Вы тут

Як захапіць дзяцей беларускай літаратурай?


Узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Урокі сучаснасці» адбылося ў канферэнц-зале Выдавецкага дома «Звязда». З задавальненнем прадстаўляем аўтараў лепшых метадычных распрацовак!


Злева направа: Ала Бакач, Алена Смольская, Вольга Шведава-Юніцкая, Святлана Кампанеец.

Ала Бакач — настаўніца сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір. Нарадзілася ў Бярозаўскім раёне, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Педагагічны стаж — 33 гады. Любіць фальклор, з 2007 года ўзначальвае клуб «Купалінка», дзе разам з вучнямі вывучае традыцыі продкаў — «каб не згасла свечка на покуці ў хаце з матчынай душой». Часта праводзіць незвычайныя ўрокі, якія вельмі падабаюцца школьнікам.

Алена Смольская — калега і вучаніца Алы Бакач, з чырвоным дыпломам скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і вярнулася працаваць у родную школу. Мірская школа цікавіцца полікультурным выхаваннем, бо ў гэтым мястэчку заўсёды жылі людзі розных нацыянальнасцей. Цыганы — адзін з найбольш загадкавых этнасаў, таму заняткі па творы Анатоля Бутэвіча «У гасцях у вечнасці» былі для вучняў асабліва цікавыя. Настаўнікі хацелі паказаць, што ў кожнага народа ёсць штосьці адметнае і прыгожае, а паміж прадстаўнікамі розных этнасаў павінны быць узаемаразуменне і павага.

Вольга Шведава-Юніцкая — намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы, літаратуры і мастацтва Навасёлкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад — сярэдняя школа. Скончыла Слонімскую школу, з пашанай і ўдзячнасцю згадвае сваіх настаўніц беларускай мовы і літаратуры — Алену Руцкую і Алену Белую. Вучылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы на факультэце беларускай філалогіі і культуры. Не пагаджаецца з адміністратарамі, якія адмаўляюцца ад гадзін, і лічыць урокі найлепшай аддушынай. Падрыхтавала ўрок па аповесці Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер», бо ў маладосці гэты твор быў для яе цудоўным адкрыццём.

Святлана Кампанеец — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы. Выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы. Вельмі сімпатызавала сваёй настаўніцы беларускай мовы, што прадвызначыла выбар прафесіі. Падрыхтавала ўрок па сучаснай паэзіі, бо водгук на вершы — «ахілесава пята ўсіх выдатнікаў і алімпіяднікаў». Прапанаваныя заняткі — спроба патлумачыць дзецям асаблівасці сучаснай паэзіі з улікам мастацкіх адметнасцей твораў.


Як захапіць дзяцей беларускай літаратурай? Пераможцы конкурсу «Урокі сучаснасці» маюць дакладны адказ: дзеці любяць гульні і інтэрактыўныя заданні, і гэта трэба абавязкова ўлічваць пры планаванні ўрокаў. «Прыёмы інтэлектуальных гульняў дапамагаюць прывабіць вучняў і да таго ж добра кладуцца на мэты заняткаў», — упэўнена Вольга Шведава-Юніцкая. Уражвае выключная колькасць крыжаванак, віктарын, спаборніцтваў, гульняў, прадстаўленых у конкурсных работах. Але ў школьнай праграме ёсць творы і аўтары, якія захапляюць вучняў незалежна ад фармату заняткаў.

На пачатку сустрэчы настаўнікі згадвалі любімыя творы, і атрыманы пералік пацвердзіў нязменную вартасць класікі: вучні з ахвотай чытаюць «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Насцечку» Кузьмы Чорнага, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. «Добра ідуць творы малых жанраў: апавяданне, навела. Невялікі аб’ём — гарантыя, што вучні прачытаюць твор цалкам, бо творы вялікага памеру звычайна чытаюць па кароткім змесце ў інтэрнэце, — распавядае Вольга Віктараўна. — Большасць дзяцей не арыентаваныя на інтэлектуальную літаратуру. Ім цікавыя апавяданні, звязаныя з жыццёвым матэрыялам, — тое, што блізка, можа крануць за жывое. Гэта творы Міхася Лынькова, Івана Навуменкі, Алены Васілевіч. Добра ідзе беларускамоўная белетрыстыка (без усялякай крыўды): тое, што лёгка чытаецца і лёгка ўспрымаецца, прыцягвае нават такіх нечытачоў, як сучаснае пакаленне».

