18 Жнівень, субота

Вы тут

Што прыводзіць да траўмаў на вытворчасці?


Летась на вытворчасці адбылося амаль 1400 няшчасных выпадкаў. Многа гэта ці мала? Чаму людзі атрымліваюць траўмы на рабоце — з-за памылак наймальніка ці ўласнай халатнасці? На якіх прадпрыемствах большая рызыка атрымаць прафзахворванне? І што робіцца, каб няшчасных выпадкаў станавілася менш? Разбіраемся з экспертамі.


Упаў з вышыні... і не ачуўся

Самыя траўманебяспечныя галіны вытворчасці — гэта прамысловасць (на яе прыпадае амаль 28 % траўмаваных з цяжкімі наступствамі), сельская гаспадарка (21 %) і будаўніцтва (20 %).

Што становіцца прычынай няшчасных выпадкаў? Часцей за ўсё парушэнне пацярпелым працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў нарматыўных прававых актаў — пятая частка здарэнняў на працы адбываецца менавіта праз гэта. У 16,1 % выпадкаў справа ў невыкананні кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, у 7,4 % — у асабістай неасцярожнасці пацярпелага. Прычынай траўмаў становяцца таксама допуск да работы без навучання і праверкі ведаў (5,5 %) і нездавальняючае ўтрыманне і недахопы ў арганізацыі працоўных месцаў (4,5 %).

— Аналіз завершаных спецыяльных расследаванняў указвае на змяншэнне гібелі і траўмавання работнікаў з прычыны адсутнасці бяспечных умоў працы. Калі ў 2016 годзе пры наяўнасці выключнай віны наймальніка адбылося 30,5 % няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі, то ў 2017-м гэты паказчык знізіўся да 25,1 %. Наяўнасць змешанай віны наймальніка і пацярпелага летась прысутнічала ў 23,3 % выпадкаў. А значная колькасць траўмаў адбылася па віне самога пацярпелага, у тым ліку з прычыны яго асабістай неасцярожнасці — амаль 40 %, — адзначае дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Віктар СІДАРОВІЧ.

Магчыма, справа ў ператамленні работнікаў? Віктар Сідаровіч тлумачыць, што непасрэдна няшчасных выпадкаў, да якіх прывяла б такая прычына, не ўстаноўлена. Але празмерныя фізічныя ці нервовыя нагрузкі могуць выклікаць змены ў стане супрацоўніка. Чалавек можа дапусціць парушэнні патрабаванняў тэхналагічнай інструкцыі, памылкі ў рабоце, у яго зніжаецца адчуванне небяспекі, што ў выніку вядзе да траўмаў.

Летась на вытворчасці загінула 115 чалавек. Больш за ўсё няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам было сярод кіроўцаў аўтамабіляў (21), трактарыстаў (10), электраманцёраў (6), жывёлаводаў (6) і падсобных рабочых (3).

Асноўныя траўміруючыя фактары — уздзеянне рухомых прадметаў і дэталяў, дарожна-транспартныя здарэнні, падзенне з вышыні, абвальванне канструкцый будынкаў ці матэрыялаў. Сярэдні ўзрост загінулых склаў каля 46 гадоў. Найбольшую ўдзельную вагу сярод смяротна траўмаваных работнікаў займаюць людзі ва ўзросце 51—60 гадоў — амаль 35 працэнтаў.

Па-ранейшаму актуальная праблема з'яўлення на працы нападпітку і ўжывання спіртных напояў у працоўны час. Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, летась у стане алкагольнага ап'янення на момант гібелі знаходзіліся 22 чалавекі — амаль кожны пяты (у 2016-м гэта быў кожны сёмы).

Здароўе адбіраюць машыны

За мінулы год у краіне паменела працоўных месцаў са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі — з 656 тысяч да 608 тысяч. У асноўным гэта месцы ў арганізацыях, падначаленых Міністэрству прамысловасці (амаль 19 %), Мінэнерга (13 %), канцэрну «Белнафтахім» (11 %), Мінбудархітэктуры (10 %), Мінтрансу (10 %) і Мінлясгасу (6 %).

Колькасць работнікаў, якія маюць права на пенсію па ўзросце з асаблівымі ўмовамі працы па Спісе № 1 і Спісе № 2, за год знізілася на 5,4 тысячы чалавек. Але на прадпрыемствах канцэрнаў «Белнафтахім» і «Беллеспаперапрам», а таксама міністэрстваў лясной гаспадаркі і будаўніцтва і архітэктуры каля паловы персаналу заняты ў неспрыяльных умовах працы.Летась зарэгістравана 84 выпадкі прафесійных захворванняў, праяўленых упершыню. Сярод тых, хто захварэў, 66 мужчын і 18 жанчын. Найбольшая колькасць выпадкаў прыпадае на сталіцу і Мінскую вобласць.

Амаль 61 працэнт прафзахворванняў выяўлены ў арганізацыях па вытворчасці машын і абсталявання. Напрыклад, на такіх прадпрыемствах, як Мінскі трактарны завод, «Беларуськалій», МАЗ, «Гомсельмаш», гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», «Белшына», БелАЗ.

