БАЯНissimo


або Як славуты віртуоз Уладзіслаў Плігаўка імправізаваў са струнным аркестрам «Метамарфоза»

Калісьці без баяна не абыходзілася ні адна народная ўрачыстасць. Пад любімы інструмент «гопалі», «добра рэзалі» польку. Яму ахвотна аддавалі права камандаваць парадкам: «Іграй, іграчу, а я табе заплачу, за твае ігры глазкамі міргну...». Запаветныя найгрышы чакалі як свята. Баян не страціў пазіцый, ён у актыве і сёння, і не толькі на вяселлі, танцавальных вечарынах, гульнях і забавах — баян у канцэртнай зале. Ды яшчэ са струнным аркестрам. Знакаміты музыка Уладзіслаў Плігаўка прадэманстраваў звышздольнасці баяна дзякуючы струннаму аркестру «Метамарфоза», які ўзначальвае малады таленавіты дырыжор Павел Любамудраў. Што атрымаецца, калі спалучацца палітра аркестра і харызма баяна?


Струнны аркестр «Метамарфоза» — маладзёжны калектыў музыкаў-энтузіястаў, створаны энергічным беларускім дырыжорам Паўлам Любамудравым, выпускніком Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Аркестру 3 гады, ён рэгулярна канцэртуе і ўжо паспеў папрацаваць з выбітнымі асобамі сусветнага ўзроўню: Мікаэль Самсонаў (Германія), Юлія Лебядзенка (Аўстрыя), Марыя Фядотава (Марыінскі тэатр) і інш. Такім чынам, з аркестрам саліравалі віяланчэль, фартэпіяна, флейта, а вось баян... Упершыню дэбют баяна з аркестрам запаліла зорка музыкі з сусветным імем Уладзіслава Плігаўкі. Ён лаўрэат 32 прэстыжных міжнародных конкурсаў баяністаў, пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў, у тым ліку «Кубка свету» (г. Глазга, Шатландыя), уладальнік ганаровай узнагароды — медаля Францыска Скарыны, 14-разовы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Ідэя аб’яднацца і зрабіць сумесны канцэрт з вядомым баяністам Уладзіславам Плігаўкам з’явілася даўно, але выспявала даволі доўга, — адзначае Павел Любамудраў. — На шчасце, Уладзіслаў адгукнуўся хутка.

Метамарфоза баяна — эксперымент з нечаканымі пераўвасабленнямі.

— Пачуць баян з камерным або сімфанічным аркестрам выпадае нячаста. Баян асацыюецца больш з народным інструментам. Але гэта перажыткі мінулага: баян даўно перайшоў усе межы і ўжо паўнапраўны інструмент акадэмічнай сцэны. Сёння пішуць многа канцэртаў менавіта для баяна з сімфанічным, камерным аркестрам. І, трэба сказаць, яны вельмі цікавыя, — заўважае Уладзіслаў Плігаўка.

Скрыпічная пяшчота «Святочнага андантэ» Яна Сібеліуса — плаўнае шэсце з арганнымі адценнямі — настроіла на музычна-мастацкае мысленне.

Баян у «Пасвячэнні Астару П’яцолу» спачатку ў кампаніі фартэпіяна, потым уварваліся ўдарныя, і — кантрабас. Інтэнсіўны рух, тупат, бег, гудзенне, дзе рэй вёў рытм. І ў большай ступені яго забяспечыў баян. Уладзіслаў Плігаўка выкарыстаў незвычайны прыём: пастукванні па корпусе — ужо даўно не навізна, але на тым канцэрце яны далі асаблівую афарбоўку. Баян стварыў пульсацыю, якую ўсхвалявана трымаў да канца. Эстафету рытму пераймалі ўдарныя, фартэпіяна дарыла пералівы. А баян усё ўраўнаважваў. Пастукванні зноў і зноў былі вырашальныя: фантанавалі красамоўна, выразна. Яшчэ — умоўныя ўдары па клавішах — і панаванне мастацкага беспарадку. Правілаў няма. Музыка патыхала мадэрнам. Бушаваў гром струнных, фартэпіяна, баяна... Ці не авантура? Інструменты буялі. І ў гэтай неардынарнасці — рэзкі пераход да іншага жанру, пяшчотнага, пявучага. Перамена — як творчы пошук і мадэрністычная знаходка.