Многія творы, якія падабаліся настаўнікам і вучням, у апошнія гады зніклі са школьнай праграмы. Алена Смольская згадвае, што дзеці з задавальненнем чыталі аповесць Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт»: уражваў нетрадыцыйны падыход да асэнсавання ваенных падзей. Святлана Кампанеец не ўяўляе школьную праграму без «Пошукаў будучыні» Кузьмы Чорнага, Вольга Шведава-Юніцкая шкадуе раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя»: «Не ўсе настаўнікі любяць Мрыя, але для мяне гэта беларускі Ільф і Пятроў. Калі чытаю, то не разумею, чаму яго “выкінулі” — можна было пакінуць хаця б нейкія часткі, каб адчуць асалоду стылю, сарказм і глыбокі падтэкст…».

Змены ў праграме тлумачыць Святлана Юльянаўна: «Стваральнікі новых праграм імкнуліся шырэй прадставіць творчасць сучасных аўтараў, якія звяртаюцца да рэалій, больш блізкіх і зразумелых школьнікам. Нашы настаўнікі спачатку абураліся, што “выкінутыя” выдатныя творы. Але прайшоў нейкі час, і мне здаецца, што ў праграму, сапраўды, трэба дадаваць нешта новае. Напрыклад, я з захапленнем пачала чытаць Андрэя Федарэнку — гэта цікавы, своеасаблівы, неадназначны пісьменнік. І, можа, іншым разам настаўнікі трошку кансерватары, не хочуць ісці насустрач новаму…»

Са Святланай Кампанеец пагадзіліся і іншыя педагогі. Школьнікі ахвотна абмяркоўваюць творы Віктара Праўдзіна, Генрыха Далідовіча, Алены Маслы, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Алеся Разанава. На сёння творчасць сучасных аўтараў найбольш шырока прадстаўлена ў 11 класе. Але вынаходліва знаёміць дзяцей з сучаснай літаратурай (і нават выходзіць за межы праграмы) можна на працягу ўсяго школьнага курса. Напрыклад, Вольга Шведава-Юніцкая падчас фізкультхвілінкі прапануе вучням падняць вочы і паслухаць новы верш, які трапіўся днямі ў часопісе.

Знаёмства з сучаснай літаратурай можа адбывацца непасрэдна, падчас прэзентацый кніг і творчых сустрэч. Але, як высветлілася, беларускія пісьменнікі нячаста завітваюць у вясковыя школы: максімум — адна сустрэча на год. Пры гэтым вучням вельмі падабаецца знаёміцца з цікавымі людзьмі. «Некалькі гадоў таму мы запрасілі ў школу ўнучку перакладчыка Пятра Бітэля — паэтэсу Тамару Бярэзіну, — распавядае Святлана Кампанеец. — Дзеці слухалі яе вершы ды ўспаміны і былі ў захапленні: сапраўдны паэт, нават хочацца за руку памацаць!» Сустрэчы маглі б быць часцей, і адпаведныя праекты і ініцыятывы вельмі патрэбны.

Размова пра беларускую літаратуру немагчымая без размовы пра мову. Звычайна мы згадваем вёску як асяродак беларускай культуры, але рэальная сітуацыя можа быць не самай аптымістычнай.

«Не ўпэўнена, што моўная сітуацыя ў вёсцы лепшая, чым у горадзе, — кажа Вольга Шведава-Юніцкая. — Два гады таму перайшла працаваць у вясковую школу. Ішла натхнёная: думала, усе гавораць па-беларуску… Як моцна я памылялася! На мой суб’ектыўны погляд, мова вяскоўцаў — гэта маўленчы мутант, які завецца трасянкай. Вучняў здзіўляе правільная беларуская мова, настаўніку даводзіцца настойліва выпраўляць шматлікія маўленчыя памылкі…»

«У кожнага вучня — сваё стаўленне да мовы, — адзначае Алена Смольская. — Ёсць у нашай школе хлопчык, які спачатку адмаўляўся размаўляць па-беларуску. Ёсць дзеці, якія з асалодай кажуць і смакуюць кожнае слова, якое надарылася ўпершыню. “Сочыва — гэта варэнне, уммм…” Яшчэ якое-небудзь слова пачулі — зноў у захапленні — значыць, ёсць цікавасць. Магчыма, праз цікавыя словы чалавек і прыйдзе да мовы».

