Вы тут

Урок пазакласнага чытання па аповесці Валерыя Гапеева «Ведзьміна тоня»


Апошнім часам праблема сіроцтва стала надзвычай актуальная. У большасці выпадкаў сірата сёння — гэта дзіця, якое страціла бацькоў па сацыяльных прычынах. Павелічэнне колькасці сацыяльных сірот абумоўлена не столькі эканамічнымі, колькі сацыяльнымі і псіхалагічнымі фактарамі.


Праблемы дзяцей, якія страцілі бацькоў, ва ўсе часы выклікалі асаблівы клопат з боку дзяржавы, грамадства, царквы. Беларускія пісьменнікі таксама неабыякавыя да лёсу гэтых дзяцей.

Твор Валерыя Гапеева на першы погляд — пра прыгоды сучасных падлеткаў, таямніцы Ведзьмінай тоні, загадку гібелі чатырох аднавяскоўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак пісьменнік не менш захапляльна расказаў гісторыю Сяргея, які вырас у дзіцячым доме. Хлопчык рана пасталеў, быў вымушаны думаць пра кавалак хлеба не толькі для сябе, але і для малодшай сястрычкі Нэлы, бо п’янай маці не было справы да дзяцей. На жаль, такія гісторыі не рэдкія цяпер, і падлеткі бываюць сведкамі таго, як іх аднакласнікі пры жывых бацьках аказваюцца ў прытулках ці дзіцячых дамах.

Аповесць В. Гапеева «Ведзьміна тоня» вучыць і дзяцей, і дарослых быць спагадлівымі, несці маральную адказнасць за свае ўчынкі.

Арыгінальнасць урока.

Перад пачаткам заняткаў неабходна падрыхтаваць палоскі паперы (трох розных колераў, па 30 — 40 кожнага колеру), 3 — 4 вялікія аркушы паперы, клей.

аведамляецца тэма і мэта ўрока. Падрыхтаваўшыся, вучні знаёмяць клас з асобай пісьменніка, яго творчай біяграфіяй, дэманструюць фотаздымкі. Затым група вучняў прэзентуе буктрэйлер да аповесці (https://youtu.be/apm0o96Emy8).

Для праверкі засваення зместу твора настаўнік прапануе віктарыну. За правільны адказ вучні атрымліваюць каляровую пазнаку на парту.

Пытанні віктарыны:

1. «Чорнае люстэрка свабоднай вады, на выгляд неверагодна халоднай нават у спякотны дзень. Калі залезці на якую алешыну, дык зверху яна выглядае раўнюткім кругам, а вада ў ёй — яшчэ чарней». Пра якое гіблае месца ішла размова?

2. «...стаяў тут раней лес, а сярод гэтага лесу быў хутар. Жыла ў ім жанчына, вядзьмарка. І гэтак яна многа шкоды нарабіла людзям, што Бог не стрываў, і ў адну ноч праваліўся гэты кавалак лесу пад зямлю». Хто расказваў дзецям гэтую гісторыю?

3. «Hі з кім не размаўляў, твар ад людзей хаваў. Адкуль ён і хто — не ведалі. Некалькі дзён бясшумна яго лодка слізгала па чорнай вадзе. А аднойчы ён не паказаўся. Толькі лодку гумавую, пустую, без вёслаў прыбіла бліжэй к зіме да Заікінага вострава». Пра каго расказваецца?

4. Хто дае такую характарыстыку галоўнаму герою: і вочы ў Сяргея «зладзеяватыя», і ўвогуле ён «бандыт бандытам», «бязбацькаўшчына», ад якога «што хочаш чакаць можна», і «ваўчанё ён сапраўднае», і «калоніяй ён закончыць»?

5. Сяргей песціў сваё «незабыўнае пачуццё». «Яно было заўсёды, мо з самага першага дня яго жыцця, яно не знікала ніколі, яно толькі спала разам з Сяргеем і прачыналася разам з ім». Пра якое пачуццё гаворыць аўтар?

6. Якім чынам хлопчык набыў рэпутацыю «злодзея» і бандыта?

7. «Яго выхаванне больш нагадвала звычайную дрэсіроўку якога-небудзь звярка — ён біў дзяўчынку, калі тая не слухалася, і даваў кавалачкі хлеба, калі яго каманды выконваліся». Пра каго ідзе размова?

8. «Толькі ты, сын, — бацька гаварыў, выдзяляючы кожнае слова, — памятай адну простую рэч: сіла апраўдваецца толькі у двух выпадках. Першы — бароняць сваё жыццё. Дpyгі — бароняць слабога. Трэцяга не дадзена». Каму былі адрасаваны гэтыя словы?

9. «— Цьфу ты, як проста, — Сяргей адчуў незвычайную палёгку. Рукі вось толькі крыху трымцелі, зубы вілаў чапляліся за зямлю, але ўжо праз хвілін пяць праца пайшла спорна». Што аказалася такім простым для Сяргея?

10. Сяргей вырашае жыць згодна са сваім правілам. Што гэта за правіла?

