Вы тут

Чаму багаж ведаў без умення іх прымяніць — гэта чамадан без ручкі?


Вясной бягучага года каля шасці тысяч беларускіх падлеткаў з больш чым 220 устаноў адукацыі ўпершыню прымуць удзел у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (РІSА). Адно з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце заклікана даць адказ на пытанне: ці выконвае адукацыя сваю асноўную функцыю — падрыхтоўкі да самастойнага жыцця? Правяраюцца не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі, здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, іх уменне супастаўляць факты і аналізаваць, хутка прымаць рашэнні.


Жыццёвыя задачкі

На думку дырэктара дэпартамента па адукацыі Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР), галоўнага куратара РІSА Андрэаса Шляйхера, адукацыя павінна быць компасам у складанай і нестабільнай абстаноўцы. «Папярэдняе пакаленне настаўнікаў лічыла, што матэрыял, які яны выкладаюць, будзе карысны вучням на працягу ўсяго жыцця. Але сёння школы павінны рыхтаваць вучняў да беспрэцэдэнтных перамен у эканоміцы і навакольнай рэчаіснасці, да работы на працоўных месцах, якія яшчэ не створаны; да выкарыстання тэхналогій, якія не вынайдзены, — лічыць ён. — Прасцей кажучы, свет узнагароджвае людзей ужо не за тое, што яны ведаюць, а за тое, як яны могуць выкарыстоўваць тое, што ведаюць. Сёння гэта галоўны фактар, які вызначае адрозненні ў педагагічных стратэгіях. Актуальнымі цяпер становяцца разнастайныя камбінацыі ведаў, навыкі, якасці характару, якія могуць прывесці да поспеху ў кар'еры. Упор у сучаснай адукацыі павінен рабіцца на развіццё творчага пачатку, крытычнага аналізу, умення вырашаць праблемы і прымаць рашэнні. Калі паглядзець на праблему праз прызму натуральных навук і ў той жа час гісторыі, філасофіі, то такі падыход можа быць паспяховым».

У даследаванні РІSА ўдзельнічаюць15-гадовыя падлеткі. Такі ўзроставы цэнз выбраны невыпадкова. Фактычна ва ўсіх краінах свету менавіта ў гэтым узросце навучэнцы заканчваюць базавы этап адукацыі і вызначаюцца з далейшай жыццёвай і адукацыйнай траекторыяй.

Тэсты РІSА, якія доўжацца дзве гадзіны, змяшчаюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую адукаванасць (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўча-навуковую. У іх шмат тэкстаў, якія трэба ўважліва прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні. Яны ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.

Кожны раз акцэнты ў даследаванні змяшчаюцца. Асноўная ўвага падчас апошняга маніторынгу ўдзялялася прыродазнаўча-навуковай адукаванасці і выяўленню тэндэнцый развіцця прыродазнаўча-навуковай адукацыі ў свеце за апошнія гады. У цыкле 2018 года найперш будзе правярацца чытацкая адукаванасць, а ў 2021 годзе ўпор будзе зроблены на матэматычную.

Даследаванне РІSА-2015 праводзілася цалкам на камп'ютарнай аснове з выкарыстаннем новага тыпу інтэрактыўных задач, якія ўяўлялі сабой камп'ютарную сімуляцыю. Напрыклад, вывучалася тэрмарэгуляцыя арганізма чалавека падчас забегу на доўгія дыстанцыі ва ўмовах павышанай тэмпературы і (ці) вільготнасці паветра. Камп'ютарная сімуляцыя давала магчымасць навучэнцам змяняць тэмпературу паветра і ўзровень вільготнасці, а таксама вар'іраваць умовы — спажывае бягун ваду ці не спажывае і гэтак далей.

У тэсты быў уключаны таксама кампанент супрацоўніцтва — даследчыкаў цікавіла здольнасць навучэнцаў працаваць у камандзе. Падлеткам прапаноўвалася ў стасунках з нейкімі віртуальнымі партнёрамі сумесна абмеркаваць і вырашыць практычную праблему: арганізаваць, напрыклад, вытворчасць маек або стварэнне школьнай газеты і г. д. Гэта значыць, патрабавалася змадэляваць працэс узаемадзеяння паміж людзьмі і ацаніць, наколькі прадукцыйна вучань умее ўзаемадзейнічаць. Дадатковым кампанентам стала вывучэнне фінансавай дасведчанасці падлеткаў.

