступіў, а ў Дзіяны з’явіліся іншыя клопаты.

«Маятнік — цвёрдае цела, якое пад уздзеяннем прыкладзеных сіл робіць ваганні каля нерухомай кропкі ці вакол восі (спружынныя і ніцяныя)».

У пяці хвілінах на чацвёртую гэта азначэнне ўжо не мела для Дзіяны ніякага сэнсу.

З адчуваннем глыбокай незадаволенасці яна адклала канспект і залезла ў ложак. Нягледзячы на відавочную стомленасць і галаўны боль, сон не ішоў.

Падумаць толькі, яна не ў стане адалець самыя простыя паняцці і ўсё яшчэ самазадаволена разлічвае, што зможа рэалізаваць дзіцячыя мары. Для ўступных экзаменаў патрабаваліся матэрыялы больш сур’ёзныя.

Але Дзіяна ўсё распланавала: да саміх экзаменаў яна пачне рыхтавацца ў чэрвені. А да гэтага трэба проста ўспомніць базавы школьны курс, на што няма часу. Зусім няма часу.

Дзіяна ведае: калі ў яе не атрымаецца паступіць, ёй давядзецца вярнуцца да шаста. 

Марыя СВІСТ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.