Вы тут

Юлія Огнева: Я не проста прыгожая вядучая ў чырвоным касцюме


У мінулыя выхадныя на СТБ адбылася прэм'ера — у нядзелю ў эфіры з'явілася інфармацыйна-аналітычная праграма «Тыдзень», якая расказвае пра падзеі сямі апошніх дзён. Новая студыя, новыя дэкарацыі, новая графіка, а галоўнае — новая вядучая. Як абяцаюць на тэлеканале, гэта будзе аўтарскі погляд на тое, што адбылося ў краіне і свеце, а таксама эксклюзіўныя інтэрв'ю і рэпартажы, ключавыя ньюсмейкеры і экспертныя меркаванні. Рэпарцёрскі фармат перадачы з вострымі фармулёўкамі яркай вядучай Юліі Огневай ужо паспелі ацаніць гледачы.


— Юля, прабачце за гэта параўнанне, але вы вельмі падобная на расійскую вядучую «Вынікаў тыдня з Ірадай Зейналавай» на НТБ...

— Яшчэ мяне параўноўваюць з Марыяй Кісялёвай і нават Ганнай Чапман... Мне здаецца, якім бы ты ні быў у кадры, пазбегнуць параўнання з кімсьці іншым цяжка. Тыя, хто мяне ведае даўно — з універсітэта, па ранейшай рабоце, а навінамі я займаюся ўжо амаль 15 гадоў, пацвердзяць, што гэта мой не экранны, не надуманы вобраз. Я такая насамрэч. Праграма максімальна набліжаная да таго, каб назваць яе аўтарскай — мой напор, мае тэксты.

— На тэлебачанне вы прыйшлі крыху больш за тыдзень таму...

— Так. Пасля ўніверсітэта я працавала ў медыя-холдынгу «Мінск-Навіны» — пераважна на «Радыё-Мінск», але пісала і для газеты «Мінскі кур'ер», і для агенцтва навін. Была спачатку карэспандэнтам, пасля рэдактарам, узначальвала дырэкцыю ранішніх праграм, потым кіравала аддзелам навін. Затым быў перыяд, калі працавала вядучай навін на радыёстанцыях «Мелодыі века» і «Бі-Эй». А апошнія чатыры гады была аглядальнікам у інфармацыйным агенцтве БелТА. Зрэшты, я асэнсавана ішла працаваць журналістам: хацелася пабыць не кіраўніком, а выканаўцам. У БелТА, дарэчы, як нідзе, разумееш, што ў журналіста няма права на памылку. Твае навіны — першакрыніца для многіх выданняў. Калі памыліўся ты, памыліліся ўсе астатнія. І гэта работа дала грунтоўны падмурак для сённяшняга майго праекта. На тэлебачанне мяне запрасілі ў якасці, як бы моцна гэта ні гучала, вядомага журналіста. У мяне ёсць «Залатая Літара» ў намінацыі «Найлепшы рэпарцёр», якую я атрымала ў 2016 годзе. Гэта быў своеасаблівы вынік на тым этапе кар'еры, і ён даў мне ўпэўненасць, што ў гэтай галіне я ўмею калі не ўсё, то многае. Праграма «Тыдзень» задумвалася як аўтарская, з журналістам у якасці вядучай, і хоць так ці інакш мяне называюць вядучай, я пазіцыяную сябе найперш як журналіста. Я сама буду рабіць сюжэты, разбірацца ў тэме, рыхтаваць пытанні і інтэрв'юіраваць спікераў. Мне важна захаваць журналісцкі складнік у маёй рабоце.

— Відавочна, што прыйсці на тэлебачанне і пачаць працаваць у кадры з нуля вельмі няпроста...

— Калі я працавала на радыё, займалася тэхнікай мовы. Мне дапамагаў наш знакаміты майстар Уладзімір Ільіч Курган. Акрамя гэтага, у мяне ёсць пэўныя тэатральныя навыкі. «Драмгурток, гурток па фота, а яшчэ мне пець ахвота» — гэта пра мяне ў школьны час. Дзевяць гадоў іграла на цымбалах, фартэпіяна, наведвала тэатральную студыю — усё гэта цяпер дапамагае. Водгукі, дарэчы, пасля першай праграмы былі станоўчыя. Але, зразумела, што ў дасканаласці няма мяжы, і я ўсведамляю, што давядзецца над сабой працаваць.

— Спадабаліся сабе ў першай праграме?