У чым сакрэт Сінгапура?

У рамках РІSА, акрамя непасрэдна правядзення тэстаў, збіраецца таксама інфармацыя аб навучэнцах (сацыяльна-эканамічным становішчы сям'і, стаўленні да вучобы, задаволенасці школай і сістэмай ацэньвання, фактах дыскрымінацыі ў навучальнай установе і г. д.), апытваюцца прадстаўнікі школы, аналізуецца сістэма адукацыі ў цэлым. Гэта дае магчымасць не проста ацаніць паспяховасць вучняў у розных краінах, а вызначыць, якія фактары спрыяюць дасягненню высокіх вынікаў.

Між іншым, вынікі РІSА кожны раз цягнуць хвалю дыскусій — як унутры краін-удзельніц, так і на міжнародным узроўні. У Францыі б'юць трывогу з-за няроўных умоў у доступе да якаснай адукацыі і састарэлых метадаў выкладання. У ЗША абмяркоўваюць мэтазгоднасць адзінага агульнадзяржаўнага стандарту і шукаюць эфектыўныя шляхі для прыцягнення ў школы лепшых настаўнікаў.

Не­ча­ка­на ніз­кія па­каз­чы­кі ака­дэ­міч­най па­спя­хо­вас­ці ня­мец­кіх пад­лет­каў вы­клі­ка­лі ў Гер­ма­ніі ў па­чат­ку двух­ты­сяч­ных га­доў са­праўд­ны шок. Тра­ды­цый­на дзе­ся­ці­га­до­выя дзе­ці па­дзя­ля­лі­ся ў гэ­тай кра­і­не на тых, хто, на дум­ку пе­да­го­гаў, паз­ней бу­дзе зай­мац­ца ра­зу­мо­вай пра­цай, і на тых, хто бу­дзе на іх пра­ца­ваць. Та­кі па­дзел ад­бы­ва­ец­ца пе­ра­важ­на па са­цы­яль­на-эка­на­міч­ных пры­кме­тах. Ма­ні­то­рын­га­вае да­сле­да­ван­не па­ка­за­ла, што ня­мец­кія на­ву­чэн­цы з больш за­мож­ных сем'­яў сіс­тэ­ма­тыч­на на­кі­роў­ва­лі­ся ў прэ­стыж­ныя шко­лы, якія за­бяс­печ­ва­юць больш якас­ную аду­ка­цыю, та­ды як пад­лет­кі з менш пры­ві­ле­я­ва­ных са­цы­яль­ных сла­ёў — у менш прэ­стыж­ныя пра­фе­сій­ныя ву­чы­лі­шчы. Ста­ла зра­зу­ме­ла, што ня­мец­кая сіс­тэ­ма аду­ка­цыі хут­чэй па­гар­шае, чым змяк­чае са­цы­яль­на-эка­на­міч­ную ня­роў­насць ся­род на­ву­чэн­цаў. Та­кім чы­нам быў да­дзе­ны ім­пульс для пра­вя­дзен­ня ў кра­і­не рэ­фор­маў. За пят­нац­цаць на­ступ­ных га­доў Гер­ма­ніі ўда­ло­ся іс­тот­на па­вы­сіць якасць на­ву­чан­ня і пад­цяг­нуць сі­ту­а­цыю ў сфе­ры за­бес­пя­чэн­ня роў­на­сці аду­ка­цыі.

У 2015 годзе найлепшыя вынікі паказаў Сінгапур. Пры гэтым сінгапурскія школьнікі прадэманстравалі высокія вынікі па ўсіх трох кампанентах комплекснага экзамену — чытанні, матэматыцы і прыродазнаўчых навуках. За ім размясціліся Японія, Эстонія, Тайпей (Кітай) і Фінляндыя. Праўда, іх вынікі па розных кампанентах тэста адрозніваліся — хтосьці паказаў лепшыя веды па матэматыцы, хтосьці — па чытацкай адукаванасці. У першую дзясятку рэйтынга ўваходзяць таксама Тайвань, Фінляндыя, Макаа (КНР), В'етнам, Ганконг і буйныя гарады КНР.

