Вы тут

Топ цікавых навін замежжа пра Новы год


Галоўны сімвал Новага года

Родапачынальнікам звычаю прыносіць ёлку ў дом на Каляды лічыцца нямецкі рэлігійны рэфарматар, заснавальнік пратэстантызму, Марцін Лютэр. Праўда, ён ёлку не ставіў, а спачатку падвешваў да столі «дагары нагамі». Каб неяк зблізіць татэмнае дрэва з хрысціянствам, пазней ён сказаў сваёй пастве ўпрыгожыць верхавіны святочных ёлак Віфлеемскай зоркай, а на галінкі змясціць свечкі.

З 1737 года ў германскіх княствах дрэва пачалі «апранаць» у мішуру, папяровыя абрэзкі. А праз некаторы час на ялінках з'явіліся пазалочаныя і пасярэбраныя бульбіны, якія тады яшчэ былі рэдкасцю ў Еўропе.

Да сярэдзіны XVІІІ стагоддзя амаль усе ёлачныя ўпрыгажэнні пасля свят можна было спажыць у ежу. На ёлкі вешалі арэхі, вафлі, яблыкі і іншую садавіну і прысмакі. Потым да ежы дадаліся шары, размаляваныя яечныя шкарлупіны, латуневыя анёлы і папяровыя кветкі.

Ёлачныя шары, без якіх святочную ёлку цяжка ўявіць, пачалі рабіць у 1848 годзе ў маленькім гарадку Лауша ў Цюрынгіі, які славіўся сваімі шкловыдзімальшчыкамі. Ёсць легенда, што той год быў неўраджайны на яблыкі, таму традыцыйнага ўпрыгажэння проста не было. Тады мясцовыя майстры зрабілі з каляровага шкла шары, пакрытыя знутры свінцом і пасыпаныя бліскаўкамі.

У 1877 годзе Ёханэс Экард з Германіі вынайшаў музычную падстаўку пад ёлку. Калі яе заводзілі ключом, ёлка пачынала павольна круціцца пад гукі вальса.

У Расіі звычай святкаваць Новы год з ёлкай у доме ўвёў Пётр І. Зрэшты, паўсюдна ў Расійскай імперыі ёлкі сталі ўсталёўваць толькі ў канцы XІX стагоддзя, і гэтая традыцыя захоўвалася аж да рэвалюцыі. У 1918-м бальшавікі забаранілі святкаваць Новы год, лічачы гэта «буржуазным капрызам». Але ў 1935 годзе забарона была знятая, як лічаць гісторыкі, дзякуючы Сталіну, а з 1949 года 1 студзеня было абвешчана выхадным днём.

Спачатку савецкія грамадзяне вешалі на ёлкі садавіну і цукеркі. Затым настала чарга цацак — «вобразаў» членаў Палітбюро і асабіста Сталіна, піянераў з горнамі. Вялікая Айчынная вайна ўнесла свае карэктывы: ёлкі прыбіралі дэсантнікамі, пісталетамі, сабакамі-санітарамі, а Дзед Мароз нязменна быў з аўтаматам. «Хрушчоўскай адлізе» адпавядалі хакеісты, пачаткі кукурузы, цацачныя трактары, а ў 80-я ва ўбранстве ёлкі прысутнічалі спадарожнікі, касманаўты, казачныя героі.

У некаторых еўрапейскіх краінах быў даволі жорсткі звычай: перад тым як упусціць дзяцей у пакой з прыбранай ёлкай, бацькі трымалі іх у зусім цёмным пакоі.

Першая штучная ёлка была створана ў 1747 годзе ў Германіі з фарбаваных гусіных пёраў.

Першая электрычная гірлянда з'явілася ў 1895 годзе ў ЗША і ўпрыгожвала калядную ёлку перад Белым домам.

Пачынаючы з 1946 года каралеўская сям'я Нарвегіі штогод адпраўляе ў Лондан 20-метровую ёлку ў падзяку за вызваленне краіны ад нямецкай акупацыі.


Сям'я 34 гады прыбірае адну калядную ёлку

Мужы — героі анекдотаў на тэму «толькі слабакі выкідваюць ёлку ў студзені» — нервова кураць у баку пасля гэтага факта. Таму што сям'я з Каліфорніі ўстанавіла своеасаблівы рэкорд — яна вось ужо 34 гады як не выкідвае калядную ёлку, паведамляе Dаіlу Mаіl.

У 1983 годзе жыхары амерыканскага горада Ірвайн Джына і Джо Містрэта аддалі 20 долараў за 60-сантыметровую сасну ў якасці каляднай ёлкі. Яны прынеслі дрэва дадому і ўпрыгожылі яго гірляндай. Калі святы скончыліся, Містрэта вырашылі захаваць сасну да наступнага года, пасадзіўшы яе ў гаршчок. Праз год яны зноў прыбралі яе да Каляд. З часам гэта ператварылася ў сямейную традыцыю.

За 34 гады хвоя добра вырасла і цяпер яна важыць больш за 130 кілаграмаў. Каб дрэва не ўпіралася ў столь, яго прыходзіцца падпілоўваць, акрамя таго, некалькі разоў на год яго перасаджваюць у новы гаршчок. Джына і Джо плануюць пакінуць сасну ў спадчыну аднаму з сыноў.


Неадкрыты падарунак захоўваецца ўжо 47 гадоў

64-гадовы жыхар канадскага Эдмантана з 1970 года захоўваў падарунак ад дзяўчыны, якая яго кінула, але так і не адкрыў яго, паведамляе СBС Nеws.

47 гадоў таму Адрыян Пірс заканчваў школу і сустракаўся з дзяўчынай па імені Вікі. На Каляды яна ўручыла яму падарунак і паведаміла, што хацела б развітацца. Ён прынёс скрутак дадому, абурана кінуў яго пад ёлку і абвясціў, што ніколі яго не адкрые. «Спачатку я захоўваў яго, бо, верагодна, спадзяваўся, што мы зноў сыдземся і адкрыем яго разам, — кажа Пірс. — А цяпер гэта проста звычка». Кожныя Каляды ён клаў падарунак пад ёлку, а потым прыбіраў да наступнага года. Аднойчы жонка заявіла, што больш не жадае бачыць пад ёлкай падарунак ад яго былой, і з тых часоў Пірс любуецца на яго ў адзіноце. Некалькі гадоў таму ён ледзь не разгарнуў яго.


Алені прыйшлі па пачастунак

У амерыканскім штаце Каларада аленіха прыйшла ў краму на аўтазапраўцы і, атрымаўшы шакаладку, вярнулася туды па дабаўку з іншымі аленямі, паведамляе СBS Dеnvеr.

Прадаўшчыца Лоры Джонс сцвярджае, што не раз бачыла жывёл на вуліцы перад крамай, але гэтым разам аленіха асмялела, увайшла ўнутр і пачала разглядаць сонечныя акуляры, марожанае і чыпсы. Каб выправадзіць жывёлу, прадаўшчыцы давялося даць ёй шакаладку. Яна вярнулася да работы, аднак праз некалькі хвілін зноў убачыла аленіху ў краме, а ў дзверы магазіна зазіралі яе дзіцяняты. Джонс прыйшлося ахвяраваць яшчэ адной шакаладкай. Цяпер яна лічыць, што гэта было памылкай. Акрамя ўжо знаёмай ёй аленіхі з алянятамі, у краму сталі наведвацца іншыя самкі і самцы.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.