Вы тут

Па слядах Напалеона Орды


У невялікім горадзе Драгічыне, што на Брэстчыне, жыве Вольга Манцэвіч, якая выкладае маляванне ў тутэйшай дзіцячай школе мастацтваў. Дзяўчына вельмі любіць родны горад і навакольныя мясціны, усё, што звязана з іх гісторыяй.


— Наша мястэчка хоць і невялікае, але вельмі ўтульнае, а яго гісторыя — багатая і разнастайная, — распавяла маладая мастачка. — Проста мы ў імклівасці часу не заўважаем штодзённай прыгажосці, а трэба ўсяго толькі прыпыніцца і азірнуцца.

Дзяўчыну заўсёды цікавіла гісторыя роднага краю. Вось тут і спалучыліся дзве яе адукацыі — мастацкая і гістарычная. У выніку нарадзілася ідэя адлюстроўваць у малюнках самыя значныя мясціны маленькай радзімы і тым самым паказваць землякам незвычайную прыгажосць гэтага палескага куточка. Услед за Напалеонам Ордам, які нарадзіўся ў суседнім Іванаўскім раёне, Вольга пачала захоўваць на паперы тое, што можа з часам кануць у вечнасць.

— Цешу сябе думкай, што мае малюнкі падштурхнуць кагосьці шанаваць маленькую радзіму больш, ганарыцца ёю, — працягвае Вольга. — А магчыма, хтосьці возьме ў рукі энцыклапедыю, зойдзе ў інтэрнэт ды прачытае цікавую інфармацыю пра наш край, а потым распавядзе пра той ці іншы гістарычны помнік дзецям, падзеліцца з сябрам.

У маладой мастачкі шмат цікавых задумак: натхняюць былыя маёнткі, сучасныя вулачкі райцэнтра.

— Перш за ўсё я імкнуся прывіць любоў да родных мясцін сваім вучням, — дзеліцца Вольга. — Падчас заняткаў яны развіваюцца як юныя мастакі, але яшчэ могуць больш даведацца пра знаёмыя і ў той жа час нязведаныя вулачкі горада. Вельмі хочацца, каб мае выхаванцы ганарыліся сваёй малой радзімай, радаваліся яе росквіту.

Раіса МАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.