Як салавей, баян вёў, пранікліва, шчыра. Кантрабас — яго памочнік, і нічога, што толькі і робіць, што манатонна акрэслівае басы. Акрамя непараўнальнага П’яцолы, яшчэ прыемныя музычныя сюрпрызы. Аркестр «Метамарфоза» папулярызуе беларускіх кампазітараў: у яго рэпертуары — музыка Аляксандра Літвіноўскага, Настассі Бяндэрскай і інш. Тым вечарам адбылася прэм’ера твора «Элегія» айчыннага кампазітара Аляксандра Пажарыцкага.

— Два гады назад «Метамарфоза» іграла мой твор «Зачараванне няспраўджанай мары» ў «Верхнім горадзе», — дзеліцца Аляксандр Пажарыцкі. — Увогуле пішу для баяна і акардэона. Ёсць у мяне вялікі твор — сімфанічны цыкл «З жыцця на Зямлі» з 5 частак, але пакуль чакае выканання. А спалучэнне баяна і струнных, лічу, — не эксперымент, у свеце гэта ўжо норма. Яшчэ вядомы расійскі кампазітар Соф’я Губайдуліна пісала для баяна з аркестрам. Такая п’еса існуе ўжо гадоў 20. Баян сам па сабе інструмент самадастатковы (як і фартэпіяна, акардэон), іншым жа неабходны канцэртмайстар...

Баян сярод скрыпак — як матылёк, што пырхае па струнах. Няўлоўны, імклівы, гарэзіць нястомнымі, шчабятлівымі пасажамі. Плігаўка не скаваны баяннай спецыфікай з традыцыйнымі прыёмамі, а дэманструе вынаходлівасць, што дапамагае перадаць кампазітарскую задуму. Як у творы Н. Паганіні і Ф. Ліста, дзе баян паўстаў мажным, велічным, самастойным, сам як аркестр, здольны ўвасобіць любы штрых. Чорна-белыя клавішы — каляровы настрой. Які непераўзыдзены ўсё ж інструмент! Гэта ведалі і яго вынаходнікі. Першую храматычную гармонь (баян уяўляе сабой удасканаленую разнавіднасць гармонікі і захоўвае тыповыя яе рысы) сканструяваў Н. Белабародаў (1828—1912) у Туле ў 1870 годзе. Масавае распаўсюджанне ў Расіі баян атрымаў з 90-х гг. ХХ ст. Назва «баян» (яе ўвёў ва ўжытак вядомы рускі гарманіст Я. Арланскі-Цітарэнка) паходзіць ад імені старажытнарускага песняра, які згадваецца ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (ХІІ ст.). Ці ведаў дзядзька Баян, колькі ўрачыстасці падорыць пакаленням?

