25 Май, пятніца

Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Перавісь


Недалёка ад хаты Ганны Якаўлеўны і Аляксея Міхайлавіча Кацюбаў стаіць знак «STОР Пагранічная паласа». Гэта значыць, што за іхнім дваром наша краіна заканчваецца і пачынаецца суседняя дзяржава. Гаспадар на гэты конт жартуе: «Калі наш кот усяго толькі за хлявом пабегаў, то гэта не значыць, што ён не пабываў ва Украіне і не злавіў там мыш».


Аляксей Міхайлавіч наогул чалавек з гумарам, пра сваю палавіну кажа так: «Некалі, каб яе ў жонкі ўзяць, усяго толькі цераз канаву перавесці спатрэбілася, а цяпер, каб назад захацеў адвесці, трэба ўсе працэдуры прайсці на мытні, граніцы, круг зрабіць у 15 кіламетраў». Яно і зразумела, Ганна і Аляксей выраслі ў суседніх вёсках, якія раздзялялі нейкія тры кіламетры. Каб ім тады хто сказаў, што іх сёлы некалі акажуцца ў розных дзяржавах, вядома, не паверылі б.
А тады, як пажаніліся, у госці адно да аднаго сваякі хадзілі, бывала, не па адным разе на дзень. Бацька Ганны дапамагаў хату маладым будаваць, вечна ў іх прападаў. Потым дзеці бегалі да бабулі з дзедам. Цяпер ужо ў роднай вёсцы Ганны Якаўлеўны з украінскай радні толькі адна пляменніца жыве. І не вельмі часта выпадае бываць там. І з таго, і з гэтага боку памежныя вёскі згасаюць. «Што тут засталося: лес, глуш, памежная паласа», — разважаюць гаспадары.

Нейкія паўстагоддзя таму Перавісь была немалой вёскай, працавалі школа і магазін, было даволі дзяцей, моладзі. Дзеці павырасталі і раз'ехаліся, сталых жыхароў застаецца жменька. Хаты стаяць пустыя.

Вось і яны, Кацюбы, выгадавалі шасцёра дзяцей. Ва ўсіх цяпер свае сем'і, клопаты. Адна дачка жыве ў Расіі, у Ліпецку, гэта самая далёкая з іх дзяцей. Астатнія — у Брэсце, у сваім Маларыцкім раёне. Адзін сын цяпер жыве побач, праз дарогу, у дзедавай хаце. Ён і дапамагае бацькам. Вядома, ім хацелася б, каб дзеці прыязджалі часцей. Але, як кожная маці, Ганна Якаўлеўна праяўляе разуменне: «Яны ж занятыя, усе цяпер на работах».

Пажаніліся нашы героі ў 1958 годзе, гэта значыць, што сёлета 60-годдзе іх шлюбу. Працавалі ў асноўным у калгасе. Гаспадыня, праўда, больш за дзесяць гадоў хадзіла на работу на завод. Тут зямля багатая мелам, побач было прадпрыемства па перапрацоўцы. А яшчэ дзясятак гадоў шчыравала на ферме. Выходзіць, і дзяцей столькі выгадавала, і пенсію добрую зарабіла. «Тады ўсе так працавалі ў вёсцы», — кажа гаспадыня. Яны з мужам і пасля пенсіі не сядзелі на прызбе — даглядалі немалую ўласную гаспадарку, нават свой конік быў.

— А як каня прадалі, соткі ў калгасе не бяром, — расказвае гаспадар. — Хапае і таго, што каля хаты садзім. Агарод маем, як жа без агарода. Яшчэ і курэй трымаем, кабанчыка. Сумна ж зусім без работы.

— Цяпер добра жыць, — уступае ў размову гаспадыня. — Усе прадукты пад самую хату прывязуць тры разы на тыдзень. Купляй, што хочаш, толькі б грошы былі. Я яшчэ застала тую пару, калі пралі і ткалі. А каб што зварыць ці спячы, трэба было спачатку вырасціць збожжа ці грэчку, намалоць, натаўчы. Адзежу такую хіба мы мелі, як цяпер? Была адна кашуля, штаны ці сукенка. Але вось дзіва: працавалі тады цяжка, але людзі здаравейшыя былі. У школу бегалі за некалькі кіламетраў у дождж, мароз, і не хварэў ніхто. Хоць за парадкам, за чысцінёй так, як сёння, не сачылі. Раней часу на гэта не было: як ішоў з работы, так і пайшоў у пакой. А цяпер, бачыце, нават у вёсцы ўсе разуваюцца, бо падлога чыстая...

На лёс нашы героі не наракаюць, дзякуюць богу, што яшчэ на сваіх нагах, што самі сябе даглядаюць, могуць напаліць печку зімой, летам грады пасадзіць і прапалоць. 80-гадовая Ганна Якаўлеўна і зварыць, і ў хаце прыбярэ. Зімовымі вечарамі муж і жонка часта глядзяць тэлевізар. Газету раённую выпісваюць, каб быць у курсе мясцовых навін.

Але пра што б ні заходзіла размова з імі, зноў яна непрыкметна пераходзіць на тэму памежжа. Бо ідзе дэмаркацыя мяжы, і кантрольна-следавую паласу ўзвялі побач. «А нядаўна, — расказвае гаспадар, — пагранічнік ледзьве не ўваліўся ў сажалку за нашым хлявом. Сажалку тую выкапалі даўно. Добра, што яна цяпер прамерзла, а то вымачыўся б чалавек». У Перавісі цяпер пагранічны нарад можна сустрэць ледзь не кожны дзень.

Старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана Вітаноўская кажа, што ў іх вёсках пражывае вельмі шмат беларуска-ўкраінскіх сем'яў. Раней такія інтэрнацыянальныя вяселлі па вясковых мерках лічыліся вельмі нават прэстыжнымі. Калі дзяўчына была з украінскага боку, на вяселле везлі пірагі, караваі ледзь не вазамі, бо там даўнія і багатыя традыцыі па выпечцы. І да гонару нашых хлопцаў, чарнабровыя ўкраінкі прыкладалі немалыя намаганні, каб выйсці замуж за беларусаў і тут асесці. Так што Ганна і Аляксей Кацюбы ўяўляюць сабой тыповы прыклад сям'і таго часу, дружнай, працавітай, шматдзетнай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Перавісь Маларыцкага раёна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.

Грамадства

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?

Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? 

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.