Вы тут

Куды падзеўся Бурыдус?


Днямі Беларуская дзяржаўная філармонія парадавала маленькіх гледачоў новай дзеяй «Музычныя прыгоды вушастага Бурыдуса». Фантазійная гісторыя для дзяцей і музычных інструментаў прэзентавалася на Малой сцэне імя Р. Шырмы. Аўтар лібрэта і пастаноўкі (а таксама выканаўца галоўнай ролі) — Васіль Дранько-Майсюк. У спектаклі ўдзельнічаў Ансамбль салістаў «Класік-авангард» пад мастацкім кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава. Музычнай рэжысурай займалася Святлана Кудзіна.


Падчас імпрэзы.

Адметна тое, што пастаноўка мела інтэрактыўную частку: падчас прагляду дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, адказвалі на пытанні, выконвалі заданні. Праз займальны сюжэт яны знаёміліся з музычнымі інструментамі і творамі сусветна вядомых кампазітараў.

…У кожнага дзіцяці ёсць начны анёл, які бароніць яго бесклапотны сон ад жахлікаў. Адна маленькая дзяўчынка згубіла свайго па мянушцы Бурыдус. Яна не можа больш спаць, таму перад яе бацькам паўстае надзвычай складаная задача: адшукаць Бурыдуса і вярнуць дачцэ спакойны сон.

Бурыдус — істота свавольная, непаслухмяная, з характарам… Сам таго не заўважыў, як раззлаваў апякунку музыкі Эўтэрпу, міжволі сарваўшы канцэрт — яна зачаравала яго і схавала за сямю замкамі… Выратаваць сябрука можна толькі залагодзіўшы яе, выявіўшы належную павагу і зразумеўшы душу кожнага з сямі музычных інструментаў, якія вартуюць сем брам…

Першым вартаўніком была флейта. Калі паліліся яе чароўныя гукі (Менуэт і Скерца Себасцьяна Баха і Саната для флейты і фартэпіяна Франсіса Пуленка), падалося, што недзе побач прачнулася сама вясна, пралескі расплюшчылі насустрач сонцу свае сінія вочкі, і вось-вось залунае прывідная Птушка Шчасця, пра якую ўсе ведаюць, але мала хто здолеў угледзець зблізку… Часам флейта падобная на легкадумную паненку, якая жыве ў свеце сваіх мар і не судакранаецца са штодзённымі клопатамі аб жыцці на гэтай грэшнай зямлі... А часам — на вечна маркотную панну, душа якой поўніцца сусветным сумам за ўсё, што існуе на свеце... Яна абуджае самыя светлыя пачуцці, мроі, веру ў дабрыню. Душа ў яе вельмі чулая і спагадлівая, таму нядоўга яна трымала браму на замку…

Другую браму вартавала скрыпка. І хоць уся яе сутнасць змяшчаецца ў невялічкім «доміку» і чатырох струнах, смык у руках умелага музыкі ператвараецца ў чароўную палачку і здольны прымусіць плакаць горка-горка, а сэрца — разрывацца ад невыноснага жалю альбо, наадварот, адчуваць самае неверагоднае шчасце… Пасажы з твора Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера» акуналі слухача то ў смутак, то ў слодыч… Але і адчувальная да чужой бяды скрыпка нядоўга трымала абарону.

Ключ ад трэцяй брамы вартаваў габой. З ім няпроста было дамовіцца — не знайшоў паразумення са скрыпкай. Што ж, са складанымі інструментамі (а габой занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса як найскладанейшы), як і з цяжкімі людзьмі, кантактаваць заўжды праблематычна. Але… прагучаў Вальс з оперы «Іван Сусанін» і Aragonaise з оперы Бізе «Кармэн» і… габой, падкуплены надта гучнымі апладысментамі і захапленнем у вачах натхнёных слухачоў, болей не ўпарціўся — прымірыўся са скрыпкай ды адчыніў браму.

 Чацвёрты «пост» пільнавала віяланчэль. Яркія, напоўненыя пранізлівым сумам гукі «Сентыментальнага вальса» П. Чайкоўскага і — задорам і рашучасцю — Марша з оперы С. Пракоф’ева «Любоў да трох апельсінаў» надалі імпэту ў пошуках зніклага Бурыдуса тату маркотнай дзяўчынкі.

Вось і пятая брама… Яе вартаўніком быў кароль усіх інструментаў, раяль. Вадаспадам паліліся гукі Інтэрмецца з балета «Шчаўкунок»… Атрымаўшы адпаведную ўласнаму майстэрству пашану, яго вялікасць раяль разнасцежыў сваю браму.

Ля шостай брамы дзяжурыў кларнет. Менавіта яго найбольш раззлаваў няшчасны Бурыдус… Воляй лёсу ён быў перанесены ў Белавежскую пушчу і зачараваны ў… маленькую бяскрыўдную жабку. А са сцэны гучалі прачулыя гукі Санаты для кларнета і фартэпіяна Ёзэфа Горавіца і Франсіса Пуленка.

Сёмую браму ахоўвалі ўдарныя. Яны выканалі адзін з любімых твораў апякункі музыкі Эўтэрпы, а маленькія гледачы не пашкадавалі для яе самых красамоўных эпітэтаў — строгае сэрца расчулілася, і брама адчынілася. Бурыдус вярнуўся да сваёй маленькай гаспадыні, каб ніколі больш яе не пакінуць…

Паслухаць гэтую цудоўную музыку і адкрыць для сябе шмат новага ў свеце гукаў, спазнаць сутнасць кожнага з сямі музычных інструментаў яшчэ будзе магчымасць. Філармонія заўжды радасна сустракае не толькі дарослых, але маленькіх аматараў. Музыка — тая мова, якую душа разумее найперш.

Яна БУДОВІЧ

Фота Аляксандра Горбаша

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.