Вы тут

Дзяржстандарт на форму, медыяпаліцэйскія і ложкамесцы


На школьную форму ўвядуць Дзяржстандарт

Ён будзе зацверджаны ў 2024 годзе і набудзе сілу з сярэдзіны 2025 года, паведаміў кіраўнік «Расійскай сістэмы якасці» Максім Пратасаў.

Чыноўнік падкрэсліў, што дзяржстандарт не будзе вызначаць асартымент, від, колер або дызайн адзення для школы. У ім будуць выключна патрабаванні, якія датычацца бяспекі і спажывецкіх уласцівасцяў прадукцыі.

«Нам трэба, каб форма была гіграскапічная, паветрапранікальная, зносаўстойлівая, а тканіны не былі б пафарбаваны таксічнай фарбай. А якога яна будзе колеру, фасону, памеру — гэта вырашыць школа і бацькоўскі камітэт», — сказаў ён.

Паводле слоў Максіма Пратасава, даследаванне «Расійскай сістэмы якасці» паказала, што цяпер большая частка тавару пад назвай «школьная форма» — насамрэч хутчэй «касмічны скафандр»: яна не дыхае і не прапускае вільгаць.


У ВНУ будуць рыхтаваць... медыяпаліцэйскіх

Расійская акадэмія народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы (РАНГіДС) запусціла праграму бакалаўрыяту «Медыязабеспячэнне дзяржаўных інтарэсаў і нацыянальнай бяспекі». Яна будзе доўжыцца чатыры гады.

Гэта першая ВНУ, у якой будуць рыхтаваць медыяпаліцэйскіх. Яны зоймуцца правапарушэннямі ў адносінах да грамадзян (кібербулінг), юрыдычных асоб (пірацтва) і дзяржавы (экстрэмізм). Заадно стануць маніторыць сетку на прадмет абразы пачуццяў вернікаў.

Загадчыца кафедры медыязабеспячэння дзяржаўных інтарэсаў і нацыянальнай бяспекі РАНГіДС Лідзія Малыгіна заявіла: «У задачы «медыяправаахоўнікаў» уваходзіць барацьба з прапагандай тэрарызму, ідэалогіі крымінальнай культуры, суіцыдаў сярод падлеткаў, абразы пачуццяў веры. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Менавіта таму праграма рэалізуецца пры падтрымцы Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта».


Ложкамесца — толькі па электронных заявках

Ва Узбекістане месцы ў студэнцкіх інтэрнатах з 2024/2025 навучальнага года будуць выдзяляць толькі на аснове электроннай заявы праз Цэнтры дзяржаўных паслуг і Адзіны партал інтэрактыўных дзяржаўных паслуг. У бягучым навучальным годзе гэты парадак дзейнічае для студэнтаў першых курсаў, астатніх размяшчаюць традыцыйным спосабам.

Раней Кабінет міністраў сваёй пастановай зацвердзіў Адміністрацыйны рэгламент аказання дзяржаўных паслуг па размяшчэнні студэнтаў дзяржаўных ВНУ ў інтэрнатах, паведаміла прэс-служба Міністэрства юстыцыі.

Згодна з дакументам, размяшчэнне ў студэнцкім інтэрнаце будзе весціся толькі шляхам падачы электроннай заявы ў Цэнтры дзяржаўных паслуг і на Адзіны партал інтэрактыўных дзяржаўных паслуг. Гэта дазволіць студэнтам адсочваць чаргу анлайн і праводзіць плацяжы.

Дагаворы арэнды жылога памяшкання, якія заключаюцца са студэнтамі, будуць афармляцца анлайн праз асабісты кабінет падаткаплацельшчыка ў органах дзяржаўнай падатковай службы з дапамогай метаду аддаленай біяметрычнай ідэнтыфікацыі.

У 2022 годзе каля 41 працэнта студэнтаў былі забяспечаны месцамі ў інтэрнатах. У 2020 годзе гэтая лічба складала 28 працэнтаў, колькасць месцаў павялічылі дзякуючы двух’ярусным ложкам, аптымізацыі размяшчэння і ўводу ў эксплуатацыю новых інтэрнатаў. Аднак у пачатку 2022/2023 навучальнага года мноства студэнтаў, тым не менш, сутыкнуліся з недахопам месцаў для засялення. Тады нават адкрылі часовыя інтэрнаты ў гандлёва-вытворчым комплексе.


На ўроках за адной партай разам з... сабакам

Вучань пачатковай школы ў Перу звярнуўся да сваёй настаўніцы з незвычайнай просьбай. З•за жыццёвых цяжкасцяў дома не было нікога, хто б мог прыгледзець за яго сабакам Пекенья, пакуль хлопчык знаходзіўся ў школе. Аб гэтай гісторыі паведаміла выданне «Афіша Daіly». Думка аб тым, што сабака адзін, прымушала хлопчыка адчуваць сум.



«Ён спытаў мяне, крыху нервуючыся, ці можа Пекенья пайсці з ім у школу», — сказала настаўніца хлопчыка. Яна пагадзілася і дазволіла вучню браць з сабой сабаку. «Я ведаю, як шмат ты спрабуеш вучыцца, я ведаю, што ў цябе ёсць цяжкасці, я ведаю, праз які боль ты праходзіш па прычыне, якая вядомая толькі нам з табой», — падпісала настаўніца ролік у TіkTok, дзе хлопчык трымае сабаку на каленях падчас урокаў.

Па словах педагога, цяпер хлопчык прыходзіць са сваім сабакам на кожны ўрок. Пекенья дапамагае не толькі свайму гаспадару, але і іншым вучням. «Сабака стаў для нас членам сям’і», — напісала настаўніца.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.