Вы тут

«Урокі сучаснасці»: як захапіць школьнікаў беларускай літаратурай?


«Літаратура — гэта чалавеказнаўства, і менавіта яна фарміруе асобу, таму скарачаць праграму па такіх прадметах недапушчальна», — у гэтым пераканана Вольга ШВЕДАВА-ЮНІЦКАЯ, адна з пераможцаў конкурсу метадычных распрацовак «Урокі сучаснасці», які абвясціла для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры газета «Літаратура і мастацтва». Настаўніца, якая працуе ў Навасёлкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад—сярэдняя школа, прапанавала ўрок пазакласнага чытання ў шостым класе па аповесці Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер», з якім у выніку заняла другое месца. Метадычная распрацоўка настаўніцы прывабіла членаў журы сваёй крэатыўнасцю і інтэрактыўнасцю, разнастайнасцю формаў і педагагічных прыёмаў.


Усяго на конкурс было даслана 75 работ. Найбольшую актыўнасць праявілі настаўнікі з Гродзенскай вобласці, якія даслалі 22 работы, або 30 % ад агульнай колькасці. Воляй лёсу ўсе тры прызавыя месцы таксама дасталіся педагогам з Гродзеншчыны. Узнагароджанне пераможцаў адбылося днямі ў канферэнц-зале выдавецкага дома «Звязда».

Трэцюю прэмію на конкурсе «Урокі сучаснасці» атрымала Святлана КАМПАНЕЕЦ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна. Прапанаваныя ёю заняткі для вучняў 11 класа па тэме «Сучасная беларуская паэзія: творчасць Віктара Шніпа і Алеся Разанава» знаёмяць школьнікаў са складанай сучаснай паэзіяй, дапамагаюць выхоўваць адчуванне паэтычнага слова.

Як зазначыла падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў галоўны рэдактар «ЛіМа» Ларыса ЦІМОШЫК, настаўніца даслала сваю работу літаральна за некалькі дзён да Новага года, хоць конкурс стартаваў у самы разгар летніх канікулаў. Увогуле найбольшая колькасць конкурсных работ паступіла ў апошнія дні адыходзячага года, а хтосьці ўвогуле ўскочыў у апошні вагон 31 снежня, між іншым, усе работы трэба было прачытаць, асэнсаваць і ўнікнуць у іх сутнасць.

— І вось сярод гэтага шквалу найцікавейшых распрацовак мы звярнулі ўвагу на ўрок па сучаснай паэзіі. Шніп і Разанаў — няпростыя паэты ў плане іх філасофскага асэнсавання. Таму хачу падзякаваць, што і гэта частка літаратуры — сучасная паэтычная творчасць — прыходзіць да нашых дзяцей. Усё ж такі ёсць настаўнікі, якія могуць навучыць школьнікаў разумець паэзію. Увогуле ўрокаў, прысвечаных паэзіі, на конкурс паступіла няшмат. І гэта быў той самы выпадак, які мы проста не маглі абмінуць увагай, — канстатавала Ларыса Цімошык.

А першае месца заняла метадычная распрацоўка дзвюх настаўніц з гарадскога пасёлка Мір Алы БАКАЧ і Алены СМОЛЬСКАЙ «Няўрымслівыя падарожнікі» (па творы Анатоля Бутэвіча «У гасцях у вечнасці», раздзел «Мір — цыганская сталіца»). Камісія конкурсу высока ацаніла складаную форму ўрока, выдатныя творчыя здольнасці канкурсантак, устаноўку на выхаванне талерантнасці, зварот да нацыянальных традыцый розных этнічных супольнасцяў шматнацыянальнай Беларусі.

Цікава, што Алена Смольская — вучаніца Алы Бакач. Больш за тое, апошняя выхоўвала дзяўчынку спачатку ў беларускамоўным дзіцячым садку, а потым, пачынаючы з пятага класа, выкладала ёй у школе родную мову. І вось яны ўжо дзесяць гадоў працуюць побач адна з адной. Алена Смольская прызнаецца: «Мяркую, што невыпадкова сустрэлася на маім шляху мая выхавальніца і мая настаўніца беларускай мовы Ала Іванаўна. Гэта сустрэча прадвызначыла прафесійны лёс. Мне пашчасціла вярнуцца пасля заканчэння філфака БДУ ў сваю родную школу і займацца любімай справай».

Як вядома, школьная праграма па беларускай літаратуры ў апошнія гады пераглядаецца. І не ўсе крокі яе распрацоўшчыкаў падтрымліваюцца настаўнікамі.

— Наколькі я разумею, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі абмяркоўвалася пытанне наконт таго, каб напоўніць школьную праграму сучаснымі аўтарамі і творамі. Можа, і трэба гэта зрабіць, але як пры той колькасці гадзін, што адводзяцца на вывучэнне беларускай літаратуры, ахапіць усё? Мы, настаўнікі, — кансерватары і на ўсё новае цяжка пагаджаемся, але ў дыскусійных спрэчках да лагічнай ісціны, напэўна, усё ж такі прыйдзем, — разважае Святлана Кампанеец.

— У літаратуру прыходзіць вялікая колькасць маладых аўтараў, з імі трэба знаёміць школьнікаў, — упэўнена Вольга Шведава-Юніцкая. — Сучасныя дзеці, у сваёй большасці, не арыентаваныя на інтэлектуальную прозу. Вучням падабаюцца творы, звязаныя з нейкім жыццёвым матэрыялам, тое, што ім блізка, можа зачапіць іх за жывое. Тая літаратура, якую можна назваць беларускамоўнай белетрыстыкай, у самым добрым сэнсе гэтага слова, што лёгка ўспрымаецца, можа захапіць чытаннем нават не чытачоў, тая ж аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»  Уладзіміра Караткевіча, бо не сакрэт, што сучасныя дзеці чытаюць вельмі неахвотна.

А вось знікненне з абавязковай праграмы рамана Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» настаўнікі не падтрымліваюць, як і знікненне рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні». Відавочна адно: крытэрыі адбору мастацкіх твораў для іх уключэння ў вучэбную праграму па беларускай літаратуры і перспектывы развіцця гэтага прадмета ў школе трэба абавязкова абмяркоўваць з педагагічнай грамадскасцю.

Дарэчы, у арганізатараў конкурсу «Урокі сучаснасці» ёсць задума падрыхтаваць PDF-зборнік з найлепшымі конкурснымі работамі. Ён стане добрай дапамогай для ўсіх настаўнікаў роднай мовы ў падрыхтоўцы цікавых і нестандартных урокаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.