Пэўны час існавала думка, што высокія пазіцыі краін Усходняй Азіі ў міжнародным даследаванні абумоўлены празмернай вучэбнай нагрузкай і зазубрываннем матэрыялу. І калі ў РІSА ўпершыню быў уведзены крытэрый творчай здольнасці да вырашэння праблем, многія эксперты чакалі абвальвання рэйтынгаў ці, ва ўсялякім разе, зніжэння паказчыкаў паспяховасці навучэнцаў усходнеазіяцкіх краін. Але іх чаканні не спраўдзіліся. У тым жа Сінгапуры адбылася «ціхая рэвалюцыя», якая засталася амаль незаўважанай на Захадзе. На першы план там выйшла развіццё творчага і крытычнага мыслення, сацыяльных навыкаў, эмацыянальнай спагадлівасці. Асноўнай задачай сучаснай адукацыі ў Сінгапуры з'яўляецца стварэнне асяроддзя, якое б стымулявала жаданне ў кожнага грамадзяніна вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Ужо ў трохгадовым узросце ў дзіцячых дашкольных установах Сінгапура пачынаецца адукацыйны працэс, у дзяцей развіваюцца такія навыкі, як чытанне (на дзвюх мовах), лічэнне, музыка, маляванне, канструяванне, фарміруецца творчы погляд на навакольны свет.

«Калі вучні сфакусіраваныя на запамінанні і рэтрансляцыі таго, што сказаў ім настаўнік, гэта працуе толькі больш-менш пры вырашэнні лёгкіх задач. І гэта адна з прычын таго, чаму многія ўсходнееўрапейскія краіны, уключаючы Расійскую Федэрацыю, паказваюць нізкі вынік у РІSА. Проста запамінанне ўжо не гарантуе поспех, — упэўнены Андрэас Шляйхер. — Значна больш эфектыўным інструментам з'яўляецца здольнасць спалучаць новую інфармацыю з ужо засвоенай».

Упор на прафесіяналізм настаўнікаў

Арганізатары РІSА лічаць, што вынікі тэстаў уяўляюць сабой аб'ектыўны інструмент для ацэнкі якасці сістэмы адукацыі ў той ці іншай краіне. Па выніках папярэдніх даследаванняў Арганізацыяй па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці былі створаны мадэлі, якія дазваляюць прадказваць вынікі вучняў у розных краінах на аснове аналізу прынятых рашэнняў у адукацыйнай палітыцы з дакладнасцю 85 працэнтаў.

Адна з іх высноў — якасць адукацыі ў краіне не можа быць вышэйшая за якасць падрыхтоўкі настаўнікаў, якія працуюць у школах. Вынікі РІSА сведчаць, што лепшыя сістэмы адукацыі адбіраюць, навучаюць і падтрымліваюць лепшых настаўнікаў. Напрыклад, поспехі фінскай школы ў першую чаргу звязваюць з павышэннем патрабавальнасці да вынікаў працы настаўніка і адначасовым пашырэннем аўтаноміі ў яго рабоце. Конкурсы на педагагічныя спецыяльнасці ў Фінляндыі — адны з самых высокіх: для таго каб на іх паступіць, неабходна належаць да траціны найлепшых выпускнікоў школы па выніках агульнанацыянальных іспытаў.

Усе краіны, якія палепшылі свае паказчыкі ў РІSА, прытрымліваюцца паслядоўнай палітыкі па паляпшэнні якасці педагагічнага складу. Там ствараюць стымулы для самых паспяховых навучэнцаў, каб заахвоціць іх да педагагічнай дзейнасці, павышаюць заработную плату настаўнікам, каб зрабіць прафесію больш прывабнай, або заахвочваюць настаўнікаў, каб тыя ўдзельнічалі ў трэнінгах і педагагічных праграмах.

Адносна неабходнага фінансавання аналіз РІSА паказвае, што выдаткі на адукацыю, бясспрэчна, важныя, аднак яны ўплываюць на паспяховасць толькі да пэўнай мяжы. Павелічэнне фінансавання дапамагае бедным краінам. Калі ж выдаткі на вучня перавышаюць $50 000, то простае павелічэнне фінансавання не дадае значнага прыросту ў ведах. Пры гэтым прыватныя школы не з'яўляюцца выключэннем. Славакія, якая выдаткоўвае на аднаго вучня каля $53 000, мае такія ж вынікі, як ЗША, якія выдаткоўваюць на аднаго вучня $115 000. Далейшы рост паказчыкаў адукаванасці залежыць ад эфектыўнасці выкарыстання фінансавых і матэрыяльных сродкаў. Большую карысць прыносяць выдаткі на падрыхтоўку настаўнікаў і павышэнне іх кваліфікацыі.

