Вы тут

Як нявыказаныя эмоцыі выклікаюць хваробы?


Яшчэ ў мінулым стагоддзі вучоныя выявілі, што шэраг захворванняў можа ўзнікаць у тым ліку і з-за нашых негатыўных эмоцый. Сярод іх артэрыяльная гіпертэнзія, язвавая хвароба страўніка, нейрадэрміт, бранхіяльная астма і іншыя. Як псіхічныя працэсы ўплываюць на наша цела і чаму іх нельга ігнараваць, а таксама ад якіх асабістых якасцяў залежыць схільнасць да той ці іншай хваробы, мы распыталі ўрача-псіхатэрапеўта мінскага Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ганну Галубіч.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Ганна Пятроўна, ці праўда, што ўсе хваробы ад нерваў?

— Цяпер прынята лічыць, што амаль любое захворванне можна аднесці да псіхасаматычных, бо ў сваёй прыродзе яно мае як фізіялагічны, так і псіхічны складнік. І калі з такога пункту погляду разглядаць кожную хваробу, то больш верагодна яе паспяхова вылечыць. Псіхіка і цела — гэта адзінае цэлае. Эмоцыі жывуць у нашым целе, і кожная з іх мае цялесны эквівалент і выяўленне. Прасцей кажучы, пэўная энергія выдзяляецца ў пэўную частку цела. Таму калі эмоцыі няправільна выяўляюцца ці доўга ўтрымліваюцца — маецца на ўвазе хранічны стрэс, так ці інакш гэта прывядзе да зрыву адаптацыйнага рэсурсу арганізма. І будзе папярэднічаць развіццю захворванняў.

— Ёсць пералік асноўных захворванняў, якія адносяць да псіхасаматычных, так званая чыкагская сямёрка...

— Так, яе вылучыў Франц Аляксандэр у мінулым стагоддзі. Гэта артэрыяльная гіпертэнзія, бранхіяльная астма, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, нейрадэрміт, неспецыфічны язвавы каліт, рэўматоідны артрыт і тырэатаксікоз — гіперфункцыя шчытападобнай залозы. І тут усё мае сваё лагічнае тлумачэнне. Напрыклад, выпрацоўка гармонаў шчытападобнай залозы кантралюецца нервовай сістэмай.

— І што выклікае тырэатаксікоз?

— Калі чалавек доўгі час знаходзіцца ў стане страху і трывогі, звязаным з ціскам звонку, адпаведна, гармонаў выпрацоўваецца больш.

— Псіхасаматычныя аспекты ёсць нават у анкалагічных хвароб...

— Часцей за ўсё гэта сітуацыі, калі чалавек доўгі час знаходзіцца ў стане гнятучай крыўды. Так, немагчыма не крыўдзіцца, калі нас крыўдзяць. Але тут важна, як вы з гэтым абыходзіцеся. Хранічна знаходзіцца ў стане крыўды згубна. Трэба выказваць гэтую эмоцыю ці неяк працаваць з ёй. Часта парушаюць нашы межы, ушчамляюць інтарэсы блізкія нам людзі. Ёсць шэраг людзей, якія з нейкіх прычын з гэтых адносін выйсці не могуць, а часцей за ўсё не хочуць ці нават не ўяўляюць, што трэба іх спыняць. Калі маці крыўдзіць дзіця, яно ніяк не выйдзе з такіх адносін. І прызвычаіцца, што крыўда — частка жыцця. Прыме гэта як норму, і ўжо дарослая дзяўчына выбера такога ж мужа, які будзе паўтараць мадэль паводзін у бацькоўскай сям'і. Дарослы чалавек, калі яго крыўдзяць, павінен разумець, што трэба сябе абараніць, нельга дазваляць з сабой так абыходзіцца. Увогуле любая негатыўная эмоцыя даецца нам дзеля таго, каб сябе абараніць, зрабіць нешта, каб яе больш не адчуваць. А калі чалавек не мае інструмента, не ўмее спраўляцца з траўміруючай сітуацыяй, праз нейкі час гэта прыводзіць да збою нашых адаптацыйных рэсурсаў.

