20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як палепшыць жыццё за МКАД?


Яшчэ дваццаць гадоў таму ў вёсках жыў кожны трэці беларус, цяпер – толькі кожны пяты. З памяншэннем насельніцтва пагаршаецца і сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёнаў. Чаму так адбываецца, і што трэба зрабіць, каб падцягнуць рэгіёны да ўзроўню сталіцы?


Пра арыфметыку і псіхалогію

 У 70-я гады вяскоўцы адпраўлялі сваіх дзяцей у гарады, каб тыя атрымалі вышэйшую адукацыю і жылі лепш, камфортней за бацькоў. Цяпер у вёсцы не рэдкасць вадаправод, газ, то бок бытавыя ўмовы значна лепшыя, чым 40 гадоў таму. Але людзі з'язджаюць. Нехта – назаўсёды, імкнучыся ўсімі сіламі “зачапіцца” ў вялікім горадзе, а лепш – у сталіцы. Іншыя ездзяць на працу. Напрыклад, чацвёра жыхароў невялікага райцэнтра Віцебскай вобласці ва ўзросце ад 23 да 37 гадоў працуюць у Мінску на складзе па графіку 4/4. Яны здымаюць у сталіцы двухпакаёвую кватэру, а калі з'язджаюць дадому, туды засяляецца іншая змена работнікаў таго ж склада. Усе яны пакінулі рэзюмэ ў родных гарадах і чакаюць там вакансій. Дома ў іх наладжанае жыццё, добрае жыллё, побач бацькі, сябры. І мяняць гэты звыклы свет на прывідную мару гадоў праз дваццаць купіць у Мінску кватэру людзі не жадаюць. У сталіцу іх выгнала беспрацоўе. Зрэшты, і тыя, хто мае працу ў рэгіёнах, зарабляюць менш, чым у сярэднім па краіне.

У некаторых рэгіёнах сацыяльна-бытавая сфера значна адстае ад патрэб людзей. Паводле дадзеных даследавання, якое правялі Рыгор Астапеня, заснавальнік і галоўны рэдактар анлайн-часопіса “Ідэя”, і Антон Раднянкоў, выканаўчы дырэктар цэнтра новых ідэй, менеджэр праектаў фонду “Інтэракцыя”, у Мінску на 10 тыс. насельніцтва прыпадае 58,1 лекар, а ўвогуле па Беларусі – 38,4. Таксама абмежаваны ў рэгіёнах і доступ да вышэйшай адукацыі, бо з 51 ВНУ 28 знаходзяцца ў Мінску.

Акрамя праблем, якія можна адлюстраваць у лічбах, існуе яшчэ адна – псіхалагічная. У нас чамусьці сорамна прызнацца, што ты родам з вёскі. Некаторыя перакананы, што жыхары глыбінкі падобныя выключна да герояў скандальнага кліпа “8 Сакавіка”. Аднойчы па дарозе ад Ашмянаў да Мінска давялося слухаць абураныя рэплікі двух жанчын: “Куды свет коціцца? Правінцыялы працуюць у Еўропе!”. З Вільнюса да Ашмянаў ехалі некалькі мужчын, з размоваў якіх было зразумела, што яны працуюць у літоўскай кампаніі вадзіцелямі-міжнароднікамі. Па логіцы гэтых жанчын, у Еўропе могуць працаваць толькі жыхары сталіцы. Таксама дамы абураліся, што “гэтыя калгаснікі ўпрыгожылі свае дамы, як у замежжы”. І сапраўды, на Гродзеншчыне перад Калядамі практычна кожны дом быў у большай ці меншай ступені падсвечаны ілюмінацыяй.

Яшчэ прыклад. Падчас адпачынку ў санаторыі паблізу Брэста мая сяброўка паехала ў вёску Тамашоўка – наведаць музей беларускага касманаўта Пятра Клімука. Запрашала яна з сабой усіх жадаючых, але ніхто не захацеў у “вясковы музей”. Потым, разглядаючы фатаграфіі, чамусьці не з захапленнем, а з нейкай злосцю яны заўважалі, што ў вёсцы і ландшафтны дызайн, і рэстаран у наяўнасці. Гэта значыць, ва ўспрыманні пэўнай часткі людзей жыхары малых гарадоў ды вёсак застаюцца нейкімі персанажамі школьнай хрэстаматыі з апавяданняў пра лапці, галечу і бяспраўе.

Ёсць і іншы бок медаля. Жыхары якога-небудзь райцэнтра тым жа экскурсантам з Мінска могуць сказаць: «А навошта вы сюды прыехалі? Што тут глядзець?». Тэма для асобнай публікацыі – чаму ў людзей прыніжаная самаацэнка, якая зусім не спрыяе росквіту і ініцыятыве.

