Вы тут

Сілуэты спадчыны. Завоссе


...Аднойчы вандроўнік заблукаў, не мог увечары зразумець, дзе знаходзіцца. Бязлюдная дарога ў змроку не пакідала надзеі вызначыць патрэбны кірунак. Але рашучасць і багаты досвед падарожніка падказвалі: не бывае ў нас, каб не выйсці да людзей, і нейкая інтуіцыя (...?) вядзе, і ногі ўсё адно ідуць наперад, няхай і па нязведаным шляху. І вось у прыцьмах узнік ледзь заўважны сілуэт. Істота падавалася жывою, дапамагла адкінуць адчай. Па меры набліжэння сілуэт абрастаў рысамі, пакрысе раскрываў сваю сутнасць рашучаму падарожніку: ён ішоў да храма...

Гэта быў мастак і краязнаўца Уладзімір Цвірка. Неаднойчы ў вандроўках па Беларусі ён пераконваўся ў тым, што аб’екты нашай спадчыны, нібыта людзі, маюць сваю постаць — жывыя і моцныя ці тыя, што былі пакінутыя альбо не здаюцца ў штодзённым жыцці надта важнымі. Не толькі велічныя палацы, але і сядзібныя дамы, цэрквы ды касцёлы, брамы, вежы, млыны могуць распавесці сваю адметную гісторыю, але праз яе раскрыюць старонкі гісторыі і культуры Беларусі. Кожны з гэтых аб’ектаў можа быць арыенцірам для таго, каб лепш зразумець сябе і вызначыцца, куды ісці.

У сваім аўтарскім праекце «Сілуэты спадчыны» Уладзімір Цвірка пакажа, чым адметная спадчына нашай радзімы — розных яе куточкаў.


Завоссе

Калі не памыляюся, непераўзыдзены Гётэ калісьці пісаў: «Каб пазнаць паэта, трэба ісці на яго радзіму».

Першае, што ўразіла, калі я трапіў у ваколіцы Завосся, дык гэта вольнасць абшараў, бязмежнасць наваколля, якое рассцілалася, здаецца, не толькі да самага небасхілу, але і далей, губляючыся з вачэй і адначасова вабячы за сабой.

Вёскі — недзе за пагоркамі, пасёлкі і горад — яшчэ далей. А тут па блакітнай талерцы неба няспешна плывуць, кудысьці сунуцца пухнатыя аблокі, з усіх бакоў лашчыцца вясновы ветрык. Невялічкія лапікі ляскоў, якія сёння няўдала называюць агрэхамі, цешаць вока абуджанай маладой зелянінай і, кідаючы на раллю лёгкія цені, здаецца, бягуць па зямлі туды, куды вядома толькі ім.

На кожным пагорку павольна прыпыняюся, разумеючы, што перада мною ізноў нешта непаўторнае, дасюль нябачнае. Як жа не піць вачыма, не глытаць поўнымі грудзьмі гэтае паветра, пах кветак і траў, разліты паабапал дарогі, як жа не падмацавацца яшчэ раз сілай гэтага куточка нашай краіны, што некалі парадзіла і свету, і людзям Вялікага Паэта — нашага Адама Міцкевіча.

Ведаеце, ехаў як ніколі павольна, імкнуўся падоўжыць тыя салодкія імгненні, калі прадчуваеш, што вось-вось з-за таго пагорка спачатку з’явяцца верхавіны дрэў, стрэхі пабудоў, цыбаты калодзежны журавель і потым усё астатняе: агароджа, сцяжынкі, процьма кветак і тая самотная цішыня, якая агорне мяне, прылашчыць і не адпусціць столькі, колькі я буду тут, у былым фальварку Міцкевічаў.

...Бацька будучага паэта Мікалай Міцкевіч і яго маці Барбара Маеўская атрымалі ў 1799 годзе ў арэнду частку фальварка. Адам нарадзіўся ў 1798 годзе, 24 снежня. Па версіі старэйшага брата Францішка, месца нараджэння — карчма ў Выгадзе. А старэйшы брат Аляксандр сцвярджаў, што ў Завоссі. Хрысцілі Адама Бернарда ў Навагрудскім касцёле Перамянення Гасподняга 12 лютага 1799 года. У 1801 годзе сям’я Міцкевічаў пераехала ў Наваградак. Пачатковую адукацыю Адась — так яго звалі ў сям’і — атрымаў ад маці.

У 1812 годзе памёр бацька, а праз восем гадоў не стала і маці. З 1807 года будучы паэт вучыўся ў дамініканскай школе пры касцёле Святога Міхаіла. У 1810 годзе пад уражаннем ад пажару ў горадзе піша свой першы верш. Але дырэктар школы палічыў, што твор не Адама, і за падман юнака адправілі ў карцар. У трынаццаць гадоў малады Адам стаў сведкам уступлення войскаў Напалеона ў Наваградак.

У Завоссі паэт бываў вельмі часта, у тым ліку падчас вакацый. Пра гэты куточак радзімы ён піша так: «Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, чым у літоўскіх вёсках і засценках. Колькі там радасці, любові, бязмежнага чалавечага шчасця».

Летам 1818 года Адам Міцкевіч першы раз пабываў у Туганавічах. Тут ён пазнаў сваё першае каханне да Марылі Верашчакі. Абавязкова трэба згадаць такі выпадак. Аднойчы вечарам яны ўсе разам пачулі ад мясцовага рыбака цікавую легенду, на што Марыля ўсклікнула: «Вось паэзія! Напішы што-небудзь такое...». Праз нейкі час Адам пра гэта напіша: «Гэтыя словы глыбока запалі мне ў душу, і адгэтуль пачаўся мой паэтычны шлях». Вось што робіць сапраўднае каханне — яно нараджае паэтаў!

У 1821 годзе Адам апошні раз пабываў у Наваградку, а 24 кастрычніка 1824 года назаўсёды пакінуў сваю радзіму.

У 1959 годзе Алег Лойка абураўся, што 40 гадоў асобна не выдаваліся творы паэта і што мы зусім нядаўна толькі сталі паварочвацца да Адама Міцкевіча як да свайго паэта. А Адам Мальдзіс дадаваў: да пісьменніка чалавецтва.

Пакідаючы Завоссе, станаўлюся на калені на гэтыя шчыльныя муравы, дакранаюся рукамі да родных мясцін паэта і ўспамінаю яго словы з «Пана Тадэвуша»: «Літва! Мая айчына! Ты як здароўе».

І яшчэ ўспамінаецца тое, пра што марыў паэт:

О, мне дажыць бы да гэтай уцехі,

Каб мае трапілі кнігі пад стрэхі...

Каб і мае ўзялі кнігі сялянкі,

Простыя кнігі, як іх калыханкі.

Пакідаючы Завоссе, кажу яму: «Беражы сябе, беражы тое, што засталося ад славутага на ўвесь свет Нашага Паэта. А мы, дакрануўшыся да цябе, больш ніколі не дазволім зарасці той сцяжынцы, якая прывяла нас да цябе ад самага сэрца кожнага з нас».

Уладзімір ЦВІРКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.