Вы тут

«Ніяк не магу купіць гумавыя галёшы»


Вытворчасць гэтага абутку закансерваваная...

Дарагая газета «Звязда», дапамажы ў няпростай сітуацыі. Памажыце нам, старым, абуцца, бо гэта вялікая праблема — як з веснавым абуткам, так і з зімовым. Акрамя тапачак для старых нічога няма. Нам патрэбны галёшы, але іх нідзе днём з агнём не знайсці. Дзеці адзежак павыкідваюць, у нас ёсць краўчыхі, дык сшыюць з гэтага валёнкі ці буркі: і мякка, і цёпла. Але няма галёшаў. Звярталіся ў мясцовае райспажыўтаварыства, там паспачувалі, але нічым дапамагчы не змаглі, бо Крычаўская фабрыка, якая выпускала галёшы, ужо іх не вырабляе, а толькі боты гумавыя.

Вера Яфімаўна КЛІМОВІЧ, вёска Сцяцкі Стаўбцоўскага раёна


Фота: ua.all.biz

Напачатку ў якасці невялікага адступлення хачу зазначыць, што, па-першае, аб праблеме Веры Яфімаўны ведаюць — дзе прама (нават прозвішча заяўніцы не давялося называць, усе разумелі, пра каго гаворка), дзе ўскосна — і ў Стаўбцоўскім раённым спажывецкім таварыстве, і на Крычаўскім заводзе гумавых вырабаў ААТ «Белшына». А, па-другое, паўсюдна імкнуцца ёй дапамагчы, як могуць, але... Але аб усім па парадку.

У канцэрне «Беллегпрам» нам паведамілі, што на сённяшні дзень у яго складзе няма прадпрыемстваў па вырабе гумавых галёш. Вытворчасцю гэтай прадукцыі займаецца Крычаўскі завод гумавых вырабаў ААТ «Белшына» (раней гэты абутак выпускалі яшчэ ў Гомелі).

Калі так, чаму ў Стаўбцоўскім раённым спажывецкім таварыстве не могуць заказаць патрэбнае? На сайце Крычаўскага завода ў каталогу прадукцыі пазначана, што такі абутак у наяўнасці маецца. Пачуўшы гэта пытанне, начальнік аддзела нехарчовых тавараў Лідзія Далідовіч праясніла сітуацыю.

— Насамрэч завод можа прапанаваць толькі садовую прадукцыю з ПВХ, гумавых вырабаў у іх няма — знялі з вытворчасці. Прычым, у якасці рэшткаў засталіся толькі мужчынскія галёшы вялікіх памераў. Я ім літаральна нядаўна зноў тэлефанавала, бо вельмі хочацца дапамагчы гэтай жанчыне. Нават на базы званіла — можа, дзе што захавалася, але безвынікова, — эмацыянальна растлумачыла Лідзія Аляксандраўна.

У аддзеле збыту Крычаўскага завода гумавых вырабаў ААТ «Белшына» таксама паспачувалі нашай чытачцы. Але мусілі канстатаваць: вытворчасць галёшаў для валёнак для абароны абутку ад вады і снегу з фармаванай гумы закансерваваная. Пакуль закансерваваная, а як яно будзе далей, пакуль ніхто не ведае. Фармаваная гума — гэта так званая чыстая, яна дарагая, ад яе выкарыстання адыходзяць ва ўсім свеце, замяняючы на ПВХ. Да таго ж менавіта фармаваныя жаночыя галёшы прадпрыемства і так не выпускала. Былі толькі мужчынскія мадэлі. Зараз засталіся толькі рэшткі, якія распрадаюцца са зніжкамі, па акцыях. Ды і тут памерны рад ужо «прасеў» — засталіся толькі галёшы 43, 44 і 45 памераў... Напрыканцы размовы параілі нашай чытачцы не адчайвацца і падбадзёрылі: «У рэшце рэшт, якія зараз зімы?»

Сапраўды, калі гаворка ідзе, як піша чытачка, пра цёплы і мяккі зімовы абутак, дык па-ранейшаму можна набыць валёнкі, як некалі. І галёшы, каб хадзіць па вуліцы, патрэбныя не будуць — сучасныя мадэлі ідуць ужо з цвёрдай прыклеенай падэшвай. Можна набыць валёнкі без апошняй — каб хадзіць па хаце. Такі адмысловы варыянт тапачак для пажылых. Яны яшчэ мякчэйшыя за першыя, карацейшыя і лягчэйшыя.

Можна набыць і сучасныя галёшы з ПВХ — уцепленыя, на цвёрдай падэшве — як самастойны абутак. У іх, калі што, і з хаты можна выходзіць. Атрымаўшы ліст чытачкі, зайшоў у абутковую краму каля работы. Калі ласка, абутак так і называецца — «Галёшы жаночыя ўцепленыя». Вытворчасць Расіі, 36-ы памер каштуе 12 рублёў. Можна нават па колеры выбраць. Проста галёшы таго ж памеру, без уцяплення, можна набыць за 8,32 рубля. Зноў жа расійскія. Дарэчы, ёсць і мужчынскі аналагічны абутак розных памераў, каштуе крыху даражэй за жаночы. Тут жа стаяць жаночыя сабо — фактычна тыя ж уцепленыя галёшы. Цана пытання — 13 рублёў. Не падабаюцца гэтыя варыянты? Можна ўзяць сучасныя лёгкія боцікі на сінтэпоне на ліпучках з халявамі да калена. Каштуюць 28 рублёў за пару. Зноў жа, ёсць і мужчынскі такі ж абутак. Усё пералічанае адрознівае шырокая калодка — якраз на старэчыя ногі, яшчэ і шарсцяныя шкарпэткі можна будзе нацягнуць. І гэта толькі ў бліжэйшай абутковай краме. Пра асартымент высокіх уцепленых дамашніх тапачак і бурак маўчу — выбраць таксама ёсць з чаго.

Але, думаецца, усё гэта чытачка зможа набыць, нават не ездзячы ў сталіцу. А гумавыя галёшы... Як слушна падказала Лідзія Далідовіч, іх цяпер хіба з рук у каго можна купіць.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!