Вы тут

Аб чым пісала «Звязда» праз два тыдні пасля Перамогі?


«Рэдакцыі газеты на пастаянную работу патрабуюцца стэнаграфісткі, машыністкі, карэктары, падчытчыкі, швейцары, шоферы. Звяртацца па адрасу: г. Мінск , вул. Пушкіна, 55, Дом друку, трэці паверх».


Калі ласка, не ўспрыміце гэту абвестку ўсур'ёз, бо...

Песцяць нас чытачы-прыхільнікі: час ад часу знаходзяць — хто за бабулінай бажніцай, хто на гарышчы дзедавай хаты, — старыя зжаўцелыя нумары «Звязды» і (здымаем капялюш!) дасылаюць, перадаюць іх у музей рэдакцыі. У прыватнасці, згаданая абвестка аб запрашэнні на працу была надрукавана у самай нядаўняй знаходцы — у нумары за... 22 мая 1945 года (!). Аб чым жа пісала «Звязда» праз два тыдні пасля Перамогі, праз няпоўны год пасля вызвалення Мінска, тады, калі ў нашых лясах яшчэ шасталі банды гітлераўскіх недабіткаў, калі тысячы чырвонаармейцаў-беларусаў яшчэ толькі збіраліся адправіцца на Далёкі Усход, каб прыняць удзел у канчатковым разгроме японскіх мілітарыстаў?

Нумар адкрываецца так званай перадавіцай, прысвечанай ролі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Напісаны гэты артыкул, як і варта было чакаць, высокім ура-патрыятычным стылем, з услаўленнем вялікага палкаводца таварыша Сталіна.

Тут жа друкуецца падзяка маршала Ракасоўскага кіраўніцтву БССР за віншаванні воінам Другога Беларускага фронту з нагоды Перамогі і партрэт трактарыста Цімкавіцкай МТС Капыльскага раёна Васіля Лобана, які на сваім ХТЗ апрацаваў 580 гектараў ворыва і пры гэтым сэканоміў 1100 кілаграмаў паліва.

Два матэрыялы, у тым ліку досыць вялікі рэпартаж, прысвечаны пераводным іспытам і выпускным экзаменам у школах.

Час быў галодны, таму зусім не здзіўляе паведамленне з Брэста пра тое, што мясцовыя ўлады адвялі насельніцтву звыш 3 000 гародаў і выдзелілі 20 тон насеннай бульбы, змешчанае на першай паласе.

Другая паласа прысвечана ў асноўным сельскагаспадарчай тэматыцы. Расказваецца пра лёс звяна высокіх ураджаяў з Веткаўскага раёна, якое здолела атрымаць з кожнага гектара па 129 пудоў жыта, 114 — ячменю, 108 — пшаніцы і 1 320 пудоў бульбы. (Пералічыце пуды ў звыклыя нам цэнтнеры, параўнайце іх хоць бы з леташнімі ўраджаямі, і «ўбачце», які велізарны крок наперад зрабілі нашы вяскоўцы.) На жаль, у звяна гэта быў адзінкавы поспех, бо жанчын, якія ў засуху ледзь не вёдрамі цягалі ваду на свае ўчасткі, перавялі на іншыя работы.

Цікава было даведацца, што пасля вайны разам з машынна-трактарнымі станцыямі (МТС) існавалі конна-пракатныя пункты, якія толькі ў Іўеўскім раёне апрацавалі звыш 200 гектараў зямлі, што яны істотна дапамагалі сем'ям загінулых франтавікоў і партызанаў, а таксама інвалідаў вайны.

Яшчэ цікавейшай падалася згадка пра тое, што перад вайной у нас былі людзі, якія пры асушванні балот выконвалі дзённую норму на 1 200, нават на 1 500 працэнтаў!

Усцешыла і тое, што ў краіне не было тады наркаманаў, бо на асушаных балотах вырошчвалі каноплі (7 цэнтнераў валакна з гектара), а таксама збожжа, бульбу, буракі...

Азмрочыў гэтую карціну хіба фотаздымак з пасадкі бульбы ў Дзяржынскім раёне, дзе за конным плугам (ці ўсё ж сахой?) ідзе жанчына. Як спявалася ў вядомай песні: «Ах, война, что ж ты сделала, подлая...»

Дзве траціны трэцяй паласы тагачасная рэдакцыя «Звязды» аддала пад вялікі матэрыял Ф. Канстанцінава «Аб паходжанні беларускага народа». Ацэньваць яго, відаць, немэтазгодна (няхай гэта зробіць які-небудзь дапытлівы аспірант-гісторык), бо ў нумары толькі пачатак артыкула.

Надрукавала «Звязда» і нататку «Пра адзін дзіўны адказ на скаргу франтавіка». Той атрымаў ліст з дому, даведаўся, што яго сям'я з пяці чалавек жыве ў Магілёве па адрасе: 1-ы Чырванапольскі завулак, д. 18, кв. 2, і што яна, вось гэта кватэра, «можа змясціць (даслоўна) толькі два чалавекі. Франтавік спадзяваўся, што выканкам Магілёўскага аблсавета дапаможа ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але ў адказ яму проста паведамілі, што яго сям'я... складаецца з пяці чалавек і пражывае па названым адрасе.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Газета абвінаваціла чыноўнікаў у бюракратызме, хоць, магчыма, і паспяшалася, бо на той час, відаць, многія шматдзетныя ўдовы франтавікоў, сем'і інвалідаў вайны жылі яшчэ ў зямлянках, а тут якая-ніякая кватэра.

Сярод навін у нумары — адкрыццё калгаснага рынку на ўскраіне Слуцка, куды з навакольных раёнаў прывозяць (даслоўна) «велізарную колькасць мяса, сала, яек, малака, тварагу, бульбы, гародніны і іншых прадуктаў харчавання, а таксама многа рознай жывёлы, птушкі», выпуск першых 10 тысяч тэлефонных ізалятараў (не зніжаючы тэмпаў выпрацоўкі асноўнай прадукцыі — гатунковага посуду) калектывам шклозавода «Нёман», аднаўленне выхаду штомесячнага літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя» ды іншыя.

На апошняй старонцы паведамленне аб прэм'еры ў Купалаўскім тэатры (давалі Лопэ дэ Вега «Сабака на сене»). Побач — афіша кінатэатраў. Іх тады было чатыры: «Першы», «Беларусь», «Радзіма» і «Чапаеў».

У Белдзяржфілармоніі аматарам абяцалі сімфанічны канцэрт з твораў Чайкоўскага.

Прэзідыум Акадэміі навук БССР выказваў глыбокае спачуванне віцэ-прэзідэнту Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу (Якубу Коласу) «з поваду смерці яго жонкі — Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч».

Напрыканцы нумара — пачатак даведачнай табліцы чацвёртай грашова-рэчавай латарэі.

...Вось такім атрымаўся нумар газеты за 22 мая 1945-га. Што ў ім агульнага з сённяшнім? Тое, відаць, што «Аж з 17-га года, шчасце ў хаце ці бяда, ты заўжды была з народам, беларуская «Звязда».

Была. Ёсць. І, дасць Бог, будзе.

Валянціна ДОЎНАР

P.S. Шчыра дзякуем будаўнікам і калегам-журналістам з Гродна, якія адшукалі і перадалі ў рэдакцыю каштоўны нумар газеты.

Загаловак у газеце: «Ты заўжды была з народам, беларуская «Звязда»!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.