— Я дастатковы крытычны чалавек, і спадабацца мне няпроста, тым больш самой сабе. Але на мой погляд, усё выглядала як мае быць. Ведаю, што сябры і знаёмыя ў любым выпадку скажуць «Ваў, ты крутая!», таму не вядуся на захапляльныя водгукі. Ёсць блізкія сяброўкі, ад якіх я заўсёды чакаю праўду. І мне здаецца, яны мне яе сказалі: у цэлым нядрэнна, нягледзячы на тое, што ёсць няроўнасці. І калі ўкласці шмат працы, намаганняў, сіл, то гэта будзе добрая перадача.

— У адным з сюжэтаў вам не толькі давялося наведаць кароўнік, але і першы раз у жыцці падаіць карову. Трэба прызнаць, не кожная вядучая на такое пагодзіцца...

— Нельга сказаць, што раней я не бачыла кароў. Хоць я нарадзілася ў Мінску і была дастаткова гарадскім, рафінаваным дзіцем, у маім дзяцінстве была вёска ў самым класічным разуменні: з каровамі, гусямі, курамі, з сырадоем. Лета я праводзіла там, пасвіла статак з дзядулем, праўда, сама кароў не даіла... Так, у кароўніку быў своеасаблівы журналісцкі экстрым, але такая мая задача — каб падобныя сюжэты меліся ў кожнай праграме.

— Асабіста вам што больш цікава: такі рэпартажны экстрым ці інтэрв'ю, скажам, у парламенце?

— Інтэрв'ю ў парламенце ці з міністрамі — гэта звыклая праца. А вось паездкі ў кароўнік — новае для мяне. І я ўдзячная, што нарадзілася такая ідэя, калі частка праграмы будзе звязана з жывымі паездкамі на месца падзей.

— Раскрыеце планы, чым у найбліжэйшы час збіраецеся здзівіць гледача?

— Магчыма, на гэтым тыдні будзе нешта спартыўнае. Абяцаю, што ў кожнай праграме з'явяцца сюжэты, дзе я стану часткай таго, што адбываецца ў той ці іншай сферы нашага жыцця.

— Такі бойкі і нават крыху агрэсіўны стыль падачы навін — патрабаванне сённяшняга часу?

— Я не магу сказаць, што ўся журналістыка павінна быць такой. Мяркую, у кожнага тэлеканала мусяць быць пэўныя праграмы, а ў іх — свой пазнавальны твар. Спадзяюся, праграма «Тыдзень» у маім выкананні запомніцца гледачам. Яна можа падабацца, можа не падабацца, галоўнае, каб не пакінула людзей раўнадушнымі. Так ці інакш, камусьці стыль падачы здаецца рэзкаватым, навязлівым, але зараз такі свет: ён дынамічны, жорсткі, імкліва мяняецца. Не пра ўсе падзеі можна казаць з усмешкай на твары.

— У праграме не толькі новы фармат і новая вядучая, але і цікавая аператарская работа...

— Так, мы стараемся ўзяць усё самае лепшае і сучаснае, што ёсць на сёння. Гэта і здымкі з квадракоптара, і камера, якой можна здымаць падчас руху. Усё гэта будзе максімальна задзейнічана. Мы за сучасную карцінку, за сучасную вядучую, за сучасную падачу навін. Аператарскую работу будзем максімальна арганізоўваць такім чынам, каб у гледача ствараўся эфект прысутнасці.

— У стартавай праграме мелася сур'ёзная заяўка на інтэрв'ю з кампетэнтнымі спікерамі, сярод якіх старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч...

— Так, у кожнай нашай праграме будзе вялікае інтэрв'ю. Каму, як ні міністрам, іншым vіp-персонам, расказваць пра тое, што адбываецца ў галіне, за якую яны адказныя. Праграма выніковая, таму і замежных навін мы не пазбегнем. Але мы пераважна арыентаваныя на тое, каб расказваць, што адбываецца ў нашай краіне. А паколькі ў нас сталічнае тэлебачанне, то ў кожнай праграме будзе сюжэт пра тое, што хвалюе мінчан. За маімі плячыма, за маім чырвоным касцюмам вялікая каманда прафесіяналаў, якія дапамагаюць зрабіць усё гэта якасна і маштабна.

— Касцюм, дарэчы, заўсёды будзе чырвоны?

