Учора практычна ў самым цэнтры сталіцы адкрыўся Цэнтр актыўнага даўгалецця. Тут пенсіянеры змогуць цікава бавіць час і наведваць розныя адукацыйныя курсы.
Мінчане ва ўзросце за 50 пры жаданні змогуць навучыцца тут асновам прадпрымальніцтва і ландшафтнаму дызайну, засвоіць камп'ютарныя тэхналогіі і сцэнічнае майстэрства, а таксама яшчэ шмат чаго. У Цэнтры будуць працаваць школа па правах пацыентаў, танцавальная група, секцыя па турызме, разнастайныя творчыя майстэрні. Плануецца чытаць лекцыі пра здароўе і пра фітатэрапію, будуць праходзіць заняткі па арт-тэрапіі, арганізоўвацца сацыяльныя турыстычныя паездкі і многае іншае — з больш як 50 кірункаў самай разнастайнай дзейнасці кожны зможа выбраць сабе занятак па густу.
Цэнтр размясціўся ў будынку пачатку ХІХ стагоддзя, у якім раней была жаночая яўрэйская гімназія, таксама ў свой час у гэтым доме жыў пісьменнік Янка Маўр. Як адзначае адзін з кіраўнікоў Цэнтра актыўнага даўгалецця Дзмітрый Клімковіч, у найбліжэйшай будучыні ў планах арганізатараў — аднавіць поўную гісторыю гэтага дома, зразумела, з прыцягненнем да гэтай працы і пажылых мінчан — гасцей і наведвальнікаў Цэнтра.
З 13 па 15 лютага ў Цэнтры пройдуць дні адкрытых дзвярэй — мінчан ва ўзросце за 50 запрашаюць наведаць пробныя заняткі, запісацца на ўпадабаны курс, а таксама аформіць бясплатную інфармацыйную падпіску на рэгулярныя праграмы.
Цэнтр актыўнага даўгалецця размясціўся па вуліцы Мяснікова, 76.
Святлана БУСЬКО
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?