Эксперты РІSА ўпэўнены, што сістэма адукацыі можа спрыяць высокай матывацыі да навучання, калі яна забяспечвае стаўленне да ўсіх вучняў як да патэнцыйна паспяховых. Толькі калі сістэма адукацыі культывуе, стымулюе і падтрымлівае веру ў тое, што ўсе вучні могуць дасягнуць больш высокіх поспехаў, тыя адчуваюць жаданне дзейнічаць і дасягаюць лепшых вынікаў. Што з'яўляецца агульным для ўсіх паспяховых краін — дык гэта прызнанне важнасці адукацыі і засяроджванне грамадскіх рэсурсаў і высілкаў на яе пастаянным удасканаленні.

Беларусь пакуль не ўдзельнічала ні ў якіх міжнародных маніторынгавых даследаваннях, таму ўсе разважанні пра «якасць» выпускнікоў, якая быццам бы пагаршаецца, можна спісаць на суб'ектыўнасць такіх ацэнак. Напэўна, для таго, каб канстатаваць, што дасягненні або праблемы і сапраўды маюць месца, вельмі карысна ўбачыць сябе на фоне дасягненняў і праблем сістэм адукацыі іншых краін. Але ёсць і пэўныя апасенні: яшчэ ніколі краіны, якія толькі далучыліся да даследавання, не дэманстравалі адразу высокія вынікі. Таму галоўнае — зрабіць правільныя высновы з агучаных рэкамендацый.

У красавіку — маі мінулага года ў нашай краіне адбыўся пробны этап тэсціравання РІSА, у якім прынялі ўдзел 66 устаноў адукацыі. Падчас яго праводзілася тэсціраванне камп'ютарнай тэхнікі, апрабіраваліся заданні, прадстаўленыя міжнароднымі арганізатарамі, вялася падрыхтоўка адказных асоб для правядзення асноўнага даследавання. Пробны этап паказаў, што тэхнічна і арганізацыйна Беларусь гатовая да правядзення асноўнага этапу тэсціравання РІSА. Што пакажа даследаванне, мы зможам даведацца толькі ў снежні 2019 года.

Даследаванне РІSА праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўлены сусветнай грамадскасці. Першы рэйтынг быў складзены ў 2000 годзе. Вынікі апошняга агучаны 5 снежня 2016 года. У РІSА-2015 удзельнічалі 536 тысяч школьнікаў з 71 краіны, а РІSА-2018 ахопіць ужо 82 краіны. Беларусь, Украіна і яшчэ 9 краін будуць у ім навічкамі.

Фак­ты для роз­ду­му:

  • Фін­скія школь­ні­кі вы­дат­коў­ва­юць іс­тот­на менш ча­су на на­ву­чан­не (36 га­дзін у ты­дзень), чым іх кі­тай­скія ад­на­год­кі (57 га­дзін у ты­дзень), але, ня­гле­дзя­чы на гэ­та, ім так­са­ма ўда­ец­ца да­ся­гаць вы­со­кіх вы­ні­каў.
  • Пол пад­лет­ка з'яў­ля­ец­ца ўні­каль­ным фак­та­рам ры­зы­кі, здоль­ным паў­плы­ваць на па­спя­хо­васць. Экс­пер­ты ад­зна­ча­юць, што хлоп­чы­кі больш ад­ста­юць у чы­тан­ні і пры­ро­да­знаў­стве, а дзяў­чат­кі — у ма­тэ­ма­ты­цы. Ва ўсіх кра­і­нах АЭСР хлап­чу­кі пра­дэ­ман­стра­ва­лі больш вы­со­кія вы­ні­кі па ма­тэ­ма­ты­цы — у ся­рэд­нім на 8 ба­лаў.
  • РІSА па­ка­за­ла, як вы­гля­дае парт­рэт не­па­спя­хо­ва­га вуч­ня: гэ­та дзі­ця з праб­лем­най у са­цы­яль­на-эка­на­міч­ным пла­не сям'і, якое раз­маў­ляе на роз­ных мо­вах до­ма і ў шко­ле, пра­жы­вае ў сель­скай мяс­цо­вас­ці, не на­вед­ва­ла да­школь­ную ўста­но­ву аду­ка­цыі, паў­тор­на вы­ву­ча­ла ву­чэб­ную пра­гра­му і пра­хо­дзіць пра­фе­сій­нае на­ву­чан­не (ка­ля 83 %).

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «Рэцэпты» паспяховай школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.