Вы тут

Жыццё: загадка і рэальнасць, поўная мар і надзей...


Цудоўная і непараўнальная па глыбіні выстаўка жывапісу «Гульня сноў» Алены Шлегель працуе ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Прадстаўленыя палотны дэманструюць унікальны сінтэз філасофскіх роздумаў, канцэпцый і ідэй, пададзеных у своеасаблівай форме міфа, казкі, легенды.


«Феміністычныя гульні», 2014 г.

Адштурхоўваючыся ад рэалістычнага спосабу мастацкага выяўлення, аўтар гарманічна дапаўняе яго элементамі дэкаратыўнасці, якія спрыяюць паглыбленаму і ўсебаковаму раскрыццю алегарычных сэнсаў твораў. У гэтым дачыненні вялікую ролю адыгрывае колер, які, у залежнасці ад кантэксту, набывае характэрнае сімвалічнае значэнне. Яркі, імпульсіўны, сакавіты, ён захоўвае пульс жыцця, выступаючы важным элементам пэўнай гісторыі. Самадастатковасць і цэласнасць, уласцівыя героям карцін Алены Шлегель, раскрываюцца дзякуючы тонкасці псіхалагічных сітуацый, у якія змешчаны чалавек. Любоў, флірт, жыццёвыя перыпетыі — галоўныя рухавікі ў многіх палотнах мастачкі.

Аднак не трэба шукаць у іх толькі псіхалагічны падтэкст. Створаныя ў форме гульні, яны ўвасабляюць лепшыя праявы тых эмоцый і пачуццяў, якія здольныя змяніць знешні і ўнутраны свет чалавека, садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню асобы.

Вобраз мары, вытанчаны і элегантны, у якасці нязменнага лейтматыву гучыць ва ўсіх творах, разнастайных па мастацкім змесце. Карціны Алены Шлегель нельга аднесці да пэўнага кірунку з прычыны іх сэнсавай поліфанічнасці і змястоўнасці. Сама мастачка тлумачыць асаблівасці ўласнай творчасці з пазіцый так званага куртуазнага рамантызму, які ўвасабляецца ў арыстакратычнасці духу і пікантнасці ва ўзаемаадносінах герояў. Алегарычнасць назваў твораў раскрывае іх глыбокі філасофскі падтэкст, які захаваны ў гісторыі і міфах.

Міфалагічным пачаткам авеяны твор «Малочныя рэкі» (2004), у якім вялікае значэнне адводзіцца сакральнай трактоўцы зместу. Кожная выява тут сімвалічная: так, напрыклад, малако яшчэ з даўніх часоў атаясамлівалася з вітальнасцю, дастаткам і пладавітасцю жанчыны, выступаючы алегорыяй адраджэння і бессмяротнасці.

Крыху з іншых пазіцый разглядаецца вобраз жанчыны ў карціне «Юдзіфь» (2009). У адпаведнасці з біблейскім зместам, яна часта паказвалася майстрамі розных эпох мужнай, моцнай духам ваяўніцай. У творы Алены Шлегель яна, наадварот, «прыгожая выглядам і вельмі прывабная позіркам» (Юдзіфь, 8:7). Асаблівай пікантнасцю і неардынарнасцю вылучаецца палатно «Феміністычныя гульні» (2014), у якім знайшлі адлюстраванне дваістасць чалавечай натуры, наяўнасць у кожным суб’екце мужчынскага і жаночага пачатку, барацьба супрацьлегласцяў і пошук гармоніі паміж імі.

Поўныя гармоніі, палотны Алены Шлегель грунтуюцца на хісткасці памежных станаў, дзе рэальнасць сумяшчаецца са сном, праўда — з вымыслам, каханне — з ілюзіяй. Карціны мастачкі ўяўляюць сабой космас, які атачае чалавека і гучыць унутры яго.

Ксенія СЯЛІЦКАЯ-ТКАЧОВА, мастацтвазнаўца, культуролаг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.