Вы тут

Якія цікавінкі рыхтуе рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур?


Якія цікавінкі рыхтуе чарговы, 12-ы па ліку, рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які адбудзецца ў Гродне 1-2 чэрвеня? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» запытаў кіраўніка гарадской вертыкалі ўлады Мечыслава Гоя.


— Мечыслаў Браніслававіч, чым плануеце здзіўляць шматлікіх гасцей фестывалю і гараджан?

— Па-першае, здзівім колькасцю наведвальнікаў. Я мяркую, што паглядзець і паўдзельнічаць у свяце зможа рэкордная колькасць чалавек (беручы лічбы папярэдняга фэсту і магчымасць прыехаць у Гродна ў межах бязвізавага рэжыму, а таксама тую дзейнасць па папулярызацыі фестывалю, што загадзя была праведзена), цікавасць у гасцей павінна быць вялікай. Што для гэтага робім? Менавіта да фестывалю прымеркавалі адкрыццё тэматычнага музея, які будзе называцца «Культурны цэнтр «Фестывальны». Кожны год мы будзем насычаць яго экспазіцыю новымі прадметамі. За час свайго існавання (а фестываль з'явіўся 24 гады таму) назапашана вялікая колькасць цікавых рэчаў, звязаных з фэстам, падарункаў, частку экспанатаў перададуць нацыянальныя дыяспары.

На першым паверсе, мяркую, гасцям і гараджанам будзе не менш цікава: тут пачне працаваць музей архітэктуры Гродна. Усю гістарычную забудову горада — а гэта 302 гектары — перададуць мініяцюры, выкананыя ў маштабе 1:200. Наведвальнікі пазнаёмяцца з аўтэнтычнымі будынкамі XVІІІ—XІX стагоддзяў. Дарэчы, тут можна будзе ўбачыць шмат пабудоў, якія не захаваліся да нашых дзён, таму ў першую чаргу экспазіцыя прынясе карысць у якасці нагляднага матэрыялу для адукацыйных мэт.

Акрамя таго, на пастаяннай аснове непадалёк ад тэатра лялек з'явіцца механічная дыярама: лялькі, якія круцяцца ды танцуюць па крузе. У першы дзень фестывалю кульмінацыяй свята, лічу, стане адкрыццё помніка Давыду Гарадзенскаму. Аб гэтым шмат пісалі гісторыкі і даўно марылі гродзенцы. Дзякуючы нестандартным ідэям, спонсарам, неабыякавым людзям такі помнік у нашым горадзе нарэшце з'явіцца.

Яшчэ да фестывалю нацыянальных культур пачне працаваць назіральная пляцоўка. Дарэчы, яна ўжо падрыхтаваная для выкарыстання, у дарозе толькі аптычная прылада, якая дазволіць глядзець з супрацьлеглага берага Нёмана на гістарычную частку горада.

Між іншым, у горадзе з'явіцца і шмат невялікіх аб'ектаў, у тым ліку «воднае таксі», якое пачне курсіраваць па Нёмане. Пяць першых малалітражных карабельчыкаў змогуць перавозіць турыстаў і гараджан. Першыя два прычалы з'явяцца ў горадзе, далей на базе адпачынку «Прывал» і ажно да самай мяжы з Літвой можна будзе пракаціцца па рачных хвалях.

— Упершыню Гродна запрашае бязвізавых турыстаў. Ці робіце на гэтым акцэнт?

— Гэта свята нацыянальных культур, і турысты да нас прыязджаюць на працягу года. Мы бачым статыстыку — у асноўным гэта прадстаўнікі 20 краін свету. Калі паглядзець на ўдзельнікаў фэсту, то гэтыя дыяспары і нацыянальнасці таксама ёсць у нашай краіне. Я лічу, што яны запросяць сваіх землякоў. Улічваючы, што пасля мінулага фестывалю пайшла дастаткова шырокая рэкламная дзейнасць, будзе шмат гасцей, да таго ж прыедуць дэлегацыі з нашых гарадоў-пабрацімаў...

— Інфраструктура дазволіць прыняць такую колькасць гасцей?

— Так, мы зможам гэта зрабіць: сёлета задзейнічаны ўсе дзіцячыя аздараўленчыя летнікі, інтэрнаты, санаторыі. І бачым добрую тэндэнцыю: у апошнія два гады адкрываецца шмат хостэлаў, невялікіх гатэляў. Таксама задзейнічаны кватэры, якія здаюцца пасутачна. У горадзе ёсць дастаткова нядрэнныя апартаменты, там будзе вельмі камфортна турыстам і гасцям.

Што датычыцца магчымасці падсілкавацца, практыка мінулага фестывалю паказала, што рэстаран пад акрытым небам, дзе было створана 1500 месцаў, карыстаўся вялікім попытам. Цяпер гэты вопыт мы паўторым: на цэнтральнай плошчы горада — Леніна — арганізуем ужо каля дзвюх тысяч месцаў, каб можна было камфортна паглядзець канцэрт (на сцэнічнай пляцоўцы на працягу другога дня нон-стоп будзе ісці праграма), а таксама пачаставацца стравамі беларускай нацыянальнай кухні. І проста добра адпачыць.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Аляксандра ЛАСМІНСКАГА

Загаловак у газеце: Гродна ў мініяцюры, «воднае таксі» па Нёмане і рэстаран пад адкрытым небам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.