Вы тут

Як знайсці работу сваёй мары?


І не праваліць першую гутарку са спецыялістам па падборы кадраў.

«Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй! — гэтую крылатую фразу з кнігі Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў» сённяшнім студэнтам ВНУ не пашкодзіла б павесіць у сябе на сцяне як штодзённы напамін — для таго каб стаць паспяховым, трэба знаходзіцца ў пастаянным руху. Кар'ерны форум, які прайшоў у БДУ, дазволіў усім ахвотным у гэтым пераканацца. Свае прапановы наконт праходжання практыкі, стажыроўкі, а таксама вакансіі для моладзі падрыхтавалі больш як 20 айчынных і міжнародных кампаній, банкаў, Дзяржаўны пагранічны і Следчы камітэты. Спектр удзельнікаў «Кірмашу вакансій» аказаўся надзвычай шырокі: на ім былі прадстаўлены ІТ-фірмы, транспартна-лагістычныя, аўдытарскія, кансалтынгавыя, юрыдычныя кампаніі... Арганізатарам Кар'ернага форуму выступіла ўпраўленне кадраў БДУ.


Свае пра­па­но­вы на­конт пра­хо­джан­ня прак­ты­кі, ста­жы­роў­кі, а так­са­ма ва­кан­сіі для мо­ла­дзі пад­рых­та­ва­лі больш як 20 ай­чын­ных і між­на­род­ных кам­па­ній і бан­каў.

Канкурэнцыя ў лічбавым свеце

— Ёсць меркаванне, што ў наступныя 5—7 гадоў больш як 80 працэнтаў людзей зменяць сваю прафесію, прычым мяняць профіль і напрамак работы ім давядзецца некалькі разоў за жыццё, — падкрэсліў у сваім выступленні адзін з хэдлайнераў мерапрыемства, намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій па маркетынгу і развіцці Аляксандр МАРЦІНКЕВІЧ. — Тэхналогіі абнаўляюцца вельмі імкліва. У 1995 годзе на нашым рынку з'явіліся пэйджары, а ўсяго праз шэсць гадоў гэты від сувязі перастаў быць актуальны, таму што на яго месца прыйшлі мабільныя аператары. Для таго каб кампанія Gооglе дасягнула рыначнай капіталізацыі ў 1 мільярд долараў, спатрэбілася восем гадоў. Кампаніі Теslа — чатыры гады, а кампаніі па вытворчасці акуляраў віртуальнай рэчаіснасці — усяго адзін год.

62 гады раздзяляюць з'яўленне першага аўтамабіля і той момант, калі колькасць аўтамабілістаў дасягнула ў свеце 50 мільёнаў. Тэлефон сабраў такую аўдыторыю за 50 гадоў, тэлевізар — за 22 гады, камп'ютар — за 17 гадоў, інтэрнэт — за сем гадоў. «Фэйсбук» павялічыў сваю аўдыторыю да 50 мільёнаў карыстальнікаў за тры гады, а мабільная гульня «Роkеmоn Gо» — за 19 дзён. Параўнайце: 62 гады і 19 дзён!

Многія тэхналагічныя кампаніі зарабляюць сёння не на прадуктах ці паслугах, а на платформах. Напрыклад, кампанія Аlіbаbа з'яўляецца найбуйнейшай анлайн-крамай, пры гэтым у яе няма ніводнага ўласнага склада. Кампанія Ubеr — найбуйнейшы перавозчык, у якога няма на балансе ніводнага таксі. Кампанія «Фэйсбук» — асноўны пастаўшчык навін у свеце, але ў ёй не працуе ніводнага журналіста. Ёсць меркаванне, што праз сорак гадоў усе рабочыя месцы зоймуць робаты. Сёлета ў студзені амерыканская кампанія АMАZОN адкрыла ў Сіэтле першую краму, у якой няма ні касіраў, ні прадаўцоў, ні ахоўнікаў. Уваходзячы ў гандлёвы аб'ект, пакупнікі праходзяць праз рамку, падобную да турнікета ў метро, і прыкладваюць да валідатара свой смартфон, на якім загружана праграма Аmаzоn Gо. Затым яны могуць складваць тавары з паліц адразу ў свае сумкі: патрэбы ў кошыках або калясках няма, бо праз касы праходзіць не трэба. Сэнсары, размешчаныя на паліцах, адразу ж дадаюць цану ўзятага тавару да агульнага кошту пакупкі або скідваюць яе, калі пакупнік кладзе тавар назад. А пры выхадзе агульная сума проста спісваецца з рахунку ў акаўнце. Галоўны плюс — поўная адсутнасць чэргаў і эканомія каштоўнага часу.

Звяртаючыся да моладзі, Аляксандр Марцінкевіч падкрэсліў: «Памятайце, што сёння на рынку працы вы канкуруеце не толькі паміж сабой, але яшчэ і з машынамі, і нейрасеткамі, і адзіная магчымасць перамагчы ў гэтай канкурэнцыі — быць больш інавацыйнымі і крэатыўнымі, у чым машыны чалавеку пакуль саступаюць. У той жа ІТ-галіне патрабуюцца не толькі праграмісты, матэматыкі і фізікі, як многія памылкова думаюць. Кандыдат, які валодае дадатковымі ведамі ў любой іншай сферы, — напрыклад, класны эканаміст, які атрымаў дадатковыя ІТ-кампетэнцыі, — уяўляе для наймальніка значна большы інтарэс. Калі прымяніць фразу з рамана Льюіса Кэрала «Трэба бегчы з усіх ног, каб заставацца на месцы» да нашага жыцця, то мая вам парада: калі вы прыходзіце на стажыроўку ці працаўладкоўваецеся ў кампанію і бачыце, што за тры месяцы выпрабавальнага тэрміну там нічога не змянілася (не з'явіўся новы прадукт, новы кірунак ці новы заказчык), то трэба спыняць любыя працоўныя адносіны з такім наймальнікам і пераходзіць у кампанію, якая бяжыць удвая хутчэй за канкурэнтаў на рынку. Абавязковая ўмова для кандыдата — веданне англійскай мовы. У 95 працэнтах выпадкаў першы тэст, які праходзяць у кампаніях ПВТ, гэта тэст па англійскай, таму не губляйце час і вучыце замежную мову».

Рэзюмэ без фота?

Міхаіл ЛЯХ, кіраўнік TіЕS, правёў для студэнцкай моладзі майстар-клас па Sоft Skіlls.

Ёсць меркаванне, што паспяховасць чалавека ў прафесійнай сферы на 85 працэнтаў залежыць ад так званых мяккіх навыкаў (sоft skіlls). Іх яшчэ называюць сацыяльнымі, таму што размова ідзе пераважна пра ўзаемадзеянне паміж людзьмі. Маюцца на ўвазе такія чалавечыя якасці, як уменне выказваць сваё меркаванне і пры гэтым не ўшчамляць іншых, уменне весці дыялог з аўдыторыяй, аргументавана дыскутаваць, папярэджваць і «гасіць» канфлікты, фармуляваць мэты і ставіць задачы, а таксама крэатыўнасць, гнуткасць, уменне працаваць у камандзе, генерыраваць і камбінаваць ідэі, стрэсаўстойлівасць, уменне канцэнтравацца, прэзентацыйная ўпэўненасць, самаарганізацыя, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, прыстасоўвацца да інавацый, вучыцца ўсё жыццё, таму што прафесійныя навыкі давядзецца абнаўляць пастаянна. А sоft skіlls спатрэбяцца ў любой сітуацыі і ў любой прафесіі. Тое ж аратарскае майстэрства яшчэ нікому не перашкодзіла, і тое, як вы гаворыце, можа аказацца нават больш важным, чым тое, пра што вы гаворыце. Можа быць, праграмісту і не патрэбна быць крутым аратарам, але яму трэба як мінімум умець данесці свае думкі і расказаць пра свой досвед. Увогуле, калі трапляеш у новы калектыў, неабходна пастаянна павышаць сваю эфектыўнасць, быць гнуткім і лёгка адаптавацца да перамен, таму без «мяккіх навыкаў» проста не абысціся...

Спікеры (HR-менеджары, псіхолагі-практыкі, спецыялісты па невербальнай камунікацыі) раскладвалі для студэнтаў па палічках актуальныя тэмы — складанне рэзюмэ, самапрэзентацыя, капіталізацыя асабістага брэнда...

Напрыклад, што можна запісаць у графу «Вопыт працы», калі працоўнага досведу пакуль няма? Карыснай для наймальніка інфармацыяй можа аказацца, напрыклад, тэма дыплома, курсавой ці навуковай работы студэнта, калі яна, канешне, адпавядае вакансіі. Досвед фрылансу або ўдзел студэнта ў цікавых праектах...

Са­мым ка­рыс­ным ме­ра­пры­ем­ствам для сту­дэн­таў стаў Speed-Meetіng — хут­кае ін­тэр­в'ю з ра­бо­та­даў­ца­мі.

Не сакрэт, што работадаўцы актыўна манітораць звесткі пра прэтэндэнта ў сацыяльных сетках. Таму трэба абавязкова прывесці ў парадак сваю старонку, пераглядзець фота, перачытаць свае статусы і лішняе выдаліць ці ўстанавіць на старонцы настройкі прыватнасці...

Студэнтаў цікавіла, ці варта размяшчаць у рэзюмэ фота: на Захадзе ад гэтай практыкі ўжо адмаўляюцца, бо знешнасць чалавека можа падсвядома ўплываць на выбар «рэкруцёраў». Аднак, як высветлілася, у нас усе звяртаюць увагу менавіта на фота, і рэзюмэ без фатаграфіі мае менш шанцаў быць заўважаным. Ну, безумоўна, калі кандыдат не прывядзе салідны пералік дасягненняў, міма якіх прайсці будзе проста немагчыма.

Упершыню да Дня кар'еры быў прымеркаваны конкурс «Відэарэзюмэ». Усе, хто зарэгістраваўся, атрымалі магчымасць на працягу двух дзён прайсці навучанне па складанні прэзентацыйнага роліка. А найлепшыя відэавізітоўкі былі прадэманстраваны на форуме падчас адкрытага паказу. Галоўная выснова — відэарэзюмэ не павінна быць сумным, зацягнутым і пераўтварацца ў самапрэзентацыю, каб яго дагледзелі да канца. Кандыдату трэба зачапіць увагу наймальніка, расказаўшы, чым менавіта ён можа быць яму карысны.

Тац­ця­на Стрык: «Ка­лі пры­хо­дзі­це на гу­тар­ку, не хва­люй­це­ся, па­мя­тай­це, што не толь­кі вас вы­бі­ра­юць...»

Размова на роўных

Але бадай што самым карысным мерапрыемствам для студэнтаў стаў Sрееd-Mееtіng (хуткае інтэрв'ю) з работадаўцамі — так бы мовіць, рэпетыцыя будучай гутаркі з патэнцыяльным наймальнікам. У якасці рэкруцёраў выступалі спецыялісты па падборы персаналу з самых розных кампаній — ад аўтамабільнага холдынга і сеткі гіпермаркетаў, да ІТ-кампаній і юрыдычных фірмаў.

Хасан Ахмедаў з Узбекістана навучаецца на спецыяльнасці «медыцынская электроніка» ў БДУІР. Да гэтага паспеў на радзіме закончыць з адзнакай медыцынскі каледж. Валодае нямецкай і англійскай мовамі і працягвае ўдасканальваць свае веды ў замежных мовах, навучаецца на курсах, наведвае шматлікія трэнігі, стартап-школы, захапляецца інтэлектуальнымі гульнямі, мае вопыт валанцёрскай дзейнасці. Прызнаецца, што па першым часе адчуваў сябе адзінокім у чужой краіне, але потым узяў ініцыятыву на сябе і зараз у яго шмат знаёмых і сяброў. У сваім рэзюмэ ён паведаміў, што без праблем знаёміцца з людзьмі і ўстанаўлівае як звычайныя, так і дзелавыя кантакты. Яго моцныя бакі — уважлівасць, аналітычны склад розуму, адказнасць, адкрытасць да ўсяго новага, хуткая навучальнасць, пастаянна праца над сабой, мэтанакіраванасць — «дамагаюся свайго і не супакоюся, пакуль не давяду справу да канца».

— Тое, што вы пераадолелі цяжкасці і набылі сяброў, вельмі важная інфармацыя для работадаўца, — кансультуе хлопца намеснік дырэктара рэстарана-піваварні «Сябры» па персанале Таццяна СТРЫК. — У вас вельмі добрая прэзентацыя і рэзюмэ. І веданне замежных моў наймальнікам таксама вельмі цэніцца. Прызнаюся, што кожны рэкруцёр падбірае персанал, прыемны для сябе — гэта чалавечы фактар. Калі ён, напрыклад, цэніць інтэлігентнасць, выхаванасць, уменне сябраваць, шырокі кругагляд, і ўсе гэтыя якасці бачыць у кандыдаце, гэта адразу вялікі плюс на яго карысць. Яшчэ 50 працэнтаў — гэта патрабаванні кампаніі да дзелавых якасцяў. Я, напрыклад, даўно працую ў сістэме грамадскага харчавання і выбіраю людзей, якія ўмеюць кантактаваць, з добра развітай здольнасцю да эмпатыі — уменнем суперажываць эмацыянальнаму стану іншага чалавека. Для нашай сферы гэта вельмі важныя якасці.

Калі праглядаеш рэзюмэ, заўсёды глядзіш, дзе кандыдат раней працаваў. Хачу папярэдзіць, што трэба быць заўсёды лаяльным да свайго папярэдняга работадаўца, нельга выказвацца пра яго негатыўна, больш прадуктыўна казаць толькі добрае, напрыклад, што вы набылі на папярэднім рабочым месцы, чаму навучыліся — кожны наймальнік гэта ацэніць. Калі прыходзіце на гутарку, не хвалюйцеся, памятайце, што не толькі вас выбіраюць, але і вы выбіраеце для сабе месца працы. І калі вам непрыемныя пытанні, што задаюць, не падабаецца стаўленне да вас, дайце зразумець, што вы знаходзіцеся на роўных. Не толькі кампанія падбірае для сябе спецыяліста, але і вы прадаяце свае ўменні, навыкі і сваю энергію... Не трэба падладжвацца, але і завышаць амбіцыі таксама не варта. Калі вам падабаецца кампанія, то пачынайце з той пасады, якую прапануюць, калі, зразумела, гэта не супярэчыць вашым прынцыпам і жыццёвай пазіцыі.

А ўжо потым будзеце рухацца ўверх па кар'ернай лесвіцы. Калі ж падчас стажыроўкі зразумелі, што здзейснілі памылку з выбарам, штосьці вас не задавальняе, вашы навыкі і кампетэнцыі не задзейнічаны ў поўнай ступені, то трэба ўсё шчыра сказаць работадаўцу: гэта каштоўны вопыт не толькі для вас, але і для яго.

І яшчэ адна парада: здараецца, што чалавек празмерна захапляецца бізнес-гульнямі і трэнінгамі, таму яго чаканні ад работы могуць не супадаць з рэчаіснасцю.Такі работнік хутка страчвае інтарэс, а трэба мець цярплівасць і быць гатовым у тым ліку і да руціннай працы. Існуе перыяд адаптацыі, які трэба перажыць. Пры гэтым развіццё і прафесійнае ўдасканаленне з парадку дня ніхто не знімае...


У тэму

Карысць ад... пяхотнай рыдлёўкі

Больш як 10 тысяч станоўчых адзнак і сотні каментарыяў набраў пост у расійскай інтэрнэт-прасторы, які цытаваў крэатыўнае рэзюмэ аднаго з кандыдатаў на пасаду праграміста.

Прэтэндэнт у графе «Досвед работы» ўказаў, што год працаваў праграмістам у Міністэрстве абароны, дзе займаўся «нейралінгвістычным праграмаваннем асабовага складу» і «вывучаў зямную кару пры дапамозе МПР-50».

«Толькі калі я «загугліў» МПР-50, да мяне нарэшце дайшло, што гэты знаходлівы чалавек так апісаў службу ў войску!» — паведаміў аўтар публікацыі, удакладніўшы, што МПР-50 — гэта малая пяхотная рыдлёўка даўжынёй 50 сантыметраў.

Творчы падыход да складання рэзюмэ выклікаў бурнае абмеркаванне на партале. Карыстальнікі назвалі суіскальніка «шыкоўным чэлам» і пашкадавалі, што спецыялісты па прыёме на работу наўрад ці ацэняць крэатыўнасць кандыдата.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.