Прычынамі ўзнікнення прафзахворванняў часцей становяцца канструкцыйныя недахопы машын, абсталявання і інструменту (амаль 65 працэнтаў) і парушэнне патрабаванняў бяспекі (31 працэнт). Праз гэта летась дзевяць чалавек атрымалі ІІІ групу інваліднасці (у 2016-м статыстыка была горшай — інвалідамі прызналі 15 чалавек).

Што з прафілактыкай?

— Калі аналізаваць вынікі праверак, праведзеных у мінулым годзе, можна сказаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў былі выяўлены парушэнні заканадаўства аб ахове працы. Часцей яны датычыліся навучання і інструктавання работнікаў, забеспячэння іх сродкамі індывідуальнай абароны, эксплуатацыі няспраўных машын і станкоў, — каментуе Віктар Сідаровіч.

Праверкі на прадпрыемствах і арганізацыях цяпер праводзіць і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У плане — абысці  15,2 тысячы аб'ектаў. На сёння праверана ўжо 11 тысяч: гэта гандлёвыя цэнтры, лячэбныя і аздараўленчыя ўстановы, кінатэатры.

— На 80 працэнтах аб'ектаў знойдзены парушэнні, — канстатуе афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь НАВІЦКІ. — Напрыклад, закрытыя шляхі эвакуацыі, самавольная перапланіроўка, адсутнасць кантролю за захаваннем бяспекі. Але большасць парушэнняў носіць рэжымны характар, гэта значыць для іх ліквідацыі не патрэбна грашовых затрат.

Каб знізіць вытворчы траўматызм, упор робяць на прафілактыку. Аналізуюцца выяўленыя падчас нагляду парушэнні, распрацоўваюцца меры па іх ліквідацыі, праводзіцца маніторынг і накіроўваюцца рэкамендацыі па ліквідацыі і недапушчэнні недахопаў. Каб растлумачыць парадак выканання патрабаванняў заканадаўства, праводзяцца прыёмы грамадзян, прамыя і гарачыя тэлефонныя лініі, семінары, круглыя сталы, сустрэчы з выпускнікамі ўстаноў адукацыі.

— Пытанню вытворчага траўматызму ўдзяляецца належная ўвага, бо гэты паказчык вызначае як дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, так і якасць працоўных рэсурсаў, прадукцыйнасць працы, — кажа Віктар Сідаровіч.

І пазітыўныя зрухі ёсць. Так, летась колькасць пацярпелых на вытворчасці на тысячу працоўных склала 0,41 (для параўнання: у 1991-м — 4,7). Увогуле, за апошнія 26 гадоў траўмаў на рабоце паменела ў 15,5 раза. А няшчасныя выпадкі са смяротным зыходам сталі адбывацца радзей у 3,5 раза.

Не жартуйце з токам і каровамі

Сельская гаспадарка — у тройцы самых небяспечных галін. Пра сітуацыю з аховай працы ў гэтай сферы расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Павел МАНЬКО.

Самы распаўсюджаны з няшчасных выпадкаў у сельскай гаспадарцы — наезд тэхнікай. Прычына ў тым, што ў полі пры руху назад кіроўца забывае падаць гукавы сігнал. Калі ж
здарэнне адбываецца на жывёлагадоўчым комплексе, то справа ў асноўным у неасцярожнасці самога пацярпелага.

Нярэдка работнікі траўмуюцца часткамі агрэгатаў. Пры ўключаным рухавіку пачынаюць рамантаваць ці наладжваць абсталяванне, што прыводзіць да сумных вынікаў, аж да ампутацыі канечнасцяў. У «топе» няшчасных выпадкаў таксама паражэнне электрычным токам з-за таго, што не закрыта электрамантажная шафа ці свабодны доступ да сетак.

Мае месца і траўмаванне жывёламі. Гэта здараецца, калі работнік парушае правілы іх утрымання і вырошчвання. Напрыклад, піхнуў карову — а яна брыкнула ў адказ. Ці не прытрымліваўся нормаў пры пагрузцы жывёл.

— Раз на квартал і перад масавымі палявымі работамі мы праводзім навучанне ў рэгіёнах, папярэджваем работнікаў, каб не дапускалі няшчасных выпадкаў. Апошнім часам паказваем жахлівыя фотаздымкі з траўмамі — магчыма, убачыўшы наступствы неасцярожнасці, людзі задумаюцца. Заўсёды даводзім, што нашы інструкцыі, можна сказаць, «напісаны крывёй». Самая эфектыўная мера — навучыць чалавека самога клапаціцца аб сваёй бяспецы, — лічыць Павел Манько.

Для работнікаў, якія атрымалі траўму на вытворчасці, прадугледжаны грашовыя кампенсацыі. Пры няшчасных выпадках з цяжкімі наступствамі за кожны працэнт страчанай працаздольнасці налічваецца адзін сярэднямесячны заробак. Калі ж работнік загінуў на працоўным месцы, яго сям'і выплачваецца дзесяць сярэднегадавых заробкаў.

— Пры смяротных выпадках ступень віны загінулага не вызначаецца. Чалавек ужо сам сябе дастаткова пакараў...

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Здымкі носяць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Не ўпэўнены — не рызыкуй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.