Мнагамерны, звонкі, маляўнічы інструмент дзякуючы майстэрству Плігаўкі дэманструе наватарства. Пальцы ў Плігаўкі па клавішах імчаць, і гэты віртуозны крос здольны скарыць назаўсёды. Маналог баяна то жаласлівы, то жыццесцвярджальны. Аповед разважлівы, удумлівы. На адным дыханні — тры п’есы з дзіцячага альбома Чайкоўскага «Марш», «Салодкія мроі», «Неапалітанская песенька». І шанс па-новаму ацаніць багацце дынамічных, тэмбравых, паліфанічных магчымасцей баяна, якія Плігаўка ўвасобіў з дапамогай цікавай тэхнікі — трэмаліравання мехам (калі гук паўтараецца пры дрыжэнні/рыўках мехам). Музычная выспеласць Уладзіслава дае ход інструментальнай фантазіі, якая не можа абысціся без адмысловых прыёмаў. Чароўнае глісанда, памкнуўшыся за якім (але за бегласцю пальцаў ці ўсочыш?) хочацца адштурхнуцца — і ў палёт, у забыццё... Прачнуцца ж ад кульмінацыйнай кропкі, якую Плігаўка зрабіў пстрычкай пальцамі. Які ж вынаходлівы! Ці прачыталіся б яркасць, маляўнічасць, змястоўнасць кампазіцый без гэтых цудоўных сучасных тэхнічных прыёмаў? Уладзіслаў выкарыстоўвае шырокі арсенал баяннай тэхнікі, што дазваляе многае імітаваць і дасягаць розных мэт. У кампазіцыі з кінафільма «Цацка» (аўтар імправізацыі Павел Дзенісенка) уразілі тэмбравыя адценні баяна. Ці не аркестр яго рабіў такім? Тут ён як кароль. Адзінства, узгодненасць і адточанасць дэталяў працавалі на аўтарскую задуму, вобразнасць.

Баян з аркестрам — штосьці невымоўна феерычнае. Быццам ляціш на суперплаўным празрыстым шкляным ліфце, застрахаваны ад усяго (толькі не ад асалоды), да абсягаў баянна-скрыпічнага трыумфавання. Былі моманты, калі сімфанічная роўнядзь заспакойвалася, і хвалі скрыпак лагаднелі, аддаючы першынства баяну.

— Баян такі багаты, што здольны перадаць усё: і скрыпічныя рыкашэты, і фагот, і віяланчэль... За кошт рэгістра магчыма ўвасобіць любы інструмент сімфанічнага аркестра. І за кошт мехавых прыёмаў... Мех у баяне — дыханне. Дзякуючы яму можна зрабіць што заўгодна, — упэўнены Уладзіслаў Плігаўка.

Цікавую інструментальную трактоўку атрымалі варыяцыі на дзве беларускія народныя тэмы «Рэчанька» і «Полька-янка» расійскага кампазітара Вячаслава Сямёнава, якія баян прадставіў сола. Зноў прыёмы з мехам як разынка Плігаўкі, непаўторная манера ігры. Дрыжэнне мехам стварала фактуру, і мастацкі вобраз вымалёўваўся непаўторнымі інтанацыямі.

У знакамітай «Авэ Марыі» П’яцолы сола баяна гучала адухоўлена. Меладычная структура запрашала адчуць кожны момант, гукі якога танцавалі ў баянна-струннай цэльнасці. Невымоўна шырокая кампазіцыя. Дырыжор Павел Любамудраў — як лагодны пасат, што раздзімае ветразі музыкі: «Авэ Марыя» — веліч інструментаў у адзінстве, што праспявала ва ўнісон: «Так».

Вакол П’яцолы воляй-няволяй пабудавана ўся праграма. У кампазіцыі Рышара Гальяна — сябра П’яцолы — «Танга для Клод» баян вёў энергічна, з ірваным рытмам і быў як фанфары. Акампаніруючы фон — аркестр — дапаўняў і паглыбляў мастацкі сэнс. І галоўная меладычная лінія ярчэла. Гарачае танга — сугучча струнных і баяна — зіхацела ў гульні эмоцый. Майстэрства Плігаўкі аздобілася свежымі фарбамі гучання дзякуючы такому аб’яднанню з аркестрам

. Супрацоўніцтва Любамудрава і Плігаўкі — значная падзея ў музычным жыцці. І новая старонка ў арыгінальным баянным рэпертуары. Мастацка-выяўленчыя магчымасці баяна паўсталі ў нечакана новым святле. Здаецца, у скрыпак і баяна розныя тэмпераменты, але тым вечарам яны дзіўным чынам дапоўнілі адзін аднаго. Быў важны і адчувальны кожны нюанс як незаменны складнік фантастычнага музычнага палатна. Баян + струнныя = bellissimo. «БАЯНissimo!» — удакладняе, усклікаючы, Уладзіслаў Плігаўка. Ці ж можна не пагадзіцца?

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.