Вы тут

Талент канцэртмайстра праз фестываль імя Валерыя Савіна


Доўгачаканай падзеяй у культурным і музычным жыцці Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі стала правядзенне I Адкрытага фестывалю канцэртмайстарскага майстэрства імя Валерыя Сямёнавіча Савіна (1944—2016), выдатнага канцэртмайстра і педагога, дзейнасць якога больш за 30 гадоў спрыяла развіццю музычнага мастацтва Беларусі. Бліскучы талент Валерыя Савіна, які шмат у чым вызначыў перамогі вядучых калектываў і салістаў каледжа, яго педагагічнае майстэрства ў падрыхтоўцы больш чым за сто канцэртмайстраў, педагогаў фартэпіяна і камернага ансамбля сталі асновай для адкрыцця ў каледжы Камернай залы імя В. С. Савіна.


Гэта падзея аб’яднала ўсіх выкладчыкаў, навучэнцаў, гасцей хваляй успамінаў аб сумеснай творчай працы з таленавітым, але вельмі простым і ўсімі любімым канцэртмайстрам. Перад гледачамі са стужкі кінахронікі разам з ансамблем цымбалістаў «Залатая струна» (кіраўнік Ганна Полесава) іграў Валерый Савін. Пра плённую сумесную працу з В. Савіным успамінаў народны артыст Беларусі загадчык кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўген Гладкоў, адзначыўшы, што «70% поспеху выканаўцаў заўсёды залежала ад канцэртмайстарскага майстэрства Валерыя Сямёнавіча, бо ён заўсёды працаваў над гукам».

Фестываль адкрыў канцэрт «Памяці настаўніка». У першым нумары праграмы разам з дуэтам скрыпачоў у якасці канцэртмайстра выступіла дачка Валерыя Савіна, цяпер педагог па класе фартэпіяна, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзіцячай школы мастацтваў No 6 г. Мінска Святлана Савіна. У выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі прагучалі інструментальныя і вакальныя творы замежных і рускіх кампазітараў Дж. Пучыні, П. Чайкоўскага, С. Рахманінава. Традыцыі канцэртмайстарскага майстэрства знайшлі свой працяг у выкананні вучняў і паслядоўнікаў Валерыя Сямёнавіча — выкладчыкаў Вольгі Маркевіч, Ірыны Дзярабінай, Ірыны Сухаржэўскай, Інны Васілевіч, Вольгі Луневіч, Алёны Хаміцкай.

I Адкрыты дзіцячы конкурс канцэртмайстарскага майстэрства імя В. С. Савіна пачаўся выступленнем ансамбля цымбалістаў «Залатая струна» (кіраўнік Ганна Полесава, канцэртмайстар Ірына Лук’янава), у выкананні якога прагучала «Элегія» Уладзіміра Бяляева. Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей конкурсу, дырэктар МГМК імя М. І. Глінкі Уладзімір Чэрнікаў адзначыў: «Так склалася, што мы больш увагі і пашаны аддаём салістам. Саліст павінен валодаць моцнай воляй, віртуознасцю, музычнасцю... Мы часта забываем, чым жа павінен валодаць канцэртмайстар. А менавіта такімі ж якасцямі, якімі валодае саліст, і яшчэ асаблівым дарам — уменнем гэтымі якасцямі падзяліцца з салістам».

Таму невыпадкова, што фестывальныя канцэрты пад назвай «Парад канцэртмайстраў» сталі для гледачоў сапраўдным святам канцэртмайстарскага майстэрства. На думку ідэйнага натхняльніка фестывалю-конкурсу Вольгі Вікенцьеўны Маркевіч, «упершыню канцэртмайстры ў праграме выступленняў адзначаны вышэй, чым салісты. “Парад канцэртмайстраў” — гэта іх яднанне, працяг выканальніцкіх традыцый, закладзеных В. Савіным».

У I Адкрытым дзіцячым конкурсе канцэртмайстарскага майстэрства імя В. С. Савіна ўзялі ўдзел 19 юных канцэртмайстраў з 15 дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска, 2 школ г. Жодзіна, гімназіі No 5 г. Гродна, а таксама навучэнцы цэнтра практыкі МГМК імя М. І. Глінкі. Па выніках конкурсу, 16 канкурсантаў атрымалі дыпломы лаўрэатаў, трое сталі дыпламантамі конкурсу. Права для ўзнагароджання было прадстаўлена старшыні журы, старэйшаму выкладчыку кафедры канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алене Аляксеевай і дырэктару МГМК імя М. І. Глінкі Уладзіміру Чэрнікаву.

Аднойчы В. С. Савін сказаў: «Я знайшоў любімы занятак і перастаў хадзіць на працу». Аказалася, што менавіта праца стала для Валерыя Сямёнавіча яго любімым заняткам (з успамінаў выкладчыка Ганны Полесавай). Усё, да чаго дакраналася рука Валерыя Сямёнавіча, была напоўнена талентам музыканта. З 80-х гадоў да сённяшняга дня ён з’яўляецца бясспрэчным узорам для многіх пакаленняў музыкантаў адказнага служэння мастацтву, творчасці, людзям.

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.