Вы тут

Уладзімір Цвірка. Жылічы


Сёння давайце пазнаёмімся з самым вялікім палацам у Беларусі. Не, я не пра Нясвіж, хаця гэтая турыстычная візітоўка нашай краіны ніколі не надакучыць. Такія мясціны трэба ўмець глядзець, разглядаць з розных бакоў, а іх — гэтых «бакоў» — неверагодная колькасць. Дарэчы, мы абавязкова зазірнём у Нясвіж ды Мір і паспрабуем паказаць іх з нечаканага для многіх боку. Абяцаю.


Цяпер жа мая дарога бяжыць на Магілёўшчыну, у вёску Жылічы Кіраўскага раёна. Спачатку такая невялічкая, але вельмі цікавая акалічнасць. Еду глядзець самы вялікі... Прыязджаю, а палаца і блізка не відаць. Як жа так? Ён яшчэ здалёк павінен быў разлегчыся на палову небасхілу, засланіўшы сабой вёсачку. Але ж не! Пытаюся ў мясцовых. Не хаваючы напускнога здзіўлення, махаюць у бок шчыльнага парку і ўжо ў спіну кідаюць: «Як жа можна не ведаць, дзе стаіць наш палац?».

Іду. Не надта шырокая прысада, крыху віляючы, вядзе мяне туды, у глыбіню, пад шаты стагадовых дрэў. І вось праз карункі галін і мазаіку лісця раптам праступае нейкі лёгкі, спачатку бы прывідны абрыс размытай белай лапіны. Мо туман, мо люстэрка стаўка. Падыходжу бліжэй... Не, гэта будынак, палац! Чым бліжэй, тым болей неверагоднае адчуванне бяскрайнасці яго памераў! Паглядзіш у адзін бок — палац, павернешся ў другі — таксама ён. Велічны будынак цягнецца, губляючыся ў цені дрэў, якія абступілі шчыльна. Разумею, што, каб толькі абысці яго, спатрэбіцца добрая гадзіна.

А калі праз браму ступіць ва ўнутраны двор... Ахапіла адчуванне, што знутры ён яшчэ большы. Спраектаваны палац так, што шматлікія яго пабудовы, ахінаючы вялікі двор, не ўціскаюць яго прастору, а, наадварот, павялічваюць яе за кошт таго, што яны не шматпавярховыя, а над іх дахамі — зеляніна парку, шмат неба і паветранай прасторы. Палац не бярэ цябе ў палон, а ветліва і гасцінна расступаецца, вітае бы старога сябра, якога ён чакаў немаведама колькі часу...

 Калі коратка, то маёнтак Дабосна быў вядомы яшчэ з XV стагоддзя. Гаспадарылі тут і Трабскія, і Гаштольды, і Хадкевічы. Больш за два стагоддзі гэтыя мясціны належалі знакамітаму ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Сапегаў, а з сярэдзіны XIX стагоддзя Дабоснай валодаў шляхецкі род Булгакаў. Палац узведзены па праекце К. Падчашынскага, а пачалі будаваць яго ў 1825 годзе. Тады ж быў закладзены парк, выкапаны стаўкі, з’явіліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы. У Жыліцкім палацы была сабрана неверагодная калекцыя карцін, габеленаў, рыцарскіх даспехаў і слуцкіх паясоў. Бібліятэка налічвала больш як сем тысяч тамоў. Да нашых дзён захавалася казачнае ўнутранае ўбранне палаца. Няма сэнсу распавядаць пра гэтае хараство і намагацца апісаць яго словамі. З гэтым архітэктурным шэдэўрам трэба сустрэцца сам-насам. І на няспешнае знаёмства аддаць нават дзень.

Што датычыць гаспадарчых пабудоў і парку з невялічкімі штучнымі стаўкамі, то і тут ваша няспешнасць будзе толькі на карысць. Уявіце сябе ў тым часе і шпацыруйце, як быццам сёння вам нікуды не трэба.

Частка палаца сёння пад новым дахам, заменены вокны, а сцены святочна зіхацяць бялюткай тынкоўкай. Добрая чвэрць пакояў і залаў ужо адмыслова абстаўлена і гасцінна прымае наведвальнікаў. Астатняя частка гэтага прыгажуна яшчэ чакае рэстаўратараў і будаўнікоў. Але яна і ў такім стане выглядае адносна добра. На працягу мноства гадоў тут працавала навучальная ўстанова, падчас Другой сусветнай вайны ў будынку быў шпіталь. У канцы ХХ стагоддзя ў палацы паспяхова дзейнічаў краязнаўчы музей, а з 2011 года тут ладзіць заняткі мастацкая школа.

Планы на перспектыву? Яны даюць надзею, што такі архітэктурны помнік будзе адноўлены цалкам, нават тая частка, якая была знесена ў свой ліхі час. Не абыдуць увагай і парк сядзібы, яго сажалкі, якія на сёння ў даволі запушчаным стане. Ну, вядома ж, адновяцца і нейкія гаспадарчыя пабудовы, якія ў такім велічным палацавапаркавым комплексе будуць не лішнія. Планы добрыя. Шчыра спадзяёмся, што праз некаторы час так усё гэта і будзе. І архітэктурны шэдэўр, некалі ўзведзены спадарамі Булгакамі, зноў зазіхаціць каштоўным каменьчыкам у багатай скарбніцы нацыянальнай спадчыны.

Што датычыцца майго здымка, то ён зроблены ў такім ракурсе невыпадкова, нават наўмысна, каб вы зацікавіліся і захацелі ўбачыць увачавідкі самы вялікі палац у Беларусі, каб праверыць, ці на самай справе ўсё так, як сцвярджае аўтар праекта.

Уладзімір ЦВІРКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.