Вы тут

Складзены рэйтынг самых прадпрымальных рэгіёнаў краіны


Лідарам сярод дзелавых тэрыторый аказалася Мінская вобласць, дзе больш за ўсё індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) на 1 тысячу жыхароў, аднак больш за іншых у сярэднім зарабляюць «іпэшнікі» на Брэстчыне. Рэйтынг склала пляцоўка аб'яў «Куфар» на аснове афіцыйнай статыстыкі і ўласных даных.


Мінск лідзіруе з адрывам

Сталічная вобласць першынствуе па агульнай колькасці ІП і іх долі сярод насельніцтва. У самым прадпрымальным рэгіёне нават без уліку сталіцы налічваецца 26 індывідуальных прадпрымальнікаў на 1 тысячу жыхароў. Больш бізнесменаў толькі ў Мінску — каля 40 ІП на кожную тысячу гараджан.

Другое месца ў рэйтынгу займае Гродзенская вобласць, дзе на 1 тысячу жыхароў прыпадае каля 23 прадпрымальнікаў. Трэцяе месца з нязначным адставаннем займае Брэсцкі рэгіён. Развіваецца малы бізнес і ў Магілёўскай вобласці, у якой на сябе працуе звыш 2,1 % насельніцтва. За ёй ідзе Гомельскі рэгіён з 19 «іпэшнікамі» на 1 тысячу жыхароў. Найменш прадпрымальнай аказалася Віцебская вобласць: сваю справу тут адкрылі ўсяго 1,8 % насельніцтва.

Больш за 2 тысячы рублёў у месяц

Абсалютны максімум зарабляюць у Мінску, дзе абарот на аднаго прадпрымальніка ў сярэднім складае каля 2500 рублёў у месяц. За межамі сталіцы больш выгадна весці справы ў Брэсцкай вобласці, дзе бізнесмены ў сярэднім маюць каля 2300 рублёў. Другое месца сярод рэгіёнаў займае Гродзенская вобласць — з 2270 рублёў на кожнага «іпэшніка». Амаль на 70 рублёў менш атрымліваюць бізнесмены на Гомельшчыне. Радком ніжэй ідзе сталічны рэгіён, дзе выручка прадпрымальніка звычайна складае 2170 рублёў. Менш зарабляюць прадпрымальнікі ў Магілёўскай вобласці (2060 рублёў), а замыкае спіс Віцебскі рэгіён — тут ІП могуць разлічваць на абарот у 2030 рублёў у месяц.

Прадаваць і будаваць

Большасць «іпэшнікаў» у Беларусі займаюцца гандлем, будаўніцтвам і перавозкамі. У кожным рэгіёне ў гэтых сферах працуе больш за палову зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў. Выключэнне складае толькі Мінск, дзе на другое месца пасля гандляроў выйшлі кансультанты, дызайнеры і фатографы.

У сярэднім па краіне кожны другі рубель беларускія прадпрымальнікі атрымліваюць ад сферы гандлю. Аднак кожны рэгіён мае свае асаблівасці. Так, прадпрымальнікі Мінскай вобласці больш за іншых зарабляюць на вытворчасці і будаўніцтве, Віцебскай — на сельскай гаспадарцы, а Брэсцкай — на медыцынскіх і сацыяльных паслугах. У Гомельскай вобласці як нідзе папулярныя паслугі часовага пражывання і харчавання.

Павінен стаць драйверам эканомікі

«Малы бізнес пачынае адыгрываць усё больш прыкметную ролю ў эканоміцы, займаючы нават тыя вобласці, якія традыцыйна былі прэрагатывай буйных кампаній. Гэта пазітыўна адбіваецца на развіцці рынку і эканомікі ў цэлым», — перакананы начальнік упраўлення маркетынгу і камерцыі «Куфара» Ілья Жукавец.

У той жа час, як адзначае эксперт, патэнцыял сегмента малога бізнесу значна вышэйшы: у паспяховых краінах менавіта ён з'яўляецца драйверам эканомікі. Паспяхова развівацца беларускім прадпрымальнікам перашкаджаюць неразуменне заканадаўства, адсутнасць стратэгічнага планавання і недастатковае веданне сферы анлайн-гандлю. Сітуацыю могуць палепшыць адукацыйныя ініцыятывы, закліканыя дапамагчы прадпрымальнікам-пачаткоўцам разабрацца ў сферы электроннай камерцыі.

«Толькі ў мінулым годзе беларусы патрацілі на анлайн-шопінг каля 360 млн долараў. Каб захаваць бізнес, прадпрымальнікі выходзяць у анлайн услед за спажыўцамі. Мы бачым гэта і па тым, як актыўна падключаюцца анлайн-вітрыны на нашай пляцоўцы, што дапамагае ўсім ахвотным адаптаваць свой бізнес да рэалій лічбавай эканомікі», — падкрэсліў эксперт.

Стала больш бізнес-лэдзі

Яшчэ адной тэндэнцыяй стаў рост колькасці жанчын сярод ІП. Усё больш дзяўчат хочуць адкрыць уласную справу замест таго, каб працаваць на кампанію. «Актыўнасць жанчын у бізнесе ўзрастае, і мы бачым гэта па тым, як актыўна дзяўчаты ўдзельнічаюць у адукацыйных мерапрыемствах», — адзначыў прадстаўнік пляцоўкі.

Усё больш прадпрымальнікаў сталі ствараць стартапы. Атрымліваюць развіццё і новыя формы фінансавання бізнесу, такія як краўдфандынг. «Беларускія прадпрымальнікі, асабліва моладзь, вывучаюць заходнія тэндэнцыі і імкнуцца глядзець у будучыню. Усе разумеюць: весці бізнес «па-старому» ўжо неэфектыўна: калі не перабудуецца, можна страціць сваю долю рынку», — растлумачыў Ілья Жукавец.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Дзе малы бізнес у пашане?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».

Грамадства

Як працуюць сапёры?

Як працуюць сапёры?

Больш за ўсё «сюрпрызаў» з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах.