Вы тут

У сталіцы 27 красавіка пройдзе фінал конкурсу "Каралева Вясна — 2018"


27 красавіка самыя чароўныя і таленавітыя студэнткі з розных рэгіёнаў Беларусі сустрэнуцца ў сталіцы, каб прыняць удзел у беларускім фінале XXVII міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна — 2018”, ідэйным натхняльнікам якога традыцыйна выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. (г. Мінск, Маладзёжны тэатр эстрады, вул. Маскоўская, 18а, пачатак у 18.30).


За тытул “Каралева Вясна Беларусі” пазмагаюцца адзінаццаць прадстаўніц устаноў вышэйшай адукацыі краіны — удзельніцы вузаўскіх і абласных (Мінскага гарадскога) тураў конкурсу.

Падчас конкурсных выпрабаванняў дзяўчыны прадэманструюць сцэнічную культуру, уменне камунікаваць з аўдыторыяй, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, грацыю, знешнія дадзеныя, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства. Напрыклад, у тэатральна-харэаграфічнай замалёўцы “Вясковыя замалёўкі” ўдзельніцы беларускага фіналу ў нацыянальных касцюмах свайго рэгіёну будуць вадзіць карагоды. Асаблівы каларыт у гэта дэфіле прыўнясе выкарыстанне ў ім “каруселі” — круга з прымацаванымі да яго рознакаляровымі атласнымі стужкамі. Модныя сэты і стыльныя лукі з традыцыйнымі сімваламі з гістарычнай крыніцы народнага багацця, сабраныя з усіх куткоў Беларусі, удзельніцы конкурсу прадставяць, дэманструючы калекцыю “Шлях да Беларусi" беларускага дызайнера Анастасіі Фальковіч. Сучасныя маладзёжныя вобразы дзяўчат можна будзе сфатаграфаваць падчас дэфіле “Сталічныя штучкі” і “Прыгажунi Вясны”.

Выдатны дадатак да любога шоў — інтэлектуальны конкурс. У гэтым годзе фіналісткам трэба прыдумаць "Новы брэнд маёй краiны”, прэзентаваўшы яго журы і гледачам. Традыцыйна адным з самых чаканых для балельшчыкаў з'яўляецца творчы конкурс "Нашы дзяўчаты на таленты багаты”. У ім кожнай удзельніцы дазваляецца запрашаць для ўдзелу ў сваім нумары мастацкія калектывы і нават прафесійных выканаўцаў.

Нагадаем, галоўнай місіяй конкурсу “Каралева Вясна” з'яўляецца выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, прапаганда студэнцкай творчасці, захаванне культуры, традыцый і звычаяў народаў краін-удзельніц праекта.

Уладальніцы тытулаў "Каралева Вясна Беларусі — 2018», “Першая Віцэ-Каралева Вясна” і “Другая Віцэ-Каралева Вясна” прадставяць Беларусь у фінале Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна — 2018”, правядзенне якога запланавана ў чэрвені.

Арганізатарамі беларускага фіналу конкурсу выступаюць: ГА “БРСМ”, Міністэрства адукацыі, Нацыянальная школа прыгажосці.

Конкурс праводзіцца пры падтрымцы дзяржаўных і прыватных структур, грамадскіх і творчых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.

Дарэчы, падрыхтоўка да беларускага фіналу ідзе поўным ходам.

З 24 красавіка акрамя шматлікіх рэпетыцый, экскурсій канкурсантак чакае дзве прафесійныя фотасесіі: у Цэнтральным Батанічным садзе НАН Беларусі і аквапарку “Лябяжы”.

P.S. Традыцыйна карыстальнікі сеціва вызначаць пераможцу ў дадатковай намінацыі “Каралева Вясна ONLINE”. Аддаць свой голас за ўпадабаную канкурсантку можа любы ахвотны ў групах “Моладзь Беларусі”, “Знамя юности”, “Каралева Вясна” сацыяльнай сеткі “УКантакце”. Галасаванне будзе адкрыта з 24 па 27 красавіка ўключна.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.