— Не. А вось чырвоная памада будзе заўсёды. Такі мой вобраз, і ён з'явіўся ў працэсе падрыхтоўкі праграмы. Паглядзеўшы на мяне у кадры, вырашылі рызыкнуць і зрабіць вобраз яркім. Прыйшлося высветліць, ці зможа мая знешнасць вытрымаць выпрабаванне чырвоным касцюмам і чырвонай памадай перад камерай. Усё атрымалася, як бачыце. Таксама колер валасоў зрабілі цямнейшы. І калі Ірада Зейналава, з якой вы мяне параўноўваеце, заўсёды ў касцюме аднаго колеру — чорнага, у мяне ў розных праграмах будуць розныя ўборы: і штаны, і спадніцы.

Вяртаючыся да каманды нашай перадачы, зазначу, што працаваць у БелТА мне было проста, бо канчатковы прадукт залежаў толькі ад цябе. На тэлебачанні складаней, тут не ўсё залежыць ад мяне. Але разумееш, што заўсёды ёсць той, хто можа цябе падтрымаць.

— І ў той жа час, той, хто можа зрабіць лепш за вас...

— Я не прэтэндую, каб мой сюжэт у праграме быў найлепшым. Я — візітоўка гэтай праграмы. А за мной журналісты Алена Сырова, Таццяна Рэвізорэ, Яўген Горын, рэжысёры Станіслаў і Крысціна Яркіны-Маскалёвы, Ніна Ліпская, Антон Ганчар, відэаінжынер Дзяніс Зубовіч, аператары, грымёры, стылісты. Вялікі дзякуй намесніку дырэктара дырэкцыі спецпраектаў Вользе Сахаравай. І, канешне, генеральнаму дырэктару, Ігару Луцкаму, за тое, што паверыў у мяне. Увогуле, вялікая каманда робіць гэту праграму. Так здарылася, што мне пашчасціла быць вядучай і мой твар, мой тэмперамент, мае якасці ўдала спляліся ў гэты экранны вобраз.

— Калі ішлі на тэлебачанне, не было боязі, што вашу працу будуць разглядаць пад мікраскопам, асабліва калегі, якія шмат гадоў працуюць на тэлебачанні, і таксама хацелі б у кадр, але ўзялі вас?

— Зразумела, была такая боязь. Калі ішла на кастынг ад вуліцы Кірава ўздоўж набярэжнай Свіслачы на Камуністычную, рабіла два крокі наперад і адзін назад... Я раней ніколі не ўяўляла сябе ў кадры, у мяне не было тэлевізійнага вопыту, экраннага вобразу. І мне нічога не заставалася, як быць самой сабой. На першым кастынгу я павінна была прачытаць чужы тэкст, пасля быў другі кастынг, для якога я напісала свой. Тады і прынялі рашэнне, што я буду працаваць над праграмай.

— Усюдыіснасць вядучых такіх праграм здзіўляе: за тыдзень паспяваюць пабываць у шматлікіх месцах і зняць мноства сюжэтаў. Наколькі гэта складана і як з такім графікам знаходзіць час для сям'і?

— Я прыйшла ў праграму не самазаспакоіцца і спачываць на лаўрах. Я не проста прыгожая вядучая ў чырвоным касцюме. І з першага дня падрыхтоўкі праграмы я працавала дастаткова напружана. Не сакрэт, што мне яшчэ трэба шмат прайсці ў спасціжэнні тонкасцяў тэлевізійнай кухні. Але як жартуюць мае знаёмыя, да мяне можна падключаць правады, і я буду асвятляць горад: маёй прыроднай энергіі хапае на ўсё.

Мая сям'я — гэта муж і сын, якому дзевяць гадоў. На шчасце, у нас ёсць мае бацькі, якія вельмі дапамагаюць. Спадзяюся, што ўдасца графік арганізаваць такім чынам, каб паспяваць усё. Сям'я для мяне ўсё роўна на першым месцы. Тым больш што час адпачыць ёсць: наступны дзень пасля эфіру, панядзелак — дастаткова вольны, калі можна не спяшаючыся праглядзець навіны, спланаваць наступную перадачу, паслухаць заўвагі і прапановы калег.

— Як, дарэчы, калегі ацанілі першую праграму?

— Адзначылі, што раней на СТБ нічога такога не было. А на беларускім тэлебачанні ўвогуле выніковых аналітычных праграм з жанчынамі-вядучымі не выходзіла ніколі. Таму гэта ў любым выпадку цікава. Пахвалілі, што ў нас было шмат эксклюзіваў. Таму мне здаецца, калі працягваць у тым жа тэмпе, мы заваюем новага гледача і пашырым сваю аўдыторыю.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.