24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Дэпутаты будуць прыцягваць інвестараў і мадэрнізаваць заканадаўства


На днях у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» адбыўся семінар Палаты прадстаўнікоў, падчас якога дэпутаты вывучалі паркавую інфраструктуру і прававы рэжым. Цэнтральнай тэмай мерапрыемства сталі інвестыцыі — магчымасці іх прыцягнення і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў.


Як расказаў журналістам намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК, інвестары ў «Вялікім камені» знаходзяцца ў вельмі камфортным становішчы. «Для нас важна, каб у краіну прыходзілі высокатэхналагічныя праекты і інвестары, — адзначыў ён. — На мой погляд, тут створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы: кампаніі на 10 гадоў вызваляюцца ад падатку на прыбытак. Гэта сапраўды такая афшорная зона, якая развіваецца толькі два гады, таму казаць пра нейкія высокія паказчыкі, напэўна, заўчасна, але я перакананы, што літаральна праз пару гадоў мы ўбачым добрыя вынікі. Работа парка дасць сур'ёзны штуршок развіццю нашай эканомікі».

Каб прыцягнуць у парк большую колькасць беларускіх інвестараў, дэпутаты павінны больш актыўна працаваць у сваіх акругах, упэўнены віцэ-спікер. Больш за тое, дэпутаты маюць намер больш актыўна прэзентаваць магчымасці «Вялікага каменя» на міжнародных пляцоўках, такім чынам забяспечыўшы прыход замежных інвестараў. Не варта забываць, што на цяперашні момант у Нацыянальным сходзе створана 74 групы дружбы з парламентамі іншых краін. Калі задзейнічаць гэты інструмент, то вынік абавязкова прыйдзе.

Парламентарыі працягнуць удасканальваць і беларускае заканадаўства, робячы яго больш прывабным для бізнесу. І гэта не проста словы, паколькі работа вядзецца пастаянна: Прэзідэнт падпісаў дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», а ў краіне ўзяты курс на развіццё лічбавай эканомікі. Намеры па мадэрнізацыі інвестыцыйнага заканадаўства па выніках візіту ў «Вялікі камень» пацвердзіў і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў ШЧЭПАЎ.

— З кіраўніцтвам парка мы абмяркоўваем пытанне, якім чынам тыя навелы, якія прапануюцца ў парку, можна было б распаўсюдзіць на ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў. — Напрыклад, прынцып «адной станцыі» для работы з інвестарамі і рэзідэнтамі. Важна, калі ў адным офісным памяшканні ёсць адпаведная інфармацыйная сістэма і спецыялісты, якія забяспечваюць узаемадзеянне з прадстаўнікамі рэзідэнтаў. Гэта эканоміць час і падымае прэстыж краіны, калі інвестарам няма неабходнасці хадзіць па кабінетах.

Ён таксама дадаў, што парламентарыям трэба ўнесці папраўкі ў закон аб гаспадарчых таварыствах і Падатковы кодэкс. Акрамя таго, працягваецца работа над законам аб інвестыцыях. Так, дакумент быў прыняты ў першым чытанні, аднак да другога чытання можна дадаць некаторыя новаўвядзенні, упэўнены Уладзіслаў Шчэпаў.

Дарэчы, а якая сітуацыя па прыцягненні інвестараў у «Вялікім камені» цяпер? Як расказаў кіраўнік Адміністрацыі парка Аляксандр ЯРАШЭНКА, кіраўніцтва робіць усё для захавання станоўчай дынамікі прыходу новых рэзідэнтаў. Ён выказаў надзею, што да канца наступнага года колькасць кампаній павялічыцца з 23 да 35. Некалькі новых гульцоў чакаецца ўжо ў пачатку 2018 года.

У першую чаргу, кіраўніцтва парка разлічвае на высокатэхналагічныя вытворчасці: напрыклад, у новым годзе чакаецца старт вытворчасці суперкандэнсатараў, якія будзе выкарыстоўваць ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» для розных відаў грамадскага транспарту. Сам жа праект рэалізуе кітайская кампанія. Акрамя таго, у 2018-м чакаецца выпуск першай прадукцыі амерыканскай кампаніі «Рухтэх», якая зараз будуе ў парку вытворчасць лазернага абсталявання.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Белта

Загаловак у газеце: Ад малога да «Вялікага»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.