Вы тут

Адрэналін можа быць і ў 94 гады!


«З 40 членаў шахматнага клуба «Гамбіт» 39 — гэта мужчыны, — кажа старшыня клуба 61-гадовая Алена Драздовіч. — Жанчыны таксама сюды зрэдку залятаюць (па-іншаму і не скажаш) — праўда, ненадоўга... Хоць вочы ў іх і гараць: вядома ж, столькі мужыкоў тут збіраецца, ды якіх!.. На жаль, наш клуб не займаецца падрыхтоўкай шахматыстаў: каб трапіць сюды, чалавек павінен ужо ўмець гуляць у шахматы. І мы збіраемся не пагаварыць — а дзеля гульні. Нават тэлефоны свае адключаем на гэты час. Шахматы — гэта сур'ёзная інтэлектуальная праца, і ў нас ствараюцца ўсе ўмовы, каб не збіць гульцоў з думкі...»


94-гадовы афіцэр у адстаўцы Віктар Марозаў.

Гэта і насамрэч больш мужчынскі варыянт баўлення часу. Размаўляць пра жыццё няма калі, трэба гуляць! «І ў 90-гадовых яшчэ паспрабуй выйграць!» — усміхаецца Алена Драздовіч.

Ёсць аматары хуткасных шахмат — дзе гульня доўжыцца 15 хвілін. Але асноўная маса сяброў клуба гуляюць па паўгадзіны. З цягам часу з'яўляюцца нейкія сяброўскія сімпатыі, бывае, людзі ўжо выбіраюць больш-менш пастаянных партнёраў для гульні і вельмі сумуюць, калі партнёр не прыйшоў, хоць наогул шахматысты вельмі самадастатковыя людзі.

Наша суразмоўніца прыйшла ў «Гамбіт» адразу пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, у 2006 годзе. «Тут я пазнаёмілася з вельмі цікавымі людзьмі, — гаворыць яна. — Для пенсіянера, які не працуе, гэта цудоўны занятак. Мы і дома абдумваем шахматныя задачы — бывае, цэлы тыдзень гэтым заняты. Ды і ў якасці барацьбы з ленасцю мець такое хобі таксама добра: як мінімум два разы на тыдзень трэба ўстаць, апрануцца, прывесці сябе ў парадак, выйсці ў людзі і пастарацца не спазніцца».

Шахматны клуб «Гамбіт» Палаца культуры ветэранаў працуе два разы на тыдзень — у панядзелак і чацвер. Аматары гэтай інтэлектуальнай гульні прыязджаюць сюды з усяго Мінска і ў любое надвор'е. Самаму малодшаму ўдзельніку клуба 61 год, найстарэйшым — Віктару Марозаву і Васілю Папову — ужо па 94 гады! У асноўным жа клуб наведваюць людзі старэйшыя за 70.

«Як мне казаў калісьці бацька, шахматы — гульня высакародных людзей, — кажа адзіная ў клубе жанчына. — І атмасфера ў нас інтэлігентная. Мяне не крыўдзяць. Зараз нават абралі старшынёй клуба. І са святам 8 Сакавіка мяне многія асабіста павіншавалі, частавалі цукеркамі і шакаладкамі, каб мае мазгі добра працавалі. Хоць я і лічу, што я жанчына кожны дзень, але ўсё роўна было прыемна»...

81-гадовы гросмайстар Уладзімір Сычоў, аўтар кнігі «250 выбраных шахматных кампазіцый».

«Іншым разам у нашым ціхім клубе бываюць такія страсці! — працягвае Алена Драздовіч. — Мы прытрымліваемся правілаў Міжнароднай шахматнай федэрацыі ФІДЭ. Адно з іх, напрыклад, такое: узяўся за фігуру — хадзі. І бывае, чалавек зробіць немагчымы ход альбо ў кагосьці рука мімаволі пацягнулася па фігуру, а потым ён вырашыў яшчэ падумаць — і часцей за ўсё яго партнёр можа дазволіць перахадзіць. Але бываюць моманты, калі пачынаецца спрэчка, асабліва калі партнёры напярэдадні не абгаварылі паміж сабой, ці будуць гуляць строга па нормах ФІДЭ, ці выконваць толькі асноўныя правілы. Канешне, шахматныя фігуры пры гэтым не лятаюць, але эмоцыі кіпяць! А які гэта адрэналін — сачыць за чыёйсьці гульнёй! Разбіваемся на два лагеры і «хварэем»: хто за «белых», хто за «чорных»... А пасля няўдалага рашэння гульца іншы раз можна пачуць: «ну што ж ты?!» — сказанае з такой шчырай скрухай, і столькі эмоцый у гэтым кароткім воклічы!..

Дарэчы, члены шахматнага клуба «Гамбіт» часта становяцца ініцыятарамі правядзення раённых спаборніцтваў па шахматах па месцы свайго жыхарства (усе ж з розных раёнаў горада). А яшчэ ў «Гамбіта» ёсць мара — правесці сёлета гарадскі турнір па шахматах. І гэта цудоўна: марыць, будаваць планы, старацца іх ажыццявіць... Карацей кажучы — жыць напоўніцу.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.