— Бясплоднасць можа мець псіхасаматычныя прычыны?

— Не ва ўсіх выпадках, безумоўна, а ў нейкай частцы. Часцей яны звязаныя з непрыняццем сваёй жаночай функцыі, з сорамам у праяўленні жаноцкасці ці з нейкімі ранейшымі траўмамі на сексуальнай глебе. Таксама гэта можа здарацца, калі жанчына інфантыльная, не гатовая браць адказнасць на сябе, нягледзячы на дзетародны ўзрост. Яна свядома агучвае, што хоча дзіця, але падсвядома не гатовая да цяжарнасці. Тады цела такім чынам абараняецца.

— Чаму нейкую псіхалагічную траўму ці складаную сітуацыю адзін чалавек перажыве бясследна, а іншы захварэе?

— Псіхасаматычныя механізмы запускаюцца не ў залежнасці ад колькасці і якасці перажытых цяжкасцяў, а ад рыс характару чалавека. Напрыклад, на артэрыяльную гіпертэнзію пакутуюць часцей за ўсё людзі, якія імкнуцца падаць сябе ў выгадным святле, усім спадабацца. Агрэсію яны трымаюць у сабе, што павялічвае напружанасць. Акрамя гэтага, яны занадта шмат бяруць работы, нясуць яе дадому ці заседжваюцца дапазна. І вось калі на працягу доўгага часу чалавек існуе ў такім балансе, калі шмат на сябе бярэ, стрымлівае эмоцыі, нічога не прад'яўляе асяроддзю, а стараецца дэманстраваць маску ўсмешлівасці і добрых адносін, верагодна, што ў яго ўзнікне артэрыяльная гіпертэнзія.

— У сучасным свеце такая мадэль паводзін многім здаецца выйгрышнай. Але як трэба рабіць правільна?

— Памятаць, што калі людзі вас задзяваюць, то злавацца — гэта нармальна. Не трэба адказваць тым жа, але можна сказаць, што так са мной нельга, я на цябе злуюся, я не хачу, каб ты так сябе паводзіў. І браць на сябе нагрузку, якую вы можаце пацягнуць, — не больш. Разумець, што ў кожнага чалавека абмежаваная колькасць рэсурсаў, як бы каму ні хацелася звярнуць горы. Не трэба імкнуцца зрабіць па максімуме, каб усе пабачылі, як шмат вы можаце. Важна дазволіць сабе адпачываць, разумець, што гэта таксама неабходна для вашага цела, як і праца.

З празмернай нагрузкай звязана, дарэчы, і ішэмічная хвароба сэрца. На яе пакутуюць людзі, якія схільныя ва ўсім быць першыя. Яны жывуць з устаноўкай «Я самы лепшы, я самы галоўны, і для гэтага трэба шмат на сабе цягнуць». Яны да бясконцасці гоняцца за нейкімі вынікамі і рана ці позна выдыхаюцца. Трэба разумець, што ўсюды быць першым немагчыма, і правільна разлічваць свае рэсурсы. Часцей дазваляць сабе быць звычайным чалавекам, а не Богам.

— Хто схільны да развіцця язвавай хваробы страўніка?

— Людзі, якія ўтрымліваюць доўгі час пачуццё гневу, а таксама адчуваюць нявызначанасць, якая зацягнулася. Узнікае такая бездапаможнасць: чалавеку не падабаецца тое, што адбываецца, але нічога з гэтым ён зрабіць не можа.

— А вось бранхіяльная астма часта развіваецца ў дзяцінстве. Няўжо вінаватыя таксама негатыўныя эмоцыі?