«Мы часта сутыкаемся з тым, што пасля пачатковай школы дзеці не гавораць па-беларуску. Калі ж у восьмым — дзявятым класах вучань аналізуе твор на добрай беларускай мове, атрымліваеш сапраўднае задавальненне, — распавядае Святлана Кампанеец. — Думаеш: вось малайчына, навучылі! Але праблема: у горадзе, у ВНУ гэтыя навыкі губляюцца. Адчуваю, што вучні часам задумваюцца: навошта вучыць мову? Што з ёю далей рабіць?»

Як зрабіць беларускую літаратуру прыярытэтным вучэбным прадметам? У настаўнікаў знайшлося нямала варыянтаў: вярнуць экзамен па беларускай літаратуры, увесці ў тэсціраванне па беларускай мове некалькі пытанняў па літаратуры, распрацаваць абавязковы экзамен па краіназнаўстве, як гэта практыкуецца ў многіх краінах.

Безумоўна, матываваць да вывучэння пэўнага прадмета можна рознымі спосабамі. Але найлепшая матывацыя — гэта цікавасць, а галоўная мэта — не толькі пашырэнне ведаў, але і далучэнне вучняў да беларускай культуры. Для нашай краіны вельмі істотна, каб маладыя бацькі набывалі дзецям беларускія кнігі, глядзелі беларускія спектаклі, чыталі навіны на беларускай мове, і праца педагогаў, іх імпэт і крэатыўнасць вельмі важныя ў гэтай справе.

Як зацікавіць вучняў сучаснай беларускай культурай і літаратурай у прыватнасці? Мы папрасілі настаўнікаў абмаляваць свае самыя феерычныя праекты — раптам нешта атрымаецца ажыццявіць?..

Настаўніцы з Мірскай школы прапануюць аднавіць трансляцыю тэлеспектакляў, мастацкіх твораў па тэлебачанні, радыё. Магчыма, нават наладзіць праслухоўванне твораў беларускай літаратуры ў грамадскім транспарце. Яшчэ адзін важны крок — павялічыць колькасць беларускамоўных тэлеперадач. Напрыклад, адправіць групу ахвотнікаў на бязлюдны востраў, дзе яны будуць забяспечаны ўсім неабходным, акрамя сувязі са знешнім светам. Чым займацца, калі няма тэлефонаў, планшэтаў, ноўтбукаў, інтэрнэту? Прапануем спіс кніг беларускіх аўтараў. Удзельнікі праекта будуць чытаць і абмяркоўваць, а іх літаратурныя размовы будуць трансліравацца па тэлебачанні.

«Калі расце пакаленне візуалаў — трэба іх біць гэтым. Экранізаваць беларускамоўныя творы, ствараць цікавыя пазнавальныя камп’ютарныя гульні», — мяркуе Вольга Шведава-Юніцкая.

Святлана Кампанеец прапануе чытаць на тэлеканале «Беларусь 3» вершы не толькі класікаў, але і сучаснікаў і такім чынам прадстаўляць маладых аўтараў. «Каб людзі купілі сёння новую кнігу, трэба пра яе гаварыць, трэба яе паказваць. Напрыклад, рабіць буктрэйлеры», — кажа Святлана Юльянаўна.

Зрэшты, кожны настаўнік ці бібліятэкар можа прарэкламаваць новую вартую кнігу без вялікіх выдаткаў: прыдумаць для кнігі постар, раздрукаваць і такім чынам аздобіць сцены навучальнай ці культурнай установы…

Мяркуючы па крэатыўных заданнях, прадстаўленых у конкурсных работах, настаўнікі маюць шмат цікавых ідэй — а значыць, усё ў працы атрымаецца, і вучні будуць з задавальненнем разгортваць новыя старонкі беларускай літаратуры. Бо дробныя перашкоды не спыняюць захопленых, шчырых энтузіястаў, якія робяць добрую справу!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Фота Кастуся Дробава

Загаловак у газеце: Слова настаўніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.