Ініцыятыва, самастойнасць і дэцэнтралізацыя

Увесь свет на нейкім этапе перажываў сітуацыю, калі цэнтрам росту станавіліся сталіцы і вялікія гарады. Рэцэпты, як наблізіць рэгіёны да ўзроўню сталіцы, аднолькавыя ва ўсёй Еўропе. У нашай краіне зараз робіцца ўпор на развіццё прадпрымальніцтва. Сапраўды, бізнес-клімат значна памякчэў. Але ці дастаткова гэтага? У 90-я гады таксама не было вялікай праблемы зарэгістраваць фірму, але пытанне: што рабіць потым? Тады яшчэ можна было выплыць на шанцаванні, інтуіцыі, цяпер жа ўсё значна складаней. Ці не атрымаецца так, што Іван, убачыўшы, як Пятро добра зарабляе рамонтам аўто, таксама адкрые СТА і прагарыць, таму што больш СТА не трэба? Або нейкі бізнесмен наладзіць сучасную вытворчасць, ды толькі мясцовыя жыхары не здолеюць там працаваць і навучыцца гэтаму няма дзе. Што ў выніку? На прадпрыемства давядзецца прывозіць спецыялістаў з суседняга рэгіёну, а бізнесмен атрымае льготы і пашану за арганізацыю працоўных месцаў.

Сёння, каб займацца бізнесам, патрэбен пэўны багаж ведаў. Падзяліцца вопытам, даць нейкія практычныя  парады маглі б прадстаўнікі бізнес-саюзаў. Але яны не частыя госці ў глыбінцы, хіба што “ў рамках” тыдняў прадпрымальніцтва здзяйсняюць ваяжы. Сістэмнай жа, штодзённай працы няма.

Нядаўна Аляксандр Турчын, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Беларусі, заявіў, што ў рэгіёнах пачнуць працу аналагічныя структуры. Гэта яшчэ адзін паказчык таго, што бізнес на вёсцы, у малых гарадах усур'ёз не ўспрымаўся, не быў наладжаны канструктыўны дыялог з уладай.

Другі рэцэпт – гэта арганізацыйная і фізічная дэцэнтралізацыя. Найперш, раёнам патрэбна рэальнае самакіраванне. Зараз чыноўнікі больш чакаюць указанняў са сталіцы, чым самі прымаюць рашэнні. Таму насельніцтва вымушана звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі для вырашэння праблем мясцовага маштабу. Гэта часта адзначаюць сталічныя чыноўнікі, калі праводзяць прыёмы грамадзян у рэгіёнах.

Такое ж становішча спраў і ў рэгіянальных прадпрымальнікаў. “Практыка дзейнасці рэспубліканскага Савета па развіцці прадпрымальніцтва паказвае, што вельмі шмат зваротаў ідзе з рэгіёнаў. І мы вымушаны займацца з Мінска гэтымі праблемамі, хоць большасць з іх павінна вырашацца на мясцовым узроўні. Мы спадзяемся, што, калі сфарміруем абласныя, раённыя саветы, гэтыя пытанні будуць вырашацца менавіта там, не даходзячы да ўзроўню рэспубліканскай рады, ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта”, – цытуе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Аляксандра Турчына.

Пад фізічнай дэцэнтралізацыяй маецца на ўвазе перасяленне органаў улады і кіравання за межы сталіцы. Напрыклад, у Германіі Цэнтрабанк знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне, а ў Францыі штаб-кватэра Інтэрполу размешчана ў Ліёне.

На семінары ў Мінску, прысвечаным праблеме беларускіх рэгіёнаў, генеральны дырэктар Канфедэрацыі бізнесу Літвы Альгімантас Аксцінас распавёў пра вопыт нашай краіны-суседкі. Адной з задач арганізацыі, якую ён узначальвае, з'яўляецца развіццё рэгіёнаў, бо розніца паміж асобнымі часткамі краіны відавочная. Па словах Альгімантаса Аксцінаса, у Літве пры ўдзеле прадстаўнікоў бізнесу падрыхтавана поўная характарыстыка кожнай мясцовасці: колькі трэба інвестыцый, працоўных месцаў, спецыялістаў, навучальных устаноў. У той жа час развіццё асобнага рэгіёну адбываецца ўзгоднена з эканомікай усёй дзяржавы. Кожны населены пункт мае эканамічную спецыялізацыю, якую калегіяльна вызначылі прадстаўнікі ўлады, бізнесу і жыхары.

На думку Альгімантаса Аксцінаса, для паспяховага развіцця рэгіёнаў неабходна ствараць канкурэнтныя працоўныя месцы, потым – сацыяльную інфраструктуру. Насельніцтву малых гарадоў ды вёсак трэба гарантаваць самыя лепшыя паслугі па даступных цэнах. Прадстаўнікі органаў самакіравання павінны мець дастаткова паўнамоцтваў, каб прымаць рашэнні, не чакаючы распараджэнняў зверху.

Для ўзняцця прэстыжу некаторых населеных пунктаў, мэтазгодна разгледзець пытанне аб перасяленні ў іх офісаў міністэрстваў, дэпартаментаў. Эксперт адзначыў, што неабходна паляпшаць імідж рэгіёнаў. У нашых суседзяў амбіцыйная мэта: дамагчыся такога развіцця кожнай мясцовасці, каб чалавек не саромеўся сказаць, што ён жыве ў малым горадзе ці вёсцы.

Гэта тое, да чаго і нам варта імкнуцца. І тут мала толькі эканамічных і адміністрацыйных рычагоў. Неабходна і псіхалагічная перабудова, пазбаўленне жыхароў рэгіёнаў ад комплексу “маленькага чалавека”, за якога хтосьці ўсё вырашыць і зробіць.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.