— Так. Яна часцей за ўсё развіваецца, калі парушаныя адносіны з маці. З яе боку гэта так званая гіперапека пры эмацыянальнай халоднасці. Яна дэманструе, што робіць усё для дзіцяці, вельмі моцна яго кантралюе. Пры гэтым яна эмацыянальна адхілена, цяпла дзіця не атрымлівае. Маці кампенсуе яго адсутнасць фарміраваннем такога ладу жыцця, дзе знешне ўсё бездакорна. Дарэчы, бранхіт узнікае, калі ў блізкіх адносінах мы не можам выказаць прэтэнзіі ці калі іх не прымаюць. Тады ад бездапаможнасці развіваецца бранхіт. Следам можа з'явіцца бранхіяльная астма. Дзіця такой маці не можа выказаць прэтэнзіі. А калі хварэе, мама больш увагі і клопату ўдзяляе.

— У дарослых, дарэчы, такое таксама здараецца?

— Канешне, асабістая выгада — адзін з механізмаў узнікнення псіхасаматычных расстройстваў. Не пайсці на работу ці ў школу, а адпачыць. Такія людзі не сімулююць, гэта праява ўнутранай патрэбы. Я моцна хачу цяпла і клопату, таму захварэю, каб блізкі іх даў. І гэта не сімуляцыя, там сапраўды павышаецца тэмпература, з'яўляецца гнойнае запаленне ці нешта іншае.

— Ці ёсць агульныя рэкамендацыі, каб пазбегнуць псіхасаматычных захворванняў?

— Трэба прыслухоўвацца да свайго арганізма і з павагай ставіцца да сябе. Сімптомы, якія прадуцыруюць цела, з'яўляюцца тады, калі працяглы час чалавек да сваіх патрэб ставіцца без належнай увагі, ігнаруе свае эмоцыі, не прад'яўляе іх у асяроддзе, утрымлівае. Псіхіка шукае творчае прыстасаванне: якім яшчэ чынам задаволіць гэту патрэбу, каб атрымаць тое, што мне так неабходна. І фарміруе захворванне. Таму найперш гэта ўвага да свайго эмацыянальнага стану, да свайго цела.

— Таму, калі не хочацца ісці на працу...

— ...трэба разабрацца, чаму. Магчыма, з кімсьці не складваюцца адносіны — тады неабходна вырашаць гэта пытанне. А верагодна, вы стаміліся. Адпаведна, трэба ўзяць адпачынак ці добра правесці выхадныя. Прычым за заняткам, што менавіта вам падыходзіць, а не за тым, які дзесьці тыражуецца. Не трэба ўставаць на лыжы, калі вам хочацца суткі паляжаць на канапе. У адваротным выпадку цела ўсё роўна знойдзе спосаб вас на гэты час укласці ў ложак — напрыклад, з тэмпературай. Вось працуем мы без адпачынку, арганізм стамляецца, а мы ігнаруем. Узнікае вострае захворванне — віруснае ці прастуднае. Мы не пайшлі на бальнічны або схадзілі, але потым вярнуліся на работу і працягваем у тым жа тэмпе, зноў знясільваючы сябе. Тады з'явіцца штосьці больш сур'ёзнае, напрыклад ангіна. Калі і гэта не спрацуе — будзе хранічная хвароба, скажам, бранхіт. Цела заўсёды шукае варыянт нагадаць, што адпачываць таксама трэба.

Акрамя гэтага, важная ўвага да сваіх эмоцый. У нас распаўсюджаная такая з'ява, як алексітымія, калі чалавек не здольны распазнаваць уласныя эмоцыі і пачуцці і правільна іх выказваць. Важна гэтаму навучыцца. Няўменне распазнаць злосць, сорам, смутак вядзе да таго, што будуць фарміравацца псіхасаматычныя расстройствы. Праяўляць эмоцыі — любыя, нават негатыўныя, — гэта добра і правільна. Калі яны ўзніклі, значыць, ёсць на тое прычыны. На жаль, у нас не прынята гэтаму вучыць. «Нельга злавацца на маму» — так кажуць у нашых сем'ях. Гэта ж няправільна: можна злавацца на маму, нават калі ты маленькі. Можна ж і злавацца, і любіць адначасова. Забараняць эмоцыі нельга, бо ў дарослае жыццё чалавек пойдзе з такой устаноўкай. І потым будзе пакутаваць на артэрыяльную гіпертэнзію.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Нельга злавацца на маму?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.