З такой праблемай звярнуўся ў рэдакцыю жыхар вёскі Ліпава Кобрынскага раёна Пётр Васілевіч Бура. Пенсіянер піша, што ўбачыў па тэлевізары рэкламу пластыкавых павелічальных акуляраў «Біг Віжн» і вырашыў іх заказаць.
«Пазваніў у тэлекраму, у лістападзе прыслалі акуляры. Заплаціў за іх амаль 20 рублёў плюс пяць за перасылку. А яны аказаліся дрэнныя, яшчэ горшыя за мае старыя. Я акуляры адправіў назад, зноў на пошце заплаціў за перасылку. Тэлефанаваў у тэлекраму некалькі разоў: абяцаюць, што грошы прышлюць, але іх усё няма», — абураецца Пётр Васілевіч.
Мы звярнуліся ў тую тэлекраму, дзе пенсіянер заказваў акуляры. Там запэўнілі, што ніякай праблемы з вяртаннем платы за тавар у іх няма:
— На працягу тыдня з таго моманту, як атрымліваем пасылку, мы разглядаем зварот і адпраўляем адказ: або замяняем тавар на той, што без дэфекту, або высылаем грошы. Але плата за дастаўку не вяртаецца.
Што да грошай Пятра Васілевіча, то іх яшчэ ў снежні выслалі пенсіянеру на яго паштовае аддзяленне. Суму трэба забраць да 15 студзеня, інакш яе адправяць назад на адрас тэлекрамы.
Дарэчы, на сайце адной з тэлекрам папярэджваюць: калі ў чалавека ёсць праблемы са зрокам (звычайна дальназоркасць), выява пры выкарыстанні акуляраў можа быць размытая. Тады адначасова з гэтымі акулярамі варта выкарыстоўваць тыя, якія карэктуюць зрок. «Біг Віжн» імі не з'яўляюцца: яны проста візуальна павялічваюць прадметы.
Галоўны спецыяліст упраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Наталля ХІВУК тлумачыць: калі вам прыслалі бракаваны тавар, то звяртайцеся з пісьмовай прэтэнзіяй на адрас прадаўца.
— Грошы за няякасную рэч павінны вярнуць на працягу сямі дзён з моманту атрымання прэтэнзіі. Калі ўзнікаюць спрэчкі і трэба правесці экспертызу, то гэты перыяд павялічваецца да 14 дзён. Прасіць замяніць няякасны тавар ці вярнуць за яго грошы можна, пакуль не скончыўся гарантыйны тэрмін, — каментуе спецыяліст.
Іншая пытанне: ці быў той брак? «Дрэнныя» — паняцце шырокае. Магчыма, чытач проста чакаў большага ад павелічальных акуляраў. Але адмовіцца ад пакупкі ўсё роўна можна, паколькі гэта рэч не ўваходзіць у пералік тавараў належнай якасці, якія нельга вярнуць. Толькі ў гэтым выпадку адправіць пластыкавыя акуляры назад трэба ў тэрмін не большы за 14 дзён з моманту іх набыцця.
— Заказваючы тавар у тэлекраме, пакупнік, вядома, рызыкуе, — лічыць Наталля Хівук. — Вы не бачылі тую рэч, не мералі. Заўсёды ўважліва вывучайце ўмовы куплі і звесткі аб тавары, каб потым нейкая інфармацыя не стала для вас нечаканасцю.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.