Вы тут

Я без доктара лячуся...


Вядома, даўней людзі хварэлі, але ніякіх дактароў не ведалі. Лячыліся больш зёлкамі, малаком, здорам... Веды перадаваліся з пакалення ў пакаленне.


Калі забаліць жывот — заварвалі гарбату з рамонку, сушаных чарніц, калі галава — абвязвалі яе туга хусткай, прыклаўшы капусны ліст або намочаную ў квасе анучку. Часта здаралася, што парэжаш у полі сярпом руку (ці дома нажом), дык расціралі лісточкі крываўніку, прыкладалі і перавязвалі. Сінякі лячылі «бабкай» (падарожнікам), лістом капусты, лопухам.

Зёлкі ў нас збіралі абавязкова на Яна. Казалі, што гэты дзень дае ім гаючую сілу. Я хадзіла з бабуляй, таму шмат зёлак ведала. Дачка мая — правізар, то казала, што ўсе яны правільна падбіраліся. Вось табе і цёмныя людзі.

Пры прастудзе таксама былі адмысловыя лекі. Звычайна дзяцей паілі журавінным морсам. Журавіны на гарышчы стаялі заўсёды. Іх выкарыстоўвалі не толькі пры прастудзе, але і пры галаўным болі. Таксама гатавалі адвар з малінніку (ці чабару, падбелу, кветак ліпы). Мая бабуля рабіла яшчэ і так: разразала цыбуліну напалам, разрэзаным бокам клала на гарачую чыгунную пліту, яна падпякалася, а тады, як трошкі астыне, націрала мне далоні, падэшвы ног і цёпленька ўхутвала на ноч. Назаўтра адчуваеш сябе амаль здаровай, хоць яшчэ цяжкавата на свет глядзець. Уставаць ні за што не даюць. Тры дні з ложка і не рухайся.

Калі тэмпература трошкі спадала або балела горла, дык давалі кіпячонае малако з мёдам, маслам ці здорам. Слоік мёду быў у кожнага ў запасе на такую патрэбу. А малако, калі свайго няма, бралі ў таго, у каго ёсць: хвораму ніхто не адмаўляў.

У кожнай хаце была бутэлечка шкіпінару. Называлі яго «тарпатына». Націраліся ім, папярэдне змяшаўшы са свіным здорам (толькі я не ведаю, у якіх прапорцыях), пры болю і ламоце ў касцях.

Пры пякучцы трэба было пажаваць гарошыну або бобіну. Боб, трэба сказаць, садзілі цэлымі градкамі. Яго варылі, папярэдне намачыўшы на ноч.

Выкарыстоўвалі і насенне лёну. Ім прыкладалі нарывы і пілі пры праблемах са страўнікам. Ужывалі таксама адвары палыну.

У нас на ўчастку было балотца (называлася куп'ё). Там на купінах расла асака, а паміж купінамі была чорная твань.
У дажджлівае надвор'е, вядома, стаяла вада. Мы скакалі з купіны на купіну, а асака рэжа ногі, рукі, таму ўсе былі ў пісягах. Ды яшчэ залезем з суседскай дзяўчынай Галяй у твань, ногі чорныя па калена і хвалімся сваімі «боцікамі». Калі змываем, дык лыткі абвяваюцца ветрам і колюцца. Прыганяеш вечарам кароўку дамоў, а ногі смыляць, дзецца няма дзе. Днём то і не чулася. Вечарам бабуля мыла мае ногі цёплай вадой (мне не давярала, бо я памачу ды і ўсё), затым старанна выцірала і мазала вяршкамі. Ці так, ці так, яны пякуць, але заснеш хутка, бо налёталіся. Назаўтра парэзы заструпіліся.

Дома ўшчуваюць, каб не лазіла па куп'і. Іншым разам, праўда, устрымаешся, але як магнітам цягне ў гэтае балота. Аднойчы ў мяне па ўсім целе пайшлі вадыры. Я спужалася і пагнала кароўку дамоў. Бабуля паглядзела і кажа: «Нічога, хутка пройдзе!» Яна заварыла браткі палявыя (фіялка). Загадала памыцца імі, змачыла ўсё цела. Пакінула мяне паляжаць, а сама пагнала кароўку на пашу. Мама мяне пагладзіла, стала апавядаць нейкую казку (мусіць сама выдумала), што браткі гояць болькі на целе, што фіялетавы колер — гэта брацік, а чырванаваты ці жоўты — сястрычка. Яны ў кветачкі ператварыліся, каб дапамагаць людзям. Назаўтра ў мяне ўсё прайшло.

Яўгенія КУЛЕВІЧ, в. Сялец

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.