Вы тут

«...Як мала дзецям трэба»


Воўчыка ў вёсцы ведалі ўсе. На жаль, не з лепшага боку. «Ай, алкаголік», казалі пра яго за вочы. Але ж Воўчык так не лічыў. «Я проста п'яніца, — лічыў ён і нават даводзіў розніцу: маўляў, алкаголік — чалавек, можна сказаць, кончаны, бо залежны: ён хоча п'е, і не хоча — таксама п'е. А п'яніца — ён можа і адмовіцца».


Шкада толькі, што з гадамі ў жыцці Воўчыка гэта здаралася ўсё радзей і радзей. Амаль штовечар, паставіўшы на «прыкол» трактар і набраўшыся нейкай гары, ён завальваўся дома спаць. І гэта яшчэ за шчасце было, бо той гары «недабраўшы», ён кідаўся да ўсіх з кулакамі, і найбольш тады перападала дзецям ды яго пакутніцы-жонцы...

Раніцай на святую Тройцу Воўчык атрымаў зарплату. Па старой завядзёнцы на чужыя жывыя грошы тут жа сталі злятацца «сябры», і ўжо віліся вакол, як тое камар'ё, бо ведалі: Воўчык — ён заўсёды налье, ён (асабліва — пасля трэцяй...) нікому не адмовіць, не будзе заціскаць капейку.

Гэтым разам яны трохі памыліліся. Да першага верасня Воўчык абяцаў малым, што заробіць на новую школьную форму, і пра гэта на цвярозую галаву яшчэ помніў. А таму адышоў за рог крамы, ва ўнутраную кішэнь пінжака крадком адлажыў частку грошай. Ды яшчэ і на гузічак зашпіліў...

Колькі потым прапіў, сам дамоў прывалокся ці яго хто прынёс, ужо не помніў.

Прачнуўся на сваёй канапе ад звычнай лаянкі. Краем вока ўбачыў, што жонка зайшла ў хату з нейкім прутам, чуў, як гразілася, што заб'е ці хоць бы аддубасіць — душу адвядзе... Цешча — дзякуй — спыніла: сказала, што з гэтага толку не будзе. Няхай праспіцца, маўляў, потым разбярэшся.

Гэтых жончыных разборак Воўчык, па праўдзе, не дужа баяўся, ён проста звягі не любіў. А таму вырашыў, што зараз, калі бабы сыдуць з хаты, найлепей было б на стол ім пакласці грошы, а самому змыцца.

Аднак што гэта? Воўчык сунуў руку ў кішэнь — скрутка там... не было. Няўжо прапіў? Ці можа хто выцягнуў?

Ён яшчэ раз абмацаў адзенне і абутак, потым агледзеў усе свае патаемныя схованкі на гарышчы, у склепе, у пуні... Пазваніў сябру, з якім пачыналі выпіўку, спытаў, хто яго давалок дадому? Той адказаў, што Воўчык пайшоў сам... Выходзіла, што грошы трэба шукаць дома?

Ён зноў узяўся за пошукі, а ўрэшце, амаль страціўшы надзею знайсці ды ўявіўшы вочы дзяцей, укленчыў перад іконай Божай маці і, як сваёй роднай, сказаў:

— Ну, не мог я столькі прапіць! Малю цябе, прасвятая Багародзіца, дай мне розуму — падкажы, куды я грошы паклаў?

Спытаў гэтак, паглядзеў на яе і быццам пачуў: «За мной... Паглядзі за мной...»

Воўчык тут жа падсунуў крэсла, ускочыў на яго, заклаў руку за абраз і ледзь не самлеў ад шчасця: яго, скручаныя ў трубачку «паперкі» ляжалі там.

— Дзякуй табе! — пацалаваўшы абраз, сказаў Воўчык.

А ўжо потым зрабіў, як задумаў: на кухонны стол, жонцы на вочы паклаў захаваную суму і ўцёк з хаты.

...Начаваць не прыйшоў (сорамна было).

Такое і раней здаралася, але ж сям'я хвалявалася ўсё роўна. «Ці не бачыў хто майго п'яніцу?», — прапытвала ў людзей жонка, дзеці вочы праглядзелі, шукаючы і чакаючы.

А таму, калі пад вечар наступнага дня ён, вінаваты, няголены, учарнелы (поле араў на тарфяніках) заявіўся на вуліцы, малыя закрычалі:

— Мама, наш татка ідзе! Свята! Свята ў нас!.. Ён сёння цвярозы!..

Дзеці абдымалі яго, ён абдымаў іх, і ў яго стомленых мазгах маланкай бліснула думка: «Як жа мала дзецям трэба для свята: каб бацька прыходзіў дамоў цвярозы».

— Слова даю, — сказаў ім, — піць болей не буду.

— Ага... Паверылі, — яму ў адказ цяжка ўздыхнула жонка. — Ты сваё слова трынаццаць гадоў даеш ды назад забіраеш.

— Зараз — не забяру! Гадам буду! — цвёрда прамовіў муж.

Назаўтра ён узяў адгул і ўсё ж з'ездзіў да нарколага.

...Пасля таго візіту прайшло амаль 20 гадоў. Валодзя, ён жа Іванавіч (Воўчыкам больш ніхто не заве) не п'е і п'яніц не любіць. Але ж дапамагла яму не столькі праславутая кадзіроўка, колькі асабістае жаданне жыць чалавекам ды ўласная сіла волі.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.