Настаўнік зачытвае словы В. Гапеева, якія запісаны на дошцы ў якасці эпіграфа: «Цвёрда перакананы, што няма дзіцячых праблем. Ёсць праблемы ў нашых дзяцей. І яны перажываюцца імі настолькі ж балюча, як і мы перажываем свае. Гэта і хочацца данесці да чытача: і юнага, і сталага».

Пытанні да класа:

Якія праблемы хвалююць вас, сённяшніх падлеткаў?

Якія праблемы хвалявалі Сяргея — галоўнага героя аповесці?

Хто такі сірата?

Якія беларускія пісьменнікі пісалі пра дзяцей-сірот?

Аналіз аповесці «Ведзьміна тоня». Метад «Дыванок ідэй». Вучні працуюць у групах.

На першым этапе вучні ў групах адказваюць на праблемнае пытанне: Ці можна Сяргея назваць сіратой? Чаму ён, маючы дом і сям’ю, жыве ў дзіцячым доме? Кожная група атрымлівае 10 каляровых палосак і вялікі аркуш паперы. Заданне для групы: адказаць на пастаўленае пытанне, напісаць адказы на атрыманых палосках паперы (на адной палосцы — адзін адказ, пры гэтым неабавязкова выкарыстоўваць усе палоскі), а пасля зрабіць на вялікім аркушы паперы «дыванок», наляпляючы ўсе палоскі такім чынам, каб адказы лёгка чыталіся. Пасля заканчэння работы групы прадстаўляюць свае «дыванкі» і зачытваюць адказы, робяць выснову па праблеме.

Другое пытанне: Нэла і Сяргей атрымалі надзею, што ў іх будзе сям’я. Што дапамагло героям у вырашэнні іх праблемы? Кожная група зноў атрымлівае 10 каляровых палосак паперы (іншага колеру) і запісвае свае ідэі, а пасля зачытвае класу. Новыя палоскі прыклейваюцца да «дыванка». Робіцца вывад: добрых людзей значна больш, чым злых і чэрствых. Трэба быць сумленным і шчырым, тады і да цябе паставяцца адпаведна.

Трэці этап — індывідуалізацыі дзеянняў. Кожны адказвае на пытанне: Што асабіста я магу зрабіць, каб не было побач такіх абяздоленых і няшчасных дзяцей, як Сяргей і Нэла? Адказы запісваюцца на палосках паперы. Групы чытаюць адказы па чарзе. Калі ў іншай групе ёсць такая ж ідэя, яна адкладаецца ў бок. Настаўнік бярэ палоскі з прачытанымі адказамі і клеіць іх на дошку. Калі ідэі вычарпаны, настаўнік просіць групы прыклеіць пакінутыя палоскі да сваіх «дыванкоў» і павесіць іх на сцяну.

Настаўнік зноў звяртаецца да эпіграфа і прапануе паразважаць, якія праблемы былі ў герояў твора. Ці ўдалося аўтару данесці гэтыя праблемы, іх важнасць?

Работа з выказваннямі ў групах. Настаўнік просіць прачытаць выказванні і выбраць адно, якое адпавядае тэме заняткаў і якое вучні выбралі б у якасці эпіграфа, абгрунтаваць свой выбар, а затым наклеіць выбраны групай эпіграф у верхнім правым куце сваіх «дыванкоў».

Выказванні:

1. Там, дзе недалёка абыякавасць, там недалёка пагібель (Кузьма Чорны).

2. Самая страшная рэч — абыякавасць. Калі з ёй не змагацца, яна, як багна, можа загубіць любога чалавека (Максім Танк).

3. Адносіны да дзяцей — беспамылковая мера духоўнай годнасці чалавека (Янка Брыль).

4. І ад таго, як прайшло дзяцінства, хто вёў дзіця за руку ў дзіцячыя гады, што ўвайшло ў яго розум і сэрца, з таго, што вакол яго, — ад гэтага ў большай ступені залежыць, якім чалавекам стане сённяшняе дзіця (Васіль Сухамлінскі).

5. Дзеці, якіх не любяць, стануць дарослымі, якія не могуць любіць (Перл Бак).

Удзел вучняў у занятках. Вучні доўга рыхтаваліся да заняткаў. Дзеці самі выбралі заданні да ўрока: нехта рыхтаваў паведамленні, шукаў матэрыял і фотаздымкі ў бібліятэцы. Група вучняў рыхтавала буктрэйлер, доўга падбіралі музыку. Колькасць налепак, атрыманых за правільныя адказы, улічвалася пры выстаўленні адзнак.

Вынікі. Дзякуючы аповесці В. Гапеева многія вучні задумаліся над сваёй будучыняй, над тым, якімі яны будуць бацькамі. Твор навучыў чалавечнасці і адказнасці. Метад «Дыванок ідэй» дазволіў перайсці ад аналізу праблемы да вызначэння індывідуальных дзеянняў. Вучні спрачаліся, адстойвалі свае думкі, вучыліся аргументаваць. Новы метад дапамог правесці ўрок нестандартна, дзеці шмат рухаліся, вучыліся працаваць у групе.

Валянціна ГЕНЬ, настаўніца Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, фота аўтара

 

Загаловак у газеце: Не захварэць на абыякавасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.