Вы тут

У Марачоўшчыне адкрылі помнік Тадэвушу Касцюшку


Днямі ва ўрочышчы Марачоўшчына Івацэвіцкага раёна адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця помніка Тадэвушу Касцюшку. Помнік вайсковаму і палітычнаму дзеячу, устаноўлены на яго малой радзіме, — першы ў Беларусі. Манумент вышынёй 2,2 метра адліты з бронзы. Тадэвуш Касцюшка глядзіць удалечыню, у адной руцэ ён трымае шаблю, другой прыціскае да грудзей капялюш.


— Тадэвуш Касцюшка ўвайшоў у гісторыю некалькіх дзяржаў. Яго асоба — прыклад адданасці сваёй радзіме, святой любові да роднага краю, — падкрэсліў старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук. — Усё вялікае пачынаецца з малога. З устаноўкі валуна пачалося адраджэнне гэтага месца. Паступова Марачоўшчына ператварылася ў сапраўдны палацава-паркавы комплекс. Хочацца падзякаваць усім неабыякавым людзям, якія ахвяравалі сродкі на стварэнне гэтага манумента.

Помнік гарманічна ўпісаўся ў пейзаж Марачоўшчыны. Ён размяшчаецца на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Насупраць знаходзіцца Косаўскі палац, які цяпер рэканструюецца, а некалькі яго залаў ужо адкрытыя для наведвання.

— Мясцовыя ўлады заўсёды гатовыя падтрымаць ініцыятывы і праекты, накіраваныя на развіццё малой радзімы, — дадаў старшыня райвыканкама. — І прыкладам тут будзе служыць Марачоўшчына, якая становіцца аб'ектам асаблівай турыстычнай прывабнасці і значнасці.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, пісьменнікі, грамадскія дзеячы і, натуральна, мясцовыя жыхары. Да помніка Касцюшкі былі ўскладзены кветкі, грамадскасць наведала музей у яго радавой сядзібе, пабывала ў Косаўскім палацы.

Варта дадаць, што грошы на ўсталяванне помніка былі сабраныя праз ахвяраванні. 690 чалавек сабралі больш за 22 тысячы рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі. Помнік адліты ва Украіне паводле праекта беларускага скульптара Гэніка Лойкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